Сямёрка ў народных мудраслоўях
Асноўныя мiфарытуальныя характарыстыкi лiку сем, пра якiя ўзгадвалася раней, знайшлi адлюстраванне ў творах беларускага фальклору.
Каб прыняць правiльнае рашэнне, раiлi: "Сем разоў адмерай, адзiн раз адрэж". Калi ў хаце разаб'ецца люстэрка, прадвяшчалi: "Сем гадоў шчасця не будзе". Пра далёкiх сваякоў гаварылi: "Сёмая вада на кiсялi". Пра тых, у каго бяда за бядою ходзiць, казалi: "Іх род праклялi аж да сёмага калена". Пра чалавека, лёгкага на хаду, зазначалi: "Шыбуе сямiмiльнымi крокамi".
У народных лекараў асаблiвым статусам карысталася "чацвярговая" соль, якая ў ноч з серады на чацвер прастаяла на адкрытым Месяцы — "на сямi вятрах". Пра чалавека, якi лёгка змяняў сваю думку, стаўленне да падзей, з'едлiва гаварылi: "У бабы сем пятнiц на тыднi". Калi некаму не шанцавала, спачувалi: "На год сем прыгод".
Паэтычны свет беларускiх замоў сведчыць пра тое, што лiк сем таксама з'яўляўся базавым. Калi ж знахар звяртаўся да нячыстай сiлы (трасцаў, лiхаманак, хiндзяў), то ён падкрэслiваў: "Вас, хiндзяў, семдзясят сем" (з замовы).
Такiм чынам, лiк сем увасобiў складаныя сувязi чалавека з Сусветам, знiтаваў свет Нябёсаў i зямную долю чалавека, стаў той воссю, якая i звязала, i раз'яднала быт i быццё. Сямёрка "замкнула" прыземленую шасцёрку (6), пакiнуўшы ёй права глядзець на Нябёсы, але адначасова i размежавала (7) Боскае i кесарава.
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.