Вялікдзень

Источник материала:  

З прыходам на ўсходнеславянскія землі хрысціянства прыхільнікі гэтай веры пачалі адзначаць выключную па статусе ў царкоўным календары падзею — Уваскрасенне Ісуса Хрыста. Збавіцель чалавецтва прыйшоў на Зямлю, каб адмяніць адвечную светапоглядную сістэму і парадак тысячагадовых міжасабовых і грамадскіх адносінаў, на якіх грунтаваліся рэлігіі мінуўшчыны.

 У папярэднія часы нашы продкі пакланяліся шматлікім багам прыроды, якія, па іх адвечных уяўленнях, былі побач з чалавекам, але якіх нельга было пабачыць, уступіць з імі ў прамы дыялог. Яны былі побач, але адначасова лічыліся няўлоўнай зданню. Чалавек і боства былі двума полюсамі прыроднага асяроддзя, але пры гэтым адзін лічыўся ўладаром сусвету, а другі ўсё жыццё імкнуўся дагадзіць уладару, каб жыць з ім у згодзе і спадзявацца на яго дапамогу. А з прышэсцем Хрыста здарылася зусім нечаканае. Уладар свету прыходзіць на Зямлю ў вобразе чалавека. Гэта Боская задума была поўнай нечаканасцю для людзей. Па-першае, чалавек, выхаваны на аксіёмах вучэння — над усім наваколлем пануе звышнатуральная сіла, але яна непадуладная яму, нябачная, — не мог паверыць у тое, што Бог стаў чалавекам ці, наадварот, чалавек узвысіўся да вышыняў Нябёсаў. А па-другое, калі чалавек замахнуўся на самае святое на Зямлі — назваць сябе Богам, то, хутчэй за ўсё — ён проста не Бог. А за тое, што ён дазволіў сабе маральную нетактоўнасць — распнуць яго на крыжы.

 У гісторыі чалавецтва адбылася надзвычайная падзея. За трыццаць тры гады зямнога жыцця Хрыстос фактычна прайшоў праз усе магчымыя выпрабаванні, вытрымаў іх, нягледзячы на тое, што, з'яўляючыся Сынам Божым, ён мог накіраваць іх зусім у іншае рэчышча. Неаднаразова сутыкаючыся з недаверам з боку сваіх вучняў, Збавіцель знаходзіў сілы і словы, каб зноў і зноў пераканаць іх у сваёй праўдзе. Нарэшце, яго чакала самае цяжкае выпрабаванне — здрада аднаго з вучняў, цана якому — прысуд усяму чалавецтву. Вучань пацалункам выдаў настаўніка ворагам. Недавер разгневанага натоўпу, наэлектрызаванага прагай зямных уладароў, меў лагічнае ў гэтай сітуацыі завяршэнне: чалавецтва вырашыла пазбавіцца ад таго, хто прыйшоў пазбавіць яго ад палону грахоўнасці. За тое, што прымусіў задумацца, — жорсткі прысуд: як мы жылі, так і жыць будзем, як правілі, так і далей правіць будзем. А таго, хто хацеў паказаць нашу нікчэмнасць, — на крыж.

 Далей глыбіні чалавечай душы выявілі яшчэ большыя драматызм і супярэчлівасць. Укрыжаванага Хрыста знялі і аднеслі ў каменную пячору. Але назаўтра жанчыны-міраносіцы не знайшлі Хрыста на месцы яго пахавання. Хрыстос уваскрэс — адбыўся цуд, якога так чакалі зямныя ўладары. Аднак і гэтай цудадзейнай падзеі людзям было мала. Нават самыя блізкія вучні і тыя засумняваліся ў мажлівасці здзейсненага. Хрысту давялося яшчэ раз апрадмечваць сваю постаць у знаёмую вучням выяву чалавека, каб тыя маглі канчаткова паверыць: Цуд адбыўся, значыць, Хрыстос — Бог, Збавіцель, Творца.

 Вось гэтае выключная падзея стала ўшаноўвацца хрысціянскімі вернікамі і атрымала сімвалічную назву — Вялікі дзень, дзень канчатковай перамогі Жыцця на Смерцю, дзень другога нараджэння Збавіцеля, яго цудадзейнага Уваскрасення.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Што стане з касцёлам Св. Юзафа?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика