«Мы ж не будзем карміць вашы ўлады!»
Фота Юліі Дарашкевіч. |
У час чарговага візіту ў Беларусь з апостальскім візітатарам для беларусаў‑каталікоў у замежжы пагутарыў карэспандэнт tut.by.
«Я не хацеў быць ні палякам, ні расійцам»
— Айцец Аляксандр, большую частку жыцця вы правялі за мяжой. Беларусь і цяпер амаль невядома свету. Што і казаць пра часы, калі незалежнай дзяржавы не было ў прыродзе. Як вы тлумачылі, хто вы і адкуль?
— Я заўжды казаў, што мы самастойны народ, а наша краіна ляжыць паміж Расіяй і Польшчай. Нягледзячы на тое, што жывем пад чужой уладай, мы хочам незалежнасці. Менавіта гэта і было галоўнай мэтай нашай арганізаванай дзейнасці на эміграцыі.
Беларусамі я і маё пакаленне сталі падчас нацыстоўскай акупацыі. Тры гады за немцамі былі жахлівыя. Але нашы настаўнікі ў беларускіх школах выкарысталі тыя мізэрныя магчымасці, каб прышчапіць нам любоў да Бацькаўшчыны. Два гады ў Нясвіжскай семінарыі далі мне так шмат, што цяпер мне 83 гады, я ведаю дзевяць моў, але мая родная — беларуская і пасля 66 год жыцця за мяжой я застаўся беларусам. Тады нам зрабілі такі ўкол беларускасці.
Цікава, што калі я атрымліваў ў Вялікабрытаніі дакументы, там мусілі запісаць маё паходжанне. Я кажу: «Беларус».
«Такой краіны няма, — адказваюць. — Выбірайце: ці паляк, ці расіец».Я паходзіў з Заходняй Беларусі, што давала мне права «не быць» расійцам. Але і палякам я таксама не хацеў станавіцца.
Тады я пайшоў на хітрасць. У Брытаніі, ЗША графа «нацыянальнасць» азначае не этнічнае паходжанне, а грамадзянства. Я ім і кажу: «Тады пішэце Soviet — савецкі, бо я прыехаў менавіта з гэтай краіны».
Ну, а на Захадзе такі варыянт быў найгоршым. Так мяне запісалі беларусам.
З гэткімі самымі праблемамі сутыкаліся і амерыканскія беларусы. Прычым, не тое, каб клеркі іміграцыйных устаноў рабілі гэта наўмысна. Проста яны не разумелі нашай бяды.
— Падчас актыўнай дзейнасці ў царкве св. Пятра і Паўла і Згуртаванні беларусаў Вялікай Брытаніі ці былі праблемы з савецкімі спецслужбамі?
— Канечне, былі людзі, якіх мы падазравалі ў супрацы з Саветамі, некаторых нават ведалі. Калі ведаеш ворага, ён становіцца не такім небяспечным.
Але мы ніколі не рабілі нічога крымінальнага, незаконнага і адкрыта заяўлялі нашу галоўную мэту: каб Беларусь стала незалежнай, беларускай дзяржавай.
З СССР на нас лілі балота, але мы стараліся не звяртаць на гэта ўвагі.— Чаму спыніла дзейнасць беларуская школа пры царкве, на чале якой вы стаялі ў 1960‑х гадах?
— Яна працавала амаль 15 гадоў, да 1975‑га. Але паступова мы старэлі, а новых святарскіх пакліканняў амаль не было. Аднак некалькі пакаленняў маладых людзей мы ўзгадавалі. Не ўсё было ўдала, але некаторыя з выпускнікоў потым нават умацавалі жыццё беларускай дыяспары ў Амерыцы і Канадзе.
***
«У савецкім Мінску мяне сустракалі з бел‑чырвона‑белымі сцягамі»
— Вы ўпершыню адведалі Беларусь у 1990 годзе. Чым здзівіла радзіма пасля амаль паўвекавога раставання?
— Я ехаў у Мінск цягніком і думаў, што аб маім прыездзе ніхто не ведае. А тут поўны перон людзей на вакзале, радасць, бел‑чырвона‑белыя сцягі! Мяне пасадзілі ў машыну, высунулі з вакна нацыянальны сцяг і павезлі праз цэнтр гораду ў «Планету». А гэта ж быў яшчэ Савецкі Саюз.
Вядома, потым я агледзеўся і зразумеў, што не ўсё так радасна. Аднак, прынамсі, убачыў, што ёсць маладыя патрыёты, якія, як і мы на эміграцыі, мараць аб незалежнай Беларусі.
Ну, і найперш я ж святар. Думаў, што ўніяцкая царква на Беларусі памерла, як і памяць пра яе. А тут да мяне прыходзяць маладыя людзі; «Айцец, мы ўніяты, хочам з вамі пагутарыць».
Сёння тыя, хто хацеў тады са мной пагутарыць, самі святары. Яны вучыліся ў мяне, дзякуй Богу за гэта.
— Як Беларусь змянілася за гэтыя 20 год?
— У 1990‑м годзе ў беларускім грамадстве было больш аптымізму, энтузіязму. Цяпер, што б ні здарылася, людзі ставяцца да гэтага, як да нормы.
Сітуацыя з беларускай мовай, асабліва з беларускім школьніцтвам, цяпер яшчэ горш, чым у савецкія часы. Мы праз 60 гадоў захавалі мову на эміграцыі, а ў самой Беларусі гэтага зрабіць не здолелі. Прыязджаеш — паўсюль расійшчына.
Лячу гэтым разам на Мінск. Сцюардэса прапаноўвае: «Вам кофе ілі чай?». Я адказваю: «Гарбату, калі ласка». Дык не зразумела, каву прынесла!Ці неяк засяляўся ў гатэль у Магілёве. Трэба было запоўніць анкету. «На якой мове? — пытаюся. — Па‑расійску, канечне. — А па‑беларуску можна? — Не, толькі па‑расійску!» У выніку запаўняў па‑ангельску. Вашы людзі ўсё ніяк не могуць зразумець, што мы ў Брытаніі не абавязаныя ведаць расійскую мову.
Аднойчы нас з Мальдзісам за мову ледзь не пабілі.Было гэта праз некалькі месяцаў пасля вашага рэферэндуму па мове і сімволіцы. Сядзім мы з Адамам на лаўцы каля помніка Перамогі, размаўляем, натуральна, па‑беларуску. Падыходзяць два маладзёны нападпітку: «Хватіт уже на этой трасянке говоріть. Разговарівайте на человеческом языке!» «Што, мы не можам у сваёй краіне на роднай мове размаўляць!?», — спакойна запытаўся я, і неяк яны адразу адступілі.
***
«Супрацоўнічаць няма з кім»
— Айцец Аляксандр, вы ж былі сярод першых, хто пасля Чарнобыльскай катастрофы прывозіў на Беларусь гуманітарную дапамогу, арганізоўваў аздараўленне беларускіх дзяцей у Еўропе…
— Гэта мой абавязак. Наша дапамога была патрэбна. Займаліся гэтым гадоў пяць‑шэсць: з 1990‑га аж пакуль ваш прэзідэнт не прыйшоў і не забараніў вывазіць дзяцей.
Мы мелі багатыя кантакты са шпіталямі, дзіцячым дамамі. А потым улады Беларусі пачалі ставіць умовы: прывязіце тое і тое, а мы будзе самі размяркоўваць. Прыйшлося спыніць праекты падтрымкі: мы ж не будзем карміць вашы ўлады.
І так атрымалася са многімі.
Немцы прывозяць дапамогу, а груз па два тыдні трымаюць на беларускай мяжы. Ну, яны раз пастаялі, другі, а на трэці павезлі ў Румынію.— Пэўны час назад у Беларусі быў прыняты закон, згодна з якім для прыезду ў краіну замежных прадстаўнікоў неправаслаўных канфэсій быў неабходны дазвол Камітэту па справах рэлігіяў. Ці сутыкаліся вы з такой праблемай?
— Ён з’явіўся у 2000 ці 2001 годзе. Мяне ў той час якраз запрашалі ў Беларусь, і я напісаў артыкул ў «Нашу ніву», што гэта ёсць парушэннем асноўных міжнародных пагадненняў у галіне правоў чалавека.
Рэакцыяй уладаў было маўчанне, але візу я атрымаў. Ніколі не пытаўся і ніколі не буду пытацца дазволу прыехаць на радзіму!
— Славуты беларус свету Барыс Кіт перадае свае архівы ў Беларусь. Ці не было ў вас такога жадання датычна ўнікальнай «Скарынаўкі»?
— На пачатку 1990‑х мы думалі аб супрацоўніцтве, але пасля 1994 года ад падобных ідэй прыйшлося адмовіцца. Калі б была сапраўдная незалежная беларуская Беларусь, калі б афіцыйныя установы гэтым зацікавіліся і ім можна было даверыць…
Варта было б стварыць нейкую ўстанову ў Лондане пад патранатам беларускага ўраду. Але пакуль гэта нерэальна. Супрацоўнічаць папросту няма з кім. Паглядзім, ці зменіцца нешта з прыходам вашага новага міністра культуры.
— Але ці падтрымліваеце вы кантакты з беларускай амбасадай у Лондане?
— Так, канечне. Яны прыходзяць на нашы мерапрыемствы. Просяць паглядзець на старадрукі.
Праўда, па‑беларуску, апроч маладога консула, там ніхто не размаўляе…***
«Беларусь без мовы? Мне гэта цяжка прыняць»
— Старэйшае, паваеннае пакаленне свядомых беларусаў адыходзіць. Новая эміграцыя найперш эканамічная. Нацыянальнае жыццё на Туманным Альбіёне затухае?
— Наадварот, паступова аднаўляецца. Ёсць тут і студэнты, і высокапрафесійныя спецыялісты, якія, апынуўшыся за мяжой, хінуцца да беларускай справы. Ёсць і дзеці з беларускіх сямей, якія ўжо брытанцы ў другім пакаленні, але беларуская для іх родная мова нароўні з ангельскай. Цяпер не мы працуем, а яны.
Мне 83 гады, я ўжо не магу рабіць, як раней. Але ў мяне ёсць святар, крышку маладзейшы за мяне — гадоў на 50! Дзякуй Богу што ёсць!
Канечне, цяперашняя моладзь адрозніваецца ад нашага пакалення. Яны інакш думаюць, і гэта заканамерна. Параўнаць хаця б друкарскія машынкі, на якіх нам даводзілася працаваць, і сучасныя кампутары! Але яны шчырыя беларусы і робяць беларускую справу па‑свойму, не горш за нас. Канечне, ёсць і такія, хто прыходзіць на нашыя імпрэзы выключна папіць піва, але і гэта нармальная рэч.
Безумоўна, праблема нацыянальнай свядомасці беларусаў у Вялікабрытаніі стаіць востра. Аднак колькі свядомых беларусаў у самой Беларусі?
— Ці мажлівая ў гістарычнай перспектыве незалежная дзяржава Беларусь без беларускай мовы?
— Мне гэта цяжка ўявіць і прыняць. Вось учора (гутарка адбылася 25 красавіка) я даваў шлюб маладой пары, і пасля вяселля трохі пасядзеў з гасцямі ў нейкай карчме ў Дудутках.
Цётка, апранутая ў псеўдафальклорны строй, вяла ўсё па‑беларуску. Але, як толькі была патрэба нешта сказаць «у жыцці», пераходзіла на расійскую. То бок, яна ведае беларускую мову, але ўжывае яе толькі па працы — калі за гэта плацяць.
Так і госці. Песні беларускія ўсе ведаюць, спяваюць. Як толькі скончылася песня, усе па‑расійску.У Брытаніі многія дзеці беларусаў таксама не могуць па‑беларуску. Але ж там не Беларусь! Дзіўна мне ўсё гэта бачыць на радзіме…
Кастусь Лашкевіч, tut.by