Прадаўцам не падабаецца мець справу з адукаванымi пакупнiкамi?
15 сакавiка — Сусветны дзень абароны спажыўцоў
"Якасць тавараў i паслуг — знак якасцi жыцця!" — менавiта пад такiм дэвiзам пройдзе ў Беларусi ў Год якасцi Сусветны дзень абароны спажыўцоўЯк паведамiла на прэс-канферэнцыi з нагоды свята намеснiк мiнiстра гандлю нашай краiны Ірына Наркевiч, прыкладна 80 працэнтаў усiх скаргаў, што паступаюць у iх ведамства, звязаныя з нездавальняючай якасцю нехарчовых тавараў. "Лiдзiруюць" у гэтым спiсе абутак, адзенне, тэлефонныя апараты i iншыя складанатэхнiчныя тавары. Скардзяцца таксама спажыўцы на няякасныя медыцынскiя, жыллёва-камунальныя, транспартныя, будаўнiчыя, турыстычныя i адукацыйныя паслугi. А вось скаргаў на харчовыя тавары стала апошнiм часам значна менш. На думку Iрыны Наркевiч, гэта сведчыць, у першую чаргу, пра больш якасную работу беларускiх вытворцаў i ўкараненне на вытворчасцi сертыфiкаваных сiстэм менеджменту якасцi. Прычым часцей за ўсё прэтэнзii да якасцi прадуктаў харчавання звязаныя з парушэннем тэрмiнаў i ўмоў iх захоўвання ў прадпрыемствах гандлю.
У Беларускае таварыства абароны спажыўцоў летась звярнулiся больш як 20 тысяч грамадзян. З кожных шасцi зваротаў, што паступаюць да юрыстаў грамадскага аб'яднання, чатыры датычацца нездавальняючай якасцi складанатэхнiчных тавараў, з iх кожныя дзве скаргi — мабiльных тэлефонаў, набытых у iнтэрнэт-крамах.
— Напрыклад, спажывец не можна знайсцi прадаўца цi ў прадаўца не заключаны дагавор з сэрвiсным цэнтрам, якi, у сваю чаргу, адмаўляе спажыўцу ў гарантыйным абслугоўваннi, — расказала журналiстам старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша. — Нярэдкiя выпадкi, калi ў дакументах адсутнiчае кошт мабiльнага тэлефона, таму ў выпадку скасавання дагавора куплi-продажу спажыўцу праблематычна вярнуць свае грошы.
Ганна Суша падкрэслiла, што спажывец мае права на якасныя тавары i атрыманне якасных паслуг не толькi ў Год якасцi. Ён сваiмi грашыма аплачвае тавар i мае права патрабаваць ад вытворцы цi прадаўца высокую якасць гэтага тавару. Невыпадкова Сусветная арганiзацыя абароны спажыўцоў прапанавала правесцi сёлета Дзень спажыўцоў пад дэвiзам "Нашы грошы — нашы правы". Ганна Суша з задавальненнем адзначыла, што адукаванасць беларусаў у правах спажыўцоў iстотна палепшылася, прычым як гараджан, так i жыхароў сельскай мясцовасцi. Беларускiя спажыўцы сталi больш непрымiрымымi да тых недахопаў, з якiмi iм даводзiцца сутыкацца ў сферы бытавых паслуг i гандлю. Зразумела, што адукаванасць прадаўцоў не можа спадабацца прадстаўнiкам гандлю i сферы паслуг, але назад дарогi ўжо не будзе. Ва ўмовах рынку пры наяўнасцi канкурэнцыi на першае месца павiнен выйсцi менавiта спажывец. I трэба прымусiць усiх лiчыцца са спажывецкiм заканадаўствам.
Як вядома, ў студзенi 2009 года ўвайшла ў сiлу новая рэдакцыя Закона "Аб абароне правоў спажыўцоў". Не сакрэт, што новым законам задаволены далёка не ўсе, паколькi ён дае больш правоў спажыўцам у параўнаннi з прадаўцамi, вытворцамi цi выканаўцамi паслугi. У лексiконе прадаўцоў нават з'явiўся тэрмiн "спажывецкi экстрэмiзм".
— Мы лiчым, што ў спрэчцы памiж спажыўцом i аб'ектам гандлю цi спажыўцом i вытворцай менавiта спажывец знаходзiцца ў найменш выйгрышным становiшчы, — упэўнена Iрына Наркевiч, — таму i трэба клапацiцца найперш пра тое, каб абаранiць iнтарэсы спажыўца. Хтосьцi са спажыўцоў пасiўна адстойвае свае правы, а хтосьцi iдзе да канца, праяўляе актыўнасць. Магчыма, не заўсёды патрабаваннi i скаргi спажыўца бываюць абгрунтаваныя. I ў гэтым выпадку прадаўцы могуць сябе адукавана абаранiць, зразумела, у рамках дзейнага заканадаўства.
Напрыканцы студзеня мiнулага года ўвайшоў у дзеянне таксама абсалютна новы Закон "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг". У Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi канстатуюць, што з яго ўвядзеннем павысiлася адказнасць усiх структур, асаблiва за разгляд зваротаў грамадзян.
— Звароты грамадзян — гэта лакмусавая паперка якасцi паслуг, што аказваюцца нашымi арганiзацыямi, — прызнаецца начальнiк упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi Эдмунд Грышкавец. — Не буду хаваць: асаблiва нас непакояць паўторныя звароты грамадзян, якiя сiгналiзуюць пра тое, што праблема чалавека не вырашылася. На шчасце, летась колькасць паўторных зваротаў скарацiлася на 13 працэнтаў, а вось колькасць усiх зваротаў крыху ўзрасла — недзе ў межах трох працэнтаў. Мы аналiзуем структуру ўсiх зваротаў. Прыкладна 20 працэнтаў звязаныя з атрыманнем грамадзянамi iнфармацыi тлумачальнага характару: як правiльна плацiць, якiя дзейнiчаюць тарыфы i гэтак далей. Сярод скаргаў пераважаюць звязаныя з правядзеннем рамонтных работ i эксплуатацыяй жыллёвага фонду (53 працэнты). 14 працэнтаў скаргаў аб праблемах з водазабеспячэннем, хоць аварыйнасць i па водазабеспячэннi, i па электразабеспячэннi ў нас знiзiлася. Скаргаў на ацяпленне стала прыкметна менш. Умовы надвор'я апошняй зiмы былi вельмi падобныя на зiму 1995/1996 гадоў, таму мы i параўноўвалi сёлетнюю сiтуацыю менавiта з той зiмой. У гэты раз колькасць скаргаў на праблемы з ацяпленнем жыллёвага фонду была меншая на 60 працэнтаў. Мяркуем, што свой плён прынесла ўкараненне прыборнага ўлiку цяпла i сiстэм аўтаматычнага рэгулявання ацяплення.
Эдмунд Грышкавец паведамiў: у Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi аналiзуюць усе крытычны артыкулы, што з'яўляюцца ў сродках масавай iнфармацыi. Дарэчы, 2/3 усiх артыкулаў, якiя датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркi краiны, носяць менавiта крытычны характар. "Мы ўдзячныя журналiстам за крытыку, i, спадзяюся, робiм з яе правiльныя высновы...", — дадаў прадстаўнiк галiновага мiнiстэрства.
Надзея НIКАЛАЕВА.