Новыя хаткі для рэдкіх птушак
Прывабліванне птушак шляхам вырабу штучных гняздоўяў шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце. Гэтыя мерапрыемствы нават атрымалі ўласную гучную назву — біятэхнія. Развіваецца біятэхнія і ў нашай краіне.
Як паведаміў рэдакцыі спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Сяргей Зуёнак, на верхавых балотах Віцебшчыны ўжо на працягу некалькіх гадоў будуюцца і паспяхова выкарыстоўваюцца гняздоўі для дзённых драпежнікаў. Для павелічэння колькасці качкі-крыжанкі і іншых вадаплаўных птушак вялася ўстаноўка штучных гняздоўяў у многіх паляўнічых гаспадарках нашай краіны. Да гэтага часу біятэхнія развівалася для прыцягнення рэдкіх драпежных птушак толькі на поўначы Беларусі. Менавіта таму сёння "новае жыллё" для "лепшых" птушак вырашана было зрабіць на буйнейшых ахоўных прыродных тэрыторыях Палесся.
Штучныя апартаменты для птушак будавалі спецыялісты ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" пры фінансавай падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Беларусі. Гняздоўі для вадаплаўных і рэдкіх птушак былі зроблены на тэрыторыях дзяржаўных ландшафтных заказнікаў "Сярэдняя Прыпяць" і "Простыр", а таксама ў біялагічных заказніках "Званец" і "Спораўскі". Згодна з планам праекта, арнітолагі распрацавалі зразумелыя метадычкі, па якіх работнікі лясных і паляўнічых гаспадарак змогуць самастойна вырабляць і ўстанаўліваць штучныя гняздоўі.
Усяго за апошні час арнітолагамі было зроблена 205 гняздоўяў чатырох розных тыпаў для качкі-крыжанкі, якія былі ўстаноўлены па біятопах у заказніках "Сярэдняя Прыпяць" і "Спораўскі". У гэтых заказніках, а таксама ў Лунінецкім і Столінскім лясгасах былі пакінуты ўзоры гняздоўяў для магчымага тыражавання.
Для рэдкіх і ахоўных відаў птушак арнітолагамі АПБ было пабудавана 57 гняздоўяў, з якіх: 30 дамкоў для белай сініцы, 4 — для сіняга сіваграка, 3 — для вялікага арляцу, 6 — для малога арляцу, 3 — для пугача, 3 — для вераб'інага сычыка і 4 для касматаногага сыча, 1 — для арлана-белахвоста і 3 — для барадатай кугакаўкі.
Сяргей КУРКАЧ.