Што стане з касцёлам Св. Юзафа?
Ёсць пытанне!
Касцёл св. Юзафа не збіраюцца перадаваць Каталіцкай Царкве. Афіцыйную пазіцыю РУП "Мінская спадчына" зачытаў на прэс-канферэнцыі архіепіскап Мінска-Магілёўскі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Вытрымка з ліста:
"Сусветная практыка рэканструкцыі і ўзнаўлення рэлігійных храмаў і культавых збудаванняў пацвярджае правільнасць прынятага рашэння аб стварэнні гасцінічнага комплексу (прыклады: гатэль для маладых у Англіі, размешчаны ў будынку былога кляштара кармелітаў; гасцініца класа "Люкс" у будынку былога езуіцкага кляштара XV ст. і інш.).
— Будынак будзе рэканструяваны, яго плануецца прыстасаваць пад гасцінічны комплекс, — працягвае каталіцкі іерарх. — Я напісаў ліст, дзе выказаў свой непакой і ўстрывожанасць сітуацыяй. Некалькі дзён таму я атрымаў адказ, падпісаны спадаром Шыкунцом, дырэктарам "Мінскай спадчыны". Прызнаюся шчыра, я не задаволены гэтым лістом — там няма адказаў на пастаўленыя мной пытанні. Шмат гаворыцца аб праведзеных спатканнях і сустрэчах, сімпозіумах, дзе гэтую праблему разглядалі, але нас — зацікаўлены бок — туды ніхто ніколі не запрашаў. Важна зразумець, што гэта будзе не толькі рэстаўрацыя, але таксама і рэканструкцыя, пасля якой вы не пазнаеце будынак храма. Сёння, калі ўвесь свет так моцна клапоціцца пра тое, каб захаваць спадчыну, "Мінская спадчына", якая павінна захоўваць спадчыну, яе фактычна разбурае (перапрашаю за рэзкасць). Спадчына павінна захоўваць спадчыну. Бо што ж мы перададзім новаму пакаленню?
Комплекс касцёла і кляштара бернардзінцаў заснаваны па фундацыі братоў Кансоўскіх. Пад касцёлам у крыпце ў свой час былі пахаваныя прадстаўнікі вядомых шляхецкіх і магнацкіх родаў: Завішы, Кансоўскія, Тышкевічы. У пачатку ХІХ ст. інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 9 каменных, атынкаваных і аздобленых гіпсавай лепкай алтароў, якія да сёння не захаваліся. У 1864-м касцёл прыстасавалі пад праваслаўную царкву Св. Кірыла і Мяфодзія, кляштар — пад казармы Каломенскага пяхотнага палка і следчую камісію. Сёння ў будынку былога касцёла размешчаны Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
— Ёсць выпадкі, калі каталіцкая царква не выкарыстоўвае свае будынкі, — працягвае мітрапаліт. — У такім выпадку яна можа іх прадаць альбо падарыць: напрыклад, на Захадзе вядомыя выпадкі, калі шмат каталіцкіх храмаў каталіцкая царква перадала праваслаўным вернікам. Але тыя храмы былі перададзеныя, а касцёл Св. Юзафа быў проста канфіскаваны. Гэта зусім іншая сітуацыя.
Касцёл бернардзінцаў — на сёння адзін з самых старых будынкаў у Мінску. Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне XVІІ ст. Побач з ім размешчаны праваслаўны сабор Св. Духа".
Ілья ЛАПАТО.