Яндэкс беларусізаваўся
Буйнейшы рускамоўны пошукавы партал Яндэкс 14 красавіка абвясціў аб адкрыцці новага парталу www.уаndех.bу. Прычым беларускі ў ім — не толькі дамен, але і ўвесь змест: база "тутэйшых" сайтаў, абноўленая электронная мапа Мінска, электронныя крамы, якія ажыццяўляюць дастаўку ў нашу краіну, каталог аўтамабіляў з цэнамі ў беларускіх рублях, прагноз надвор'я ў беларускіх гарадах, курсы валют, кінаафіша і тэлепраграма, расклад руху цягнікоў і самалётаў, а таксама навіны (у бліжэйшыя дні з'явяцца таксама беларускамоўныя).
Але галоўнае — новы пошук. Цяпер шукаць патрэбную інфармацыю можна не толькі ў межах Беларусі, але і па-беларуску: сістэма "разумее" беларускую марфалогію! Распрацоўшчыкі "Яндэкса" сумесна з беларускім Навукова-даследчым інстытутам інтэлектуальных інфармацыйных сістэм убудавалі ў пошукавую сістэму 130 тысяч слоў і навучыліся даволі якасна распазнаваць мову запыту. Зрэшты, запыты карыстальнікі могуць складаць на абедзвюх дзяржаўных мовах — у любым выпадку, сістэма пошуку на сайце збудаваная такім чынам, што на запыт "канстытуцыя" перадусім будзе прапанаваная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а, напрыклад, на "тэатр" — Вялікі тэатр оперы і балета ў Мінску і іншыя тэатры краіны. Дарэчы, штотыдня сэрвісамі Яндэкса карыстаецца звыш 1,2 млн жыхароў Беларусі. Беларускамоўных запытаў рэгіструецца значна менш, чым рускамоўных — але ўсё ж, адзначаюць распрацоўшчыкі, гэта не адзінкавыя выпадкі, таму "вывучэнне" сістэмай беларускай мовы будзе працягвацца.
"Уласна, гэта толькі пачатак нашай дзейнасці, — рэзюмуе гендырэктар кампаніі "Яндэкс" Аркадзь Волаж. — Мы прыйшлі ў Беларусь у пошуку новых партнёраў. Напрыклад, па навінах у нас партнёрства усяго з 70-80 інфармацыйнымі крыніцамі, а тут іх існуе некалькі соцень, і нам хацелася, каб яны ўсе былі прадстаўленыя на сайце; тое ж датычыцца мапаў беларускіх гарадоў, супрацоўніцтва з інтэрнэт-крамамі — словам, усіх накірункаў нашай дзейнасці". Праўда, партнёрства гэтае ў бліжэйшы час будзе па-ранейшаму дыстанцыйным — гаворка пра адкрыццё асобнага офіса кампаніі ў Мінску пакуль што не ідзе.