Праграмісты і гарэлка — вось што прываблівае брытанцаў у Беларусі

Источник материала:  

Летась таваразварот паміж дзвюма краінамі перасягнуў мільярд долараў. Вялікабрытанія, паводле слоў кіраўніка дыпмісіі Розмары ТОМАС, застаецца адным з асноўных імпарцёраў беларускіх тавараў. Аднак львіная доля прыходзіцца на энерганосьбіты, а "будучыня гэтага сектару зараз выглядае цьмяна", — адзначае дыпламат. Таму абедзвюм краінам варта "разам падумаць, як зрабіць больш разнастайнай аснову нашага ўзаемнага гандлю".

Пачынаем разважаць. Якія айчынныя прадукты сталі б папулярнымі ў Злучаным Каралеўстве? "Напэўна, гарэлка — адзін з іх", — мяркуе пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі. І ўжо, кажа, ідуць сур'ёзныя перамовы, каб беларускі моцны напой прадаваўся праз сетку аднаго з самых буйных дыстрыб'ютараў у Вялікабрытаніі. Сярод сфер брытанскага інтарэсу ў Беларусі таксама касметыка, лекі, тэкстыль. І няхай кожная з іх сама па сабе — нязначная доля імпарту, аднак, як слушна заўважыла дыпламат, "мноства малых частак могуць скласці сур'ёзную частку таваразвароту". Эканоміка Беларусі пакрысе пачынае дэманстраваць рост — тое ж, прыкмячае пасол, адбываецца і на яе радзіме. Тым не менш "і беларускі ўрад, і ўрад Вялікабрытаніі не спадзяюцца, што ўсё будзе гэтак жа лёгка, як і ў дакрызісныя гады"...

Ёсць і такія галіны беларускай вытворчасці, у якія астраўныя бізнэсмены гатовы ўкладваць уласныя грошы. Так, інвестары Злучанага Каралеўства праяўляюць інтарэс да тутэйшай сферы высокіх тэхналогій. Апошнім часам брытанскія фірмы ўсё часцей давяраюць ІT-аўтсорсінгу (гэта калі кампанія дэлегуе вырашэнне ўсіх пытанняў, звязаных з інфармацыйнымі сістэмамі, іншай — спецыялізаванай) беларускім спецыялістам. "Яны задаволеныя якасцю праграмістаў", — адзначае пасол. І ў тую ж хвілю перасцерагае ад занадта аптымістычных чаканняў: "калі мы гаворым пра маштабныя інвестыцыі, з боку ўрада павінны быць створаныя ўмовы, якія прываблівалі б". Пакуль жа лічбы некрыклівыя: у 2008 годзе, напрыклад, Беларусь адчула прыток каля 0,5 млрд брытанскіх інвестыцый (у тым ліку 50 млн долараў — прамых).

У палітычным плане астраўляне бачаць сваю місію ў тым, каб "падтрымліваць больш цесныя ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і ЕС". Не забываюцца яны пры гэтым і "паважаць стратэгічна важныя стасункі Беларусі з Расіяй і іншымі краінамі СНД". Дыпламат згадвае ўнікальнае геапалітычнае становішча Беларусі — як аднаго з галоўных перакрыжаванняў дарог Еўропы — і дастатковы патэнцыял для таго, каб "зрабіць унёсак у доўгатэрміновую стабільнасць у рэгіёне".

— Мы вітаем удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве і намер беларускіх уладаў правесці грамадскія слуханні па пытанні мараторыю на смяротную кару, — акцэнтуе пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі.

Аднак далей за дасягненні, як заўжды, крочаць чаканні:

— Мы спадзяёмся на вялікі прагрэс у галіне лібералізацыі ў Беларусі.

Ала МАЧАЛАВА.

←Не можешь — не берись

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика