Расiяне адзначаць 23 лютага з беларускiм Снайперам
Тэлесеткi
23 лютага на расiйскiм Першым канале адбудзецца прэм'ера серыяла "Снайпер. Зброя адплаты". Паводле слоў старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Зiмоўскага, зацiкавiлiся 4-серыйнай стужкай i iншыя тэлеканалы, прычым не толькi расiйскiя, але i з Украiны, Германii. "Гэта наша маленькая чалавечая i прафесiйная радасць — такi медыягiгант, як Першы, напэўна мог шмат з чаго выбiраць для паказу ў гэты сiмвалiчны дзень, але выбар спынiў менавiта на "Снайперы". Цяпер серыял набыў, я так мяркую, мiжнароднае прызнанне", — заўважыў кiраўнiк БТРК.
Уласна, чыста беларускiм гэты кiнапрадукт 2009 года назваць няправiльна — беларускi рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў здымаў у галоўных ролях расiйскiх зорак Дзмiтрыя Пяўцова i Марыю Мiронаву, акцёрскi ансамбль падабраўся ўвогуле iнтэрнацыянальны — расiяне, беларусы, паляк, лiтовец, немец, iзраiльцянiн. А за вытворчасць адказвалi сумесна Белтэлерадыёкампанiя, нацыянальная кiнастудыя "Беларусьфiльм" i расiйская кампанiя "Арт Сiнема Груп". І ўсё ж больш чым напалову серыял "тутэйшы" — толькi БТРК уклала ў яго 47 % сродкаў ад агульнага бюджэту.
Карыстаюцца поспехам, запэўнiваюць беларускiя тэлевiзiйнiкi, i iншыя серыялы сумеснай вытворчасцi — напрыклад, укладзеныя БТРК у "Маёра Ветрава" (2007 г.) 250 тысяч долараў ужо вярнулiся нават з прыбыткам, а фiльм убачылi тэлегледачы ў Расii, ва Украiне, Казахстане i нават Японi. Вядуцца перамовы наконт продажу зноў жа Першаму каналу ваеннага дэтэктыва "Замах" (2010 г.)
— Можа, i да сёлетняга вашага праекта "Нацыянальны здабытак" ужо праяўляюць цiкавасць расiйскiя каналы? — цiкавiмся ў Аляксандра Зiмоўскага.
— Не, мы не прадаём катоў у меху i не гандлюем паветрам — спачатку робiм прадукт, i толькi потым прапаноўваем яго на тэлерынак. А там прапанова вельмi вялiкая, так што пакупнiкоў трэба яшчэ заiнтрыгаваць.
— Заўжды здзiўляла, што ў беларускiх быццам бы праектах у галоўных ролях здымаюцца расiйскiя акцёры — гэта толькi дзеля таго, каб потым паспяхова прадаць карцiну? А як жа натуральнае жаданне "прасоўваць сваiх"?
— Калi мы робiм серыял для ўнутранага спажывання — такiя выпадкi таксама былi, — то цалкам дастаткова заняць у серыяле толькi беларускiх акцёраў, каб захапiць i забаўляць такую адносна невялiкую аўдыторыю, як наша. Але гэта не дасць нiякiх камерцыйных выгод, серыял у лепшым выпадку выйдзе "ў нуль". Таму трэба адразу думаць аб тым, хто зможа набыць серыял за межамi краiны, гэта сусветны кiнавопыт.
Камедыi будуць. Калi будуць свае Гайдаi
Калi пакiнуць убаку сiтуацыю з акцёрамi, пачынае мучыць iншае пытанне — чаму беларускiя серыялы замкнёныя спрэс на дэтэктыўнай i ваеннай тэматыцы? Што, не можам здымаць уласную фантастыку, гумарыстычныя серыялы, моладзевыя i г.д.? На думку Аляксандра Зiмоўскага, тут... проста няма з чаго выбiраць. "Давайце паглядзiм у мiнулае: у Гайдая былi вельмi добрыя камедыёграфы, таленавiтыя аўтары таго, што мы цяпер назвалi б камедыйнымi сцэнарыямi. Iхнi гумар быў усiм савецкiм людзям зразумелы i блiзкi, заснаваны на рэальных падзеях... Цяпер на кнiжным рынку я не бачыў смешных беларускiх кнiг, а ў наш крэатыўны аддзел нiхто не прысылаў i не прыносiў камедыйных, дый нiякiх iншых, сцэнарыяў серыялаў. Калi з'явяцца цiкавыя, рэальныя — чаму б не паспрабаваць?".
Брацца ж за экранiзацыю твораў беларускiх класiкаў БТРК не плануе, пакiнуўшы гэта права за кiнастудыяй. Затое ўжо да канца года абяцае скончыць вытворчасць пяцi 2-серыйных фiльмаў паводле дэтэктываў Вольгi Тарасевiч, аб'яднаных у праект "Нацыянальны здабытак" — а налета, вiдаць, паказаць гледачам вынiк.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.