РОЗГАЛАС

Источник материала:  
РОЗГАЛАСШкольнiк i пенсiянер выратавалi на пажары iнвалiда

Вучань 11-га класа Комсенiцкай школы Круглянскага раёна, член Беларускай моладзевай грамадскай арганiзацыi выратавальнiкаў-пажарных Мiкалай Кротаў выратаваў жыццё аднавяскоўцу. Пра гэта паведамiў прэс-сакратар Магiлёўскага абласнога УМНС Юрый Мятлiцкi.

20 лютага пасля абеду Мiкалай Кротаў, малады жыхар Кляпiнiчаў, ехаў па вёсцы на фурманцы i ўбачыў густы дым, якi валiў з адной хаты. Коля паведамiў пра здарэнне суседу, пенсiянеру Мiкалаю Сяргеевiчу Каралёву. Яны выклiкалi службу МНС, але разам паспрабавалi пранiкнуць у дом. Ім давялося з-за моцнага дыму па чарзе дабiрацца да мужчыны, якi знаходзiўся ў далёкiм пакоi i прасiў аб дапамозе. Гэта быў 63-гадовы пенсiянер, iнвалiд 2-й групы. Пакуль адзiн з выратавальнiкаў дыхаў паветрам, другi праз дым цягнуў да выхаду чалавека. Iм удалося справiцца: мужчына застаўся жывы, яго шпiталiзавалi. Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнасць гаспадара дома пры курэннi.

Iлона Iванова.

Зіма закончылася!

Гэтымi днямi праз тэрыторыю Беларусi будзе паступаць цёплае i вiльготнае паветра паведамiў рэдакцыi начальнiк службы гiдраметэапрагнозаў Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Дзмiтрый Рабаў.

Сёння паўсюдна будуць назiрацца ападкi ў выглядзе мокрага снегу i дажджу. Месцамi туман, галалёд, на дарогах галалёдзiца. Удзень ад мiнус 3 да плюс 3. У чацвер уначы — 0—7 марозу, па поўначы пры праясненнях да мiнус 10 градусаў, удзень — ад мiнус 2 да плюс 4. У пятнiцу ўначы ад мiнус 4 да плюс 1, удзень — 0—5 цяпла. У суботу зноў чакаецца мокры снег i дождж, на дарогах галалёдзiца. Уначы ад мiнус 4 да плюс 2, удзень — 0—5 цяпла. Уначы ў нядзелю ўсюды, а ўдзень па паўночным усходзе мокры снег i дождж. На працягу сутак ад 4 марозу да 1 цяпла, удзень па паўднёвым захадзе 2—5 цяпла. На рэках адзначаюцца невялiкiя ад аднаго да сямi сантыметраў ваганнi ўзроўняў вады. Цяпер на Дняпры ў раёне Лоева, Прыпяцi побач з вёскай Чэрнячы, на рэках Свiслач, Случ, Нарэў, Стыр i Пцiч вада ўжо знаходзiцца на пойме ў замерзлым стане. На Нёмане каля вёскi Белiца прагназуецца выхад вады на пойму.

Сяргей КУРКАЧ.

Больш за мiльён — толькi ў двух рэгiёнах

Па вынiках студзеня сярэдняя намiнальная налiчаная зарплата ў Беларусi склала амаль мiльён рублёў. Разам з тым, як паведамiлi ў Нацыянальным статыстычным камiтэце, у параўнаннi са снежнем мiнулага года сярэдняя зарплата зменшылася на 93,1 тыс. рублёў, або на 8,5 %. Пры гэтым яшчэ большым (на 9,2 %) аказалася знiжэнне рэальных, з улiкам змянення цэнаў на тавары i паслугi, заробкаў.

Як сведчыць статыстыка, вышэйшы за агульны па краiне паказчык у студзенi мелi толькi два рэгiёны — Мiнск (1 млн 348,9 тыс.) i Мiнская вобласць (1 млн 0,5 тыс. рублёў). Узровень аплаты ў астатнiх абласцях быў меншым: 946 тыс. рублёў — на Гомельшчыне, 879,3 тысячы — на Вiцебшчыне i Гродзеншчыне, 873,5 тысячы — на Брэстчыне, 871,2 тысячы — на Магiлёўшчыне. Што да асобных галiн, то ў студзенi сярэднi паказчык аплаты працы па прамысловых прадпрыемствах аказаўся 1 млн 139,1 тыс. (праўда, тут традыцыйна назiраецца цi не самая адчувальная "разбежка": ад 2 млн 155,9 тыс. па палiўнай да 677,9 тыс. — па лёгкай прамысловасцi), па будаўнiцтве — 1 млн 240,1 тыс., па транспарце — 1 млн 153,6 тыс., па сельскай гаспадарцы — 628,6 тыс., гандлi i грамадскiм харчаваннi — 911,2 тыс., па арганiзацыях аховы здароўя — 795,5 тыс., а па ўстановах адукацыi — 723,3 тыс. рублёў.

Сяргей ГРЫБ.

←Этот день в истории 24 февраля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика