Сезон палявання сёння усё ж распачынаецца...

Источник материала:  

У апошнi момант

Як мы паведамлялi раней, згодна з Правiламi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, з гэтай суботы ў краiне павiнен распачацца сезон палявання на гусей. Не першы год запар напярэдаднi яго адкрыцця гучаць заклiкi забаранiць паляваць увесну на гэтых птушак. Не стаў выключэннем i гэты год. Праўда, у адрозненне ад мiнулых разоў, калi вялiся такiя ж размовы i дыскусii, цяпер лiтаральна напярэдаднi адкрыцця сезона з'явiлася больш-менш акрэсленая iнфармацыя на гэтую тэму.

Так, прагучала, што Савет Мiнiстраў накiраваў на разгляд у Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта праект указа са змяненнямi ў Правiлы вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання ў частцы абмежавання веснавога палявання на вадаплаўную птушку на асобных тэрыторыях краiны. З гэтай мэтай запланавана правесцi даследаваннi асноўных шляхоў масавай мiграцыi вадаплаўных птушак у краiне. Але ж i працэдура разгляду i ўнясення магчымых змяненняў у Правiлы, гэтак жа як i вывучэнне асноўных шляхоў масавай мiграцыi птушак — задача не аднаго дня? А сезон палявання павiнен распачацца лiтаральна сёння...

— Да прыняцця змяненняў паляванне на вадаплаўную птушку будзе праводзiцца па-ранейшых Правiлах. Таму з суботы дазволена паляваць на гусей — шэрых, белалобых, гуменнiка, — патлумачыла на запыт рэдакцыi начальнiк упраўлення бiялагiчнай i ландшафтнай разнастайнасцi Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Наталля МІНЧАНКА. — Насамрэч сутнасць тут не столькi ў правядзеннi неабходных даследаванняў асноўных шляхоў масавай мiграцыi: на большасцi тэрыторыi краiны яны ўжо вядомыя. Сутнасць, хутчэй, у даволi працяглай працэдуры — ад унясення прапаноў, iх разгляду, узгаднення магчымых змяненняў памiж шэрагам мiнiстэрстваў i ведамстваў, праходжаннi экспертызы i рэгiстрацыi iх да з'яўлення афiцыйнага дакумента. Гэта праца, думаю, будзе праведзена на працягу гэтага года, так што веснавы сезон палявання на птушку пройдзе без зменаў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←На абордаж!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика