Няблага жывём!
"Упакаваныя" кватэры сталiцы каштуюць 600—700 тысяч USD
Аналiз адкрытай iнфармацыi з базы звестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi дазваляе скласцi спiс самых дарагiх дамоў i кватэр Мiнска.
Эксперты спецыялiзаваных агенцтваў падлiчылi, што пакупнiкi 150 самых дарагiх кватэр сталiцы заплацiлi летась за набытае жыллё каля 35 млн долараў. Бадай, самым дарагiм жылым домам правамерна лiчыцца шасцiпавярховы будынак прэмiум-класа па вулiцы Ваньковiча побач з Нацыянальнай бiблiятэкай. Дом мае аўтаномную сiстэму ацяплення i ўласную гараж-стаянку. Адразу чатыры кватэры дома трапiлi ў першую дзясятку дарагога жылля. Адна пяцiпакаёвая кватэра там агульнай плошчай 210 кв. м каштавала пакупнiку каля 1 млрд 160 млн рублёў, або на той час прыкладна 430 тысяч долараў. Новы гаспадар аддаў крыху больш за 2 тысячы долараў за квадратны метр. На шостым паверсе сапраўды грандыёзная чатырохпакаёўка агульнай плошчай 257 квадратных метраў была прададзена ўвогуле за 389 тысяч долараў, або крыху больш чым 1,5 тысячы USD за жыллёвы квадрат.
Адным з самых дарагiх лiчыцца пяцiпавярховы сучасны дом на вулiцы Масквiна. У першыя 20 дарагiх кватэр тут трапiла адразу 5 жылых аб'ектаў. Самая вялiкая чатырохпакаёвая кватэра агульнай плошчай 364,3 кв. м абышлася пакупнiку за 490 тысяч долараў. Астатнiя 4 дарагiя кватэры агульнай плошчай каля 180 "квадратаў" былi набытыя новымi гаспадарамi па кошце ад 885 да 822 мiльёнаў рублёў.
Даволi дарагi дом быў здадзены ў эксплуатацыю летась восенню на праспекце Незалежнасцi побач з Акадэмiяй навук. Адразу 6 кватэр гэтага васьмiпавярховага дома трапiлi ў рэйтынг даражэйшага жылля. Кватэры агульнай плошчай больш за 130 кв. метраў каштавалi пакупнiкам у межах 270 тысяч долараў.
Новы дом па вулiцы Шорнай у раёне Нямiгi i жылы будынак па вулiцы Калiнiна, здадзены ў эксплуатацыю летам мiнулага года, таксама трапiлi ў топ дарагiх дамоў. Там самыя прасторныя трохпакаёвыя i чатырохпакаёвыя кватэры былi прададзены летась за 600—700 млн рублёў.
Мiж iншым, самай дарагой кватэрай, па звестках Нацыянальнага кадастравага агенцтва, летась стала чатырохпакаёўка па вулiцы Акадэмiчнай. Кватэра агульнай плошчай каля 230 квадратных метраў была прададзена ў лютым мiнулага года за 1 млрд 735 млн рублёў. На той час кватэра ў валюце абышлася пакупнiку прыкладна ў 630 тысяч долараў. Квадратны метр гэтай кватэры каштаваў амаль 2700 долараў.
Трэба заўважыць, што прыведзенае вышэй дарагое жыллё прадавалася летась у новых дамах амаль заўсёды без аздаблення. Старшыня савета Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мiкалай Прасталупаў адзначыў рэдакцыi, што на другасным рынку самыя дарагiя кватэры прадавалiся летась у не вельмi маладых пяцi-, шасцiпавярховых дамах па вулiцах Карла Маркса, Якуба Коласа, Грыбаедава i праспекце Незалежнасцi. Напрыклад, летась агенцтвы нерухомасцi сталiцы атрымлiвалi заказы з боку прадстаўнiкоў замежных кампанiй i камерцыйных структур на набыццё элiтнага жылля менавiта ў прэстыжных раёнах Мiнска. Пакупнiкi былi згодныя набываць апартаменты "вышэйшага гатунку" пад ключ, у якiх квадратны метр жылля абмяжоўваўся цэннiкам да 5—6 тысяч долараў. Аздабленне i "начынка" такiх кватэр цягне часам да паловы сабекошту гэтага жылля. Падобныя кватэры робяцца па iндывiдуальных дызайнерскiх праектах, маюць скураную мэблю, сучасную бытавую тэхнiку, вiдэакомплексы i г.д. Для Беларусi здзелкi такога кшталту сёння з'яўляюцца яшчэ экзотыкай. Для ажыццяўлення элiтпраектаў у старых дамах спачатку трэба выкупiць 2—3 кватэры на адной пляцоўцы, потым зрабiць поўную перапланiроўку, пасля чаго на рынак трапляюць эксклюзiўныя варыянты кватэр. Агульная плошча такiх апартаментаў складае звычайна 120—140 "квадратаў", а каштуюць яны каля 600—700 тысяч долараў. Попыт на эксклюзiўныя кватэры такой якасцi i камплектацыi невялiкi, але iснуе i сёння, лiчыць Мiкалай Прасталупаў.
Сяргей КУРКАЧ.