Птушкi — вестуны вясны
Выпяканне "птушак" для выканання абраду "гуканне вясны", найперш "жаўранкаў", тлумачыцца тым, што якраз гэтыя птушкi з'яўлялiся першымi i самымi раннiмi вестунамi наблiжэння цяпла. Як звычайна, на золку гаспадыня распальвала печ, але пры гэтым звярталася да агню як да жывой iстоты — з кароткай замовай або малiтвай. Затым з жытняй мукi гатавалася цеста, з якога рабiлi значную колькасць "галушак" у выглядзе птушак (жаўранкаў, вераб'ёў, качак, "чырачак").
Назiраннi за паводзiнамi птушак дапамаглi нашым продкам бездакорна арыентавацца ў зменах прыроды. Яны маглi прадказаць надвор'е як на некалькi дзён наперад, так i на больш аддаленую перспектыву, што было для селянiна надзейным арыенцiрам для правядзення адпаведных земляробчых работ. Напрыклад, раннi прылёт ластавак прадказваў дружную вясну. Лiчылi, калi гракi прыляталi раней святой Аўдакеi (14 сакавiка) — быць лету мокрым. Лепшым тэрмiнам прылёту гракоў лiчылi 17 сакавiка — дзень ушанавання святога Герасiма. На Беларусi казалi так: "Святы Герасiм гракоў прыгнаў"; "Калi гракi сядзяць ужо ў гнёздах — вясна будзе дружная, праз тры днi можна выходзiць на поле, калi лётаюць бязмэтна або iх увогуле не вiдаць — вясна будзе павольная, позняя".
Вялiкая колькасць прыкмет звязана з бусламi, шпакамi, варонамi, жураўлямi i некаторымi iншымi вiдамi птушак. Паралель прасочвалася самая непасрэдная. З далёкага выраю птушкi прыляталi ў пэўнай паслядоўнасцi: "На Саракi, паводле народнага павер'я, вылятае з цёплага краю вястун вясны жаваронак; пасля яго — гракi, што бывае за 12 дзён да адкрыцця вады; потым качкi i журавы i, нарэшце, зязюля, якая, як кажа народ, пачынае куваць за 12 дзён да святога Георгiя (6 мая)". Апошнiмi прыляталi салаўi — птушкi кахання.
Да птушак беларусы ставiлiся як да iстот, якiя звязаны з выРаем, з месцам знаходжання душ памерлых продкаў. Таму iх прылёт з выраю ўспрымаўся весткай новага жыцця, адушаўлення-ажывання прыроды.
Да выпякання "птушак" гаспадыня запрашала дзяцей. Яны пры дапамозе спецыяльных папяровых або драўляных формаў з кардону выразалi з цеста выявы птушак i клалi iх на хлебную лапату або на капусныя лiсты, а потым на патэльню. Колькасць "птушак" вагалася ў залежнасцi ад мясцовай традыцыi — недзе ад дваццацi да сарака.
Адразу пасля таго як печыва даставалi з печы, гаспадыня выконвала абавязковае рытуальнае дзеянне — кiдала назад у печ адну "птушачку" — прыносiла ахвяру (можа, вясне, можа, агню, можа, добраму духу хаты)...
Аксана Катовiч, Янка Крук.