Прыбаўка да пенсіі ў звязцы са статусам

Источник материала:  

Твае правы

Сяргей ГРЫБ

Стаж, ранейшы заробак, а ў пэўных варунках — група інваліднасці... Для вызначэння памеру пенсіі менавіта гэтыя акалічнасці заўсёды стануць галоўнымі. Праўда, яшчэ не адзінымі, бо заканадаўства вызначае: асобы ва ўзросце больш за 80 гадоў, некаторыя катэгорыі інвалідаў, ветэранаў вайны і шэраг іншых грамадзян маюць права на даплаты — надбаўкі ці павышэнні. Прычым сама па сабе гэта тэма асобная. І разабрацца з найбольш распаўсюджанымі пытаннямі мы паспрабуем з дапамогай намесніка начальніка аддзела прызначэння і выплаты пенсій камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольгі Шынгірэй.

Калі з дзвюх выбіраюць адну

Паводле заканадаўства, інвалідам І групы прадугледжваецца надбаўка на догляд у памеры 100, а асобам, якім 80 і больш гадоў, — у памеры 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце. Апроч таго, надбаўка ў 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце можа вызначацца і ў іншых выпадках: да пенсіі па інваліднасці — адзінокім інвалідам ІІ групы, якім патрабуецца пастаянная пабочная дапамога па заключэнні медыка-рэабілітацыйнай або ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, а да пенсіі па ўзросце — адзінокім пенсіянерам, якія таксама маюць патрэбу ў пабочным доглядзе на падставе рашэння МРЭК або УКК.

З падлікам канкрэтных памераў выплат асаблівых праблем нібыта няма. Мінімальная пенсія па ўзросце складае 25 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму, які ў сваю чаргу змяняецца штоквартальна — з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада. У прыватнасці, сёння "поўная" мінімальная пенсія па ўзросце вызначана ў 63,8 тыс., а 50 працэнтаў гэтай пенсіі — адпаведна ў 31,9 тыс. рублёў.

Аднак пытанні тут усё ж узнікаюць. У прыватнасці, якую надбаўку будзе мець пенсіянер, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту і пры гэтым з'яўляецца інвалідам І ці ІІ групы?

— У Законе "Аб пенсійным забеспячэнні" ёсць норма, якая прадугледжвае, што вызначыць некалькі надбавак на догляд адначасова нельга, інакш кажучы, прызначаецца толькі адна з іх — зразумела, выбар робіцца на карысць большай, — распавядае Вольга Шынгірэй. — Дарэчы, тут жа варта заўважыць: надбаўкі на догляд інвалідам І групы і пенсіянерам ва ўзросце больш за 80 гадоў прызначаюцца аўтаматычна, без падачы дадатковых пацвярджальных дакументаў. А вось адзінокаму пенсіянеру або інваліду ІІ групы для атрымання "даплаты" давядзецца пацвердзіць статус адзінокага, а таксама прынесці ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы атрымання пенсіі даведку з МРЭК або УКК, дзе будзе сказана — такой асобе сапраўды патрэбны пастаянны пабочны догляд.

Найбольшы памер — ветэранам

Падобныя правілы датычацца і павышэнняў пенсій ветэранам вайны. Прэтэндэнты на іх павінны звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і паказаць дакумент, што пацвярджае той або іншы статус. Прычым калі чалавек мае права адначасова на некалькі "ваенных" павышэнняў, будзе зноў жа прызначана толькі адно з іх.

Што да памераў "даплат", то яны наступныя. Інвалідам вайны І і ІІ груп робіцца павышэнне на 400 працэнтаў, а інвалідам вайны ІІІ групы, былым партызанам, вайскоўцам і супрацоўнікам унутраных спраў, што ў вайну праходзілі службу ў дзейнай арміі або бралі ўдзел у баявых дзеяннях пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку; вольнанаёмным асобам, што праходзілі службу або працавалі падчас вайны ў складзе дзейнай арміі; асобам, што бралі ўдзел у размініраванні ў складзе спецыяльных фарміраванняў вызваленых тэрыторый і аб'ектаў на працягу 1943—1945 гадоў — на 250 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце.

"Даплата" ў 100 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце прадугледжана блакаднікам Ленінграда і вязням фашысцкіх месцаў прымусовага ўтрымання, якія не здзейснілі злачынстваў супраць Радзімы, а павышэнне ў 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце можа выплачвацца інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі ці знявечання, звязаных з баявымі дзеяннямі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і асобам, што былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за самаахвярную працу і бездакорную вайсковую службу падчас вайны ў тыле.

— Часта павышэннямі цікавяцца менавіта прадстаўнікі апошняй катэгорыі, таму трэба адзначыць — узнагароджанне ордэнамі і медалямі за самаахвярную працу і бездакорную вайсковую службу падчас вайны ў тыле павінна пацвярджацца пасведчаннем вызначанага ўзору, — падкрэслівае Вольга Шынгірэй. — Разам з тым, калі такога пасведчання няма, то могуць прымацца да ўвагі пасведчанні да медалёў ці іншыя дакументы, што пацвярджаюць узнагароджванне — скажам, даведкі архіваў або запісы ў працоўных кніжках, якія зробленыя ў вызначаным парадку.

Разам з тым, ёсць шэраг павышэнняў, прызначэнне якіх не залежыць ад іншых даплат. У любым выпадку адбудзецца налічэнне павышэнняў Героям Беларусі, Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, а таксама асобам, што ўзнагароджаны ордэнамі Славы трох ступеняў і ордэнамі Працоўнай Славы зноў-такі трох ступеняў (для іх памер "даплаты" складае 500 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце), бацькам і жонкам, што не ўзялі новы шлюб, вайскоўцаў, супрацоўнікаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных здарэннях, органаў фінансавых расследаванняў, смерць якіх звязана з выкананнем службовых абавязкаў (180 працэнтаў), дзецям-інвалідам з дзяцінства вайскоўцаў, супрацоўнікаў унутраных спраў, МНС і органаў фінансавых расследаванняў, смерць якіх звязана з выкананнем службовых абавязкаў, а таксама бацькам, жонкам, што не ўзялі новы шлюб, і дзецям-інвалідам з дзяцінства памерлых інвалідаў вайны (100 працэнтаў), грамадзянам, што былі неабгрунтавана рэпрэсаваныя ў 20—80 гадах мінулага стагоддзя і затым рэабілітаваныя, інвалідам з дзяцінства, якія атрымліваюць пенсію па ўзросце і якім інваліднасць устаноўлена пажыццёва (50 працэнтаў), а таксама донарам, якія дасягнулі агульнаўсталяванага ўзросту і пры гэтым маюць знакі "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь", "Ганаровы донар СССР" і "Ганаровы донар Таварыства Чырвонага Крыжа БССР" (40 працэнтаў). Аднак, зазначае Вольга Шынгірэй, варта звярнуць увагу: тыя ж ганаровыя донары павінны таксама паклапаціцца аб пацвярджэнні свайго статусу дакументальна.

Нарэшце, некалькі слоў аб "чарнобыльцах". Грамадзянам, якім непасрэдна ў сувязі з катастрофай на ЧАЭС вызначана І група інваліднасці, і дзецям-інвалідам з прычыны аварыі ва ўзросце да 18 гадоў павінны прызначацца надбаўкі ў памеры 100 працэнтаў, інвалідам-"чарнобыльцам" ІІ групы — у памеры 75 працэнтаў, а інвалідам-"чарнобыльцам" ІІІ групы — у памеры 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце.

Таксама ў памеры 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце прадугледжваецца павышэнне пенсіі для асобаў, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў 1986—1987 гадах у зоне эвакуацыі (адчужэння) або якія былі занятыя ў той жа час на эксплуатацыі ці іншых работах на гэтай станцыі — у тым ліку гаворка аб асобах, што знаходзіліся ў камандзіроўках або на спецыяльных зборах.

Апроч таго, права на павышэнне пенсіі ў такім жа памеры маюць удзельнікі ліквідацыі некаторых іншых радыяцыйных аварый — грамадзяне, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў выпрабаваннях ядзернай зброі ў атмасферы ці пад вадой, у выпрабаваннях баявых радыеактыўных рэчываў, у вучэннях з выкарыстаннем такой зброі або рэчываў да даты фактычнага спынення падобных выпрабаванняў і вучэнняў; грамадзяне, якія бралі непасрэдны ўдзел у падземных выпрабаваннях ядзернай зброі або ў правядзенні падземных ядзерных выбухаў у навукова-тэхнічных мэтах ва ўмовах пазаштатных сітуацый; грамадзяне, якія прымалі непасрэдны ўдзел ў ліквідацыі радыяцыйных аварый на ядзерных энергетычных устаноўках надводных і падводных караблёў ці іншых ваенных аб'ектах, а таксама на вытворчым аб'яднанні "Маяк" з 29 верасня 1957 па 31 снежня 1958 года, у правядзенні ахоўных мерапрыемстваў ўздоўж забруджанай ракі Цеча з 1 студзеня 1949 па 31 снежня 1956 года; спецыялісты з ліку асобных падраздзяленняў па зборцы-разборцы ядзерных зарадаў, якія выконвалі гэту работу да 31 снежня 1961 года.

— Павышэнне для асобаў, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы у зоне эвакуацыі (адчужэння) або якія былі занятыя на эксплуатацыі ці іншых работах на гэтай станцыі ў 1988—1989 гадах складае 25 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце, — кажа Вольга Шынгірэй. — І на такое ж павышэнне пенсіі могуць разлічваць грамадзяне, што былі эвакуяваныя, адселеныя ці самастойна з'ехалі з зоны эвакуацыі (адчужэння), зонаў першачарговага і наступнага адсялення — за выключэннем тых, хто прыбыў у гэтыя зоны пасля 1 студзеня 1990 года.

Умова "даплат" у гэтых выпадках — таксама дакументальнае пацвярджэнне. Прычым варта заўважыць: тут зноў-такі давядзецца выбіраць толькі адну з магчымых прыбавак.

Нялішне таксама нагадаць, што ўсе надбаўкі і павышэнні заўсёды выплачваюцца адначасова з пенсіяй "асноўнай". І каб пераканацца, робіцца іх налічэнне або не, можна звярнуцца ў раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

←Тренировка дыхания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика