Духмяны водар лета
10.06.2010
—
Новости Общества

Вясна з хвалюючымі пахамі чаромхі, бэзу, ландышаў праляцела.
Але цяпер тысячы гараджан усё часцей акунаюцца ў вясковае, лясное, прырэчнае лета. Настае пара духмяная, сенакосная: кветкі, травы цвітуць і пахнуць. Самы час зверыць, ці захоўвае памяць пахі маленства. І ці здольныя мы радавацца, як дзеці, пазнаючы іх, адкрываючы новыя водары прыроды.
Зрэшты, тонка адчуваць пахі ды знаходзіць у іх адметны сэнс дадзена не ўсім, а ствараць водары — і ўвогуле рэдкі дар. Адзін з тых, у каго гэта выдатна атрымліваецца — мінскі парфумер, кандыдат хімічных навук, сапраўдны член Нью-Йоркскай акадэміі навук Алег Выглазаў. Ён, дарэчы, мае такі тонкі нюх, што можа адрозніць да пяці тысяч адценняў паху. Ды ўсё ж і гэты чалавек у свеце пахаў — вечны вандроўнік, гадамі шукае “водар для душы”.
— Алег Генадзьевіч, як вы сталі парфумерам?
— І ў гэтай прафесіі, як і ў іншых, каб нечага дасягнуць,
трэба шмат працаваць. Так склалася, што якраз спецыялістаў не хапала, і мне прыйшлося падвышаць кваліфікацыю, да дыплома хіміка дадаваць другую, трэцюю адукацыі. Закончыў навукова-даследчы інстытут пахучых рэчываў у Маскве. Дарэчы, у Савецкім Саюзе было каля 22 парфумерна-касметычных прадпрыемстваў, і раз на тры-чатыры гады яны падпітваліся кадрамі. Цяпер жа на прасторы былога Саюза няма такой вышэйшай навучальнай установы, дзе б рыхтавалі парфумераў-прафесіяналаў. Між іншым, такі дыплом не атрымаеш і на Захадзе, у асноўным “у парфумеры” ідуць з хімікаў.
— З чаго пачынаецца стварэнне водару?
— На мой погляд, практычна любая творчая дзейнасць
залежыць ад задачы, якая пастаўлена. Яе можа вызначыць
і заказчык, і сам парфумер, ствараючы новы водар. Як правіла, 95 працэнтаў часу мы выконваем патрабаванні кліента, і толькі пяць застаецца на творчасць.
— Існуе пэўная мода на пахі. Ад чаго, на ваш погляд, яна залежыць?
— Гісторыя мінулага стагоддзя падказвае: модна тое, што прапаноўваюць Дамы моды. Усе 20-я гады, напрыклад, звязаны з імем Како Шанэль. І яшчэ: пах залежыць ад агульнага вобраза. Ствараецца пэўная калекцыя адзення, падбіраюцца колеры, матэрыялы — парфумерам паступае заказ на стварэнне адпаведнага водару. У пахах адлюстроўваюцца паняцці: мы можам адчуць, напрыклад, чорны колер глыбокім бархатным ці атласным. Наогул, цяжка гаварыць, якія тэндэнцыі модныя ў парфумерыі. Многае залежыць
ад месца жыхарства: тое, што модна ў ЗША, не ўспрымаецца ў Еўропе і зусім не запатрабавана ў Паўднёвай Амерыцы ці ў Азіі.
— Некалькі гадоў таму ў парфуме не з’яўлялася прынцыпова новых водараў. Чаму?
— Любы кірунак водараў звязаны з хімічнымі адкрыццямі. Знайшлі хімікі новыя арыгінальныя духмяныя элементы — пачынаецца дамінаванне гэтых пахаў у касметыцы, бытавой хіміі. Адкрылі, напрыклад, альдэгіды — узніклі духі “Шанэль № 5”. Адкрылі спірт лісцяў — пайшлі “зялёныя” водары... А цяпер хімікі не могуць знайці новыя элементы-водары, і назіраецца вяртанне да класічных пахаў 30-40 гадоў: яны нібы атрымліваюць другое дыханне.

— Як знайсці свой пах?
— Зыходзьце з таго, што пах — як другое адзенне, у ім заўсёды павінна быць утульна. Ваш пах той, які падабаецца асабіста вам. У мяне часта пытаюць: чаму жанчынам падабаюцца мужчынскія пахі, і наадварот. Гэта нармальна. Генетычна мы так створаны, што нас прыцягваюць
пахі другога полу. Мужчыны асацыююць жанчын з лёгкімі кветкавымі водарамі, жанчынам падабаюцца ядраныя драўняныя... Так развіваюцца пахі унісэкс, якія заўсёды да месца.
— Парфумерная індустрыя асабліва развіта ў Францыі. А ў Беларусі?
— У савецкі час тут не было ніводнай касметычнай фабрыкі, цяпер — больш за сорак, і штогод яшчэ са дзве новыя фірмы дадаюцца. І наша касметыка, напрыклад, мае добры попыт у краінах СНД, якасць яе высокая, што пацвярджаюць шматлікія экспертызы.
— Мужчыны часам дораць жанчынам духі. Чым параіце ім пры выбары кіравацца?
— Вядома ж, уласным густам! І паколькі мужчына амаль заўсёды пры выбары ім і кіруецца, то раю жанчыне ўважліва аднесціся да такога падарунка. Гэта ж вам падказка: менавіта з такім водарам ён звязвае ваш вобраз...
Кацярына Мядзведзкая