Чорны панядзелак у Маскве
Выбухі з розніцай у 45 хвілін прагрымелі на дзвюх станцыях Сакольніцкай лініі метрапалітэна — на "Лубянцы" і "Парку культуры". Прычым, для тэрарыстычных актаў бандыты выбралі час пік, калі большасць людзей ехалі на працу: першы выбух адбыўся ў 7.52 па маскоўскім часе ў другім вагоне падчас пасадкі-высадкі пасажыраў на "Лубянцы", другое выбуховае прыстасаванне спрацавала ў 8.37.
Да абедзвюх станцый тэрмінова прыбылі больш як 70 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, супрацоўнікі міліцыі і міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Улічваючы, што з-за надзвычайных здарэнняў у цэнтры Масквы быў літаральна паралізаваны рух машын, для эвакуацыі параненых выкарыстоўваліся нават верталёты МНС. Паводле папярэдніх звестак, каля 400 чалавек і 180 адзінак тэхнікі бралі ўдзел у выратавальных работах.
На жаль, у выніку ўчыненых тэрарыстычных актаў ёсць як загінулыя, так і пацярпелыя. Паводле звестак, што былі на момант выхаду газеты, колькасць загінулых на дзвюх станцыях склала 38 чалавек, а раненні атрымалі каля 100 чалавек, пры гэтым каля трэці пацярпелых атрымалі нязначныя раненні, якія не патрабавалі шпіталізацыі, а вось 8 чалавек знаходзіліся ў крайне цяжкім стане, 25 — у цяжкім і 26 — у стане сярэдняй ступені цяжкасці. Між іншым, ахвяраў магло быць нашмат больш, бо следчыя знайшлі на месцы другога выбуху яшчэ адзін "пояс шахіда", які не разарваўся.
Як вынікае з папярэдняй інфармацыі, выбухі адбыліся пры актывізацыі так званых "паясоў шахідаў" дзвюма тэрарысткамі-смяротніцамі, астанкі целаў якіх знойдзеныя. Акрамя таго, у вышуку знаходзяцца яшчэ дзве жанчыны, якія, як мяркуецца, суправаджалі тэрарыстак да ўваходу ў метро: пра гэта стала вядома, калі эксперты вывучылі звесткі з відэакамер. Папярэднія высновы выбухатэхнічнай экспертызы сведчаць, што выбуховым рэчывам быў гексаген, у першым выпадку магутнасцю да 4 кілаграмаў, у другім — ад 1,5 да 2 кілаграмаў, элементамі паражэння сталі насечаная арматура і балты.
Паводле адной з версій, якія разглядаюцца следствам, гэтыя выбухі маглі стаць помстай тэрарыстаў за паспяховыя аперацыі расійскіх сілавікоў на Паўночным Каўказе. У прыватнасці, сярод ліквідаваных баевікоў былі такія лідары тэрарыстаў, як Саід Бурацкі, Анзор Асцеміраў, Саламбек Ахмадаў, Абу Халед. У Інгушэціі была ліквідаваная цэлая група тэрарыстычнага падполля.
У Беларусі ўзмоцненыя меры бяспекі
Супрацоўнікі сталічнай міліцыі ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Маскве таксама перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, калі на тэрыторыі сумежных дзяржаў адбываюцца падобныя здарэнні, такая практыка звычайная. Да таго ж, з учарашняга дня ў краіне праводзіцца чарговая спецыяльная аперацыя "Арсенал", накіраваная на забеспячэнне кантролю за абаротам зброі, папярэджанне злачынстваў з яго прымяненнем, спыненне фактаў крадзяжу зброі, боепрыпасаў, выбуховых прыстасаванняў, іх канфіскацыі з незаконнага абароту, што таксама мае на ўвазе павышэнне пільнасці праваахоўнікаў. У прыватнасці, увесь асабовы склад аддзела ўнутраных спраў па ахове Мінскага метрапалітэна, у тым ліку афіцэры, выведзеныя на лініі метро, міліцыя дзяжурыць там са спецыяльнымі сродкамі. Пад больш пільнай увагай апынуліся канцавыя і перасадачныя станцыі метрапалітэна. Супрацоўнікі міліцыі ўважліва адсочваюць сітуацыю з падазроным багажом.
Што датычыцца пацярпелых ад тэрактаў у Маскве, то яны цяпер знаходзяцца ў розных бальніцах горада. Як зазначылі ўчора карэспандэнту нашай газеты ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі, пакуль ніякіх звестак адносна таго, што сярод параненых былі і беларусы, няма.
Ігар ГРЫШЫН.