Дысцыпліна на ЦТ павышаецца...

Источник материала:  

Першае сур'ёзнае выпрабаванне ў абітурыентаў ужо засталося ў мінулым — абавязковы для ўсіх прэтэндэнтаў на студэнцкі білет экзамен па дзяржаўнай мове здадзены. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай і рускай мовах стануць вядомыя прыкладна праз 10-12 дзён пасля экзамену.

Дысцыпліна на ЦТ павышаецца...У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў з задавальненнем адзначаюць, што колькасць абітурыентаў, якія рэгіструюцца, але прапускаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, з кожным годам змяншаецца. Так, напрыклад, сёлета на тэсціраванне па беларускай мове не прыйшлі толькі 2 працэнты ад агульнай колькасці прайшоўшых рэгістрацыю, а ў ранейшыя гады колькасць "прагульшчыкаў" даходзіла да 7-10 працэнтаў. Праўда, і 2 працэнты — гэта 1 тысяча 321 чалавек. Наўрад ці ў многіх з іх будуць сапраўды ўважлівыя прычыны, каб быць дапушчанымі да здачы тэсціравання ў рэзервовы дзень. Значыць, колькасць прэтэндэнтаў на паступленне аўтаматычна змяншаецца. Змяншаецца сярод абітурыентаў таксама і колькасць парушальнікаў правілаў правядзення ЦТ. На тэсціраванні па беларускай мове толькі двое абітурыентаў праігнаравалі забарону на пранос у экзаменацыйную аўдыторыю мабільнага тэлефона. Праўда, ім за гэта дорага давядзецца заплаціць — яны вымушаны былі развітацца з марай аб паступленні сёлета. Пераздаць тэсціраванне ў рэзервовы дзень ім ніхто не дазволіць.

Вельмі крыўдны выпадак здарыўся з хлопцам, вынікі работы якога былі ануляваныя пасля шматразовых патрабаванняў здаць экзаменацыйную работу. Згодна з Палажэннем аб правядзенні ЦТ, адказныя арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, павінны інфармаваць за 15 і 5 хвілін аб заканчэнні часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста, што яны і зрабілі. Але і пасля заканчэння 120 хвілін, якія даюцца на выкананне тэста па беларускай і рускай мовах, хлопец спрабаваў дапісаць сваю работу, не звяртаючы ўвагі на патрабаванні арганізатараў. Гэта з'яўляецца грубым парушэннем правілаў удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Таму ануляванне вынікаў тэставай работы абітурыента — хоць і суровае , але цалкам заканамернае і справядлівае пакаранне.

Як паведаміў журналісту "Звязды" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў, для сканіравання бланкаў адказаў у інстытуце выкарыстоўваюцца шэсць высакахуткасных сканераў, якія дазваляюць за суткі апрацаваць 50 тысяч бланкаў. Гэтай хуткасці дастаткова, каб забяспечыць наступны этап работы — верыфікацыю, якая вымагае значна больш часу.

— У нас часта пытаюцца, чаму вынікаў тэсціравання па самых масавых дысцыплінах даводзіцца чакаць так доўга. Па той прычыне, што працэс праверкі работ стрымлівае верыфікацыя, — патлумачыў Мікалай Фяськоў. — Сутнасць у тым, што сучаснае праграмнае забеспячэнне не гарантуе стапрацэнтнай якасці пераводу рукапіснага тэксту ў электронны фармат. Таму на верыфікатараў ускладзена задача — прасачыць за правільнасцю распазнавання сімвалаў на бланках. Хачу падкрэсліць, што гэта робіцца выключна ў інтарэсах абітурыентаў. Скажам, камп'ютар можа прыняць лічбу "3" за лічбу "8", калі яна напісана неакуратна. А чалавек гэта бачыць і папярэджвае памылку, якая можа абітурыенту вельмі дорага каштаваць. Ці, напрыклад, камп'ютар можа няправільна прачытаць прозвішча абітурыента, таму і сертыфікат будзе выпісаны затым з памылкай у прозвішчы ці ў пашпартных звестках. Верыфікацыя праводзіцца два-тры разы рознымі людзьмі, і фактычна адзін кантралюе другога. У спрэчнай сітуацыі папяровы бланк заўсёды можна зверыць з электроннай выявай. Дарэчы, папяровыя бланкі адказаў мы захоўваем да 31 снежня года правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

На верыфікацыі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў задзейнічаны 270 чалавек. За камп'ютарамі сядзяць пераважна дзяўчаты-студэнткі. У інстытуце пераканаліся, што дзяўчаты больш падыходзяць для манатоннай работы. Да прэтэндэнтаў на дадатковыя заробкі прад'яўляліся два асноўныя патрабаванні. Яны не могуць удзельнічаць сёлета ў цэнтралізаваным тэсціраванні і не павінны курыць. Работа па верыфікацыі патрабуе максімальнай канцэнтрацыі ўвагі, таму рабочая змена доўжыцца толькі чатыры гадзіны. З 9 гадзін раніцы да 21 гадзіны за камп'ютарнай тэхнікай змяняюцца тры змены.

Мікалай Фяськоў паабяцаў, што Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў забяспечыць аператыўнае інфармаванне аб выніках тэсціравання. Інфармацыю можна будзе знайсці на сайце інстытута (www.rіkz.unіbel. by), на сайтах навучальных устаноў, дзе праходзіла тэсціраванне, на дошках для аб'яў ва ўстановах адукацыі, а таксама з дапамогай мабільнай сувязі. Для гэтага трэба будзе адправіць SMS-запыт на кароткі нумар 5050. Інтэрактыўны сэрвіс SMS-падпіскі даступны цяпер абанентам усіх аператараў сувязі GSM. Кошт адпраўкі SMS-запыту на нумар 5050 складае 3500 рублёў без уліку падатку (за гэтыя сродкі абітурыент атрымае вынікі па ўсіх трох прадметах). Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў плануе аператыўна, па меры апрацоўкі бланкаў адказаў, накіроўваць гэту інфармацыю мабільным аператарам.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Як скласці SMS-запыт

Адправіць запыт можна як напярэдадні, так і пасля праходжання тэсціравання.

Фармат SMS-запыту (уводзіцца праз прабел) уключае нумар этапа тэсціравання, серыю дакумента, нумар дакумента.

1 — першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання

2 — другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання

3 — трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання

4 — цэнтралізаванае тэсціраванне (у тым ліку ў рэзервовы дзень)

Серыя дакумента

Серыю дакумента, якую абітурыент пазначаў таксама ў бланку адказаў, трэба ўводзіць без прабелаў вялікімі лацінскімі літарамі. Для беларускіх пашпартоў, напрыклад, МР, ВМ, АВ і г.д. Для пашпартоў грамадзян РФ — гэта першыя чатыры лічбы, надрукаваныя наверсе кожнай старонкі пашпарта. Для пашпартоў іншых дзяржаў усе нялічбавыя сімвалы трэба ўводзіць так, як паказана ў дакуменце.

Нумар дакумента

Нумар дакумента, які быў пазначаны абітурыентам у бланку адказаў, трэба ўводзіць без прабелаў. Нулі, якія стаяць першымі, трэба ўводзіць абавязкова! Для беларускіх пашпартоў гэта сямізначны нумар. Для пашпартоў грамадзян РФ — гэта апошнія шэсць лічбаў, надрукаваныя ўверсе кожнай старонкі пашпарта.

У тым выпадку, калі вы дапусціце памылку пры фарміраванні SMS-запыту або пры запаўненні рэгістрацыйнай часткі бланка адказаў на ЦТ, вынікі тэсціравання ў выглядзе SMS-паведамлення вы атрымаць не зможаце. Аднак кошт адпраўленага SMS-запыту будзе спісаны з вашага рахунка.

Прыклад SMS-запыту на атрыманне вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання на пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь серыі МР і № 0123456: 4 МР 0123456

Прыклад SMS-запыту на атрыманне вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання на пашпарт грамадзяніна РФ серыі 5101 і № 112233:

4 5101 112233.

Прыклад зваротнага SMS-паведамлення на пашпарт грамадзяніна РБ серыі МР і № 0123456

МР 0123456

СТ, Этап 4

Руская мова

Балл 85

Аналагічным спосабам азнаёміцца з вынікамі тэсціравання па сваім тэлефоне можа любы абанент, які падтрымлівае абітурыента. Для гэтага неабходна адправіць такі ж запыт з пашпартнымі звесткамі чалавека, які будзе ўдзельнічаць у тэсціраванні.

←Не можешь — не берись

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика