А выйсце зусiм простае...
Зачапіла!
Еду на працу аўтобусам, прабiў квiток намiналам 600 рублёў. Кандуктарка папярэдзiла, што ад сённяшняга дня яны нядзейсныя. Быў вельмi (i непрыемна) здзiўлены, але, тым не меней, выкiдаць не стаў. Праз некалькi прыпынкаў тая самая сiтуацыя паўтарылася з кабетай. Толькi яна, даведаўшыся пра тую неспадзяванку, адрэагавала куды болей эмацыйна. Паводле яе словаў, квiткi яна набыла ў пачатку месяца, калi ўжо ўступiлi ў дзеянне новыя тарыфы. Ды ёй прадаўшчыца паабяцала, што гэтыя квiткi будуць дзейнiчаць да канца месяца.
Праязныя дзейнiчаюць да канца месяца. Пра жэтоны на метро i ўвогуле нiякiх пытанняў няма: закупiўся дый катайся, пакуль маеш. А вось на талончыках з адваротнага боку сапраўды напiсана, што "бiлет сапраўдны... на працягу 10 дзён дзеяння новага тарыфу".
Так, я сапраўды сутыкаюся з такой сiтуацыяй упершыню. Але цi шмат хто ведае пра тое, што нягледзячы на наяўнасць пракампасцiраванага квiтка, можна атрымаць штраф? Бо квiток той, цi бачыце, на 100 рублёў таннейшы за той, што дзейнiчае пасля павышэння коштаў. Вось дзе будзе пажыва рэвiзорам цi кантралёрам. Цi ўсё ж выйсце ёсць? Напрыклад, даплата няшчасных 100 рублёў кандуктару альбо абмен iм жа старых квiткоў на новыя, зноў жа з даплатай. А далей ужо хай думаюць, што са старымi рабiць.
Дарэчы, пасля могуць пачаць прадаваць iх па кошце, па якiм уздумаецца. Як гэта рабiлася i робiцца з квiткамi намiналамi 400, 460 (цi колькi) i г.д. рублёў. Мяркую, спачатку трэба разумна арганiзаваць працэс, а потым абвiнавачваць людзей i караць iх.
Раман Патапчук, тэхнiк-праграмiст ЗАТ "СОФТКЛУБ-Цэнтр распрацоўкi".