Служэнне музе Кліо

Источник материала:  

Як былінны асілак Ілля Мурамец папаўняў сваю сілу ад сваёй роднай зямлі, так і Навагрудская зямля з'яўляецца крыніцай творчага натхнення для доктара гістарычных навук, прафесара Міхаіла Паўлавіча Касцюка, які сёлета адзначае 70-годдзе. І па сёння ён падтрымлівае цесныя сувязі са сваёй малой Радзімай — роднай Навагрудчынай. Нарадзіўся ён у вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці 26 сакавіка 70 гадоў таму. Бацькі Міхаіла Паўлавіча — Павел Іосіфавіч і Марыя Дзмітрыеўна — шчыравалі на ўласнай зямлі, якой мелі амаль чатыры гектары.

Служэнне музе КліоАмаль 44 гады адлічвае стужка навуковага часу Міхаіла Касцюка. Яго значны ўклад у развіццё беларускай гістарычнай навукі атрымаў прызнанне навуковай грамадскасці нашай дзяржавы і замежжа. У 1989 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў 1996 г. — акадэмікам. У 1998 г. Міхаіл Паўлавіч атрымлівае дыпломы сапраўднага акадэміка Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі і Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва, а ў 2003 годзе — прэмію Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук імя акадэміка В.А. Капцюга за даследаванне гісторыі беларускай дыяспары ў Сібіры. Паводле рашэння Міжнароднага навуковага савета Амерыканскага біяграфічнага інстытута ён 5 разоў прызнаваўся Чалавекам года. Яго пяру належыць звыш 250 навуковых прац, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблемаў айчыннай гісторыі. Вялікі інтарэс навуковай грамадскасці як у Беларусі, так і Расіі, выклікала манаграфія акадэміка М. Касцюка "Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі" (Мн., 2000), перавыдадзеная ў 2002 годзе Інстытутам расійскай гісторыі РАН.

Не пакідае па-за ўвагай і сваю Навагрудчыну. Міхаіл Паўлавіч з вялікім імпэтам і задавальненнем займаўся падрыхтоўкай кнігі "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна", што пабачыла свет у 1996 годзе. А ў ліпені 2009 года ён удзельнічаў у Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Роля і месца Навагрудка ў гісторыі і культуры Еўропы".

Ёсць падставы весці гутарку пра фарміраванне навуковай школы акадэміка Касцюка. Пад яго навуковым кіраўніцтвам былі падрыхтаваны 2 дактары і 19 кандыдатаў навук. Глыбока перакананы ў тым, што "без гістарычных ведаў і выкарыстання гістарычнага вопыту нельга паспяхова будаваць незалежную дзяржаву", Міхаіл Паўлавіч надае вялікую ўвагу папулярызацыі гістарычных ведаў, выступаючы з цікавымі і змястоўнымі артыкуламі на старонках перыядычных выданняў, на радыё і тэлебачанні. Так, ён браў удзел у падрыхтоўцы дакументальных тэлевізійных фільмаў "Зваротны адлік", знятых на АНТ і прысвечаных розным этапам гісторыі Беларускай ССР, а таксама дакументальнага тэлевізійнага фільма, прысвечанага 90-годдзю Беларускай ССР, што быў падрыхтаваны і дэманстраваўся на тэлеканале СТБ. Даўнія і шчырыя сяброўскія сувязі звязваюць шаноўнага М. Касцюка з найстарэйшай беларускай газетай "Звязда", на старонках якой ён надрукаваў нямала надзённых, цікавых артыкулаў на гістарычную тэматыку.

Валянцін Мазец,

кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

←Прыбаўка да пенсіі ў звязцы са статусам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика