Медальны дождж для беларусаў
Тое, аб чым марыў кожны ўдзельнiк беларускай дэлегацыi ў Ванкуверы на XXІ зiмовых Алiмпiйскiх гульнях, здзейснiлася. Каманда нашай краiны дзякуючы фенаменальнаму "стрэлу" Дашы Домрачавай i Сяргея Новiкава, упершыню за час iснавання самастойнай дзяржавы, заваявала адразу два алiмпiйскiя медалi, прычым у адной дысцыплiне — бiятлоне. Вiншуем!!!
Зрэшты, у папярэднiм нумары газеты аўтарам гэтых радкоў было выказана меркаванне, што ў iндывiдуальных гонках на 15 км у жанчын i, асаблiва, на 20 км у мужчын, могуць нарадзiцца зусiм "няпланавыя" чэмпiёны. Так яно i адбылося.
Калi з жаночай часткай праграмы ўсё было больш-менш ясна — планка для лiдара каманды, Дашы Домрачавай, была ўзнята вельмi высока, то для квартэта мужчын услых задача па заваяваннi медалёў не аб'яўлялася. Ды i ставiць яе ў кампанii канкурэнтаў з Нарвегii, Германii, Расii, Францыi было неяк не зусiм лагiчна. Куды там супраць сусветных грандаў! Але ж на тое i iснуе iндывiдуальная гонка, дзе кожны халасты стрэл караецца дадатковай штрафной хвiлiнай...
Адзначым, што ўчарашнi дзень пачынаўся не так, як звычайна. Упершыню за час знаходжання ў Ванкуверы з ночы на горад асеў лёгкi мароз, таму ранiцай падалося, што надвор'е зноў выкiне якiя-небудзь сюрпрызы ў выглядзе мокрага снегу альбо дажджу. Праўда, ўунапрамку курортнага мястэчка Вiстлер, дзе праходзiць бiятлонная праграма, снегу пакуль што хапае, i нават i пры добрым веснавым пацяпленнi снегу хопiць да канца Алiмпiяды. Вiдаць, прырода вырашыла парадаваць арганiзатараў Алiмпiяды, спартсменаў i журналiстаў сонечным надвор'ем, калi, як на далонi, бачныя горы, пiкi якiх пакрыты бялюткiм снегам, а нiжэй — густы хвойны лес.
У такой сiтуацыi для дасягнення высокiх паказчыкаў на лыжнi вельмi шмат залежала ад жараб'ёўкi. Бо першыя нумары атрымоўваюць значную перавагу над тым, хто стартуе пазней. Як-нiяк, а лыжня, пасля старту каля сотнi ўдзельнiкаў, абавязкова змякчэе. I бегчы нязручна, i мазь не падабраць. Тут трэба аддаць належнае беларускаму трэнерскаму штабу. Роўна за дзень да стартаў была праведзена трэнiроўка ў такi ж час, як i ў сапраўднай гонцы. Пасля былi зроблены адпаведныя карэкцiроўкi.
Пра тое, як праходзiла жаночая гонка на 15 км, расказваць няма сэнсу. Ужо калi Дар'я пакiнула стрэльбiшча ў чацвёрты раз, маючы адну штрафную хвiлiну, мы ўпэўнена адарылi яе цiхiмi апладысментамi, што азначала — ёсць бронзавы медаль.
Праўда, нямецкi трэнер паказваў чатыры пальцы — верагоднасць 4-га месца для беларускi была вельмi вялiкай. За яе спiнай iшлi ўкраiнка Валя Семярэнка i полька Веранiка Навакоўска. Праўда, мы стаялi да канца, i не далi Зiберту нават долi сумнення ў заваяваннi Дашай бронзы. Як вынiк, асноўныя яе супернiцы па адным разе прамазалi i выбылi з барацьбы за месца на п'едэстале. Ёсць першы алiмпiйскi медаль!
Тое, што рабiлася пазней, можна было прадказаць. Кiраўнiцтва беларускай дэлегацыi на чале з мiнiстрам спорту i турызму Алегам Качаном адразу рынулася з вiншаваннямi да спартсменкi, якую доўгi час не прапускалi да сваiх расiйскiя i замежныя журналiсты. Яны ўжо паспелi зрабiць выснову для сябе: Дар'я Домрачава — гэта новы лiдар сусветнага бiятлона.
Пасля гэтай гонкi стала зразумела, што такi медальны пачатак павiнен прынесцi нейкую долю ўпэўненасцi ў шэрагах беларускiх спартсменаў. Надавалi станоўчы iмпульс i камплiменты з боку вядомых расiйскiх журналiстаў. Напрыклад, каментатар РТР Дзмiтрый Губернiеў сам падышоў да беларускiх калегаў i падзякаваў за цудоўны вынiк нашай бiятланiсткi. На душы стала лягчэй, сказаў Губернiеў, што i наша Даша заваявала медаль. Бо ад расiйскiх бiятланiстаў ўдача пакуль адварочваецца.
Для нашай каманды яна ў гэты дзень наадварот павярнулася тварам. У мужчынскай гонцы на 20 км мала хто мог меркаваць, што беларус Сяргей Новiкаў ўмяшаецца ў барацьбу за медалi памiж нарвежцамi Свендсанам i Б'ёрндаленам. Аднак гэта здарылася.
Бадай, самай вялiкай нечаканасцю стала тое, што Новiкаў i Б'ёрндален паказалi аднолькавы час на дыстанцыi. Гiсторыя сусветнага бiятлона такога выпадку не прыпомнiць, хоць у лыжных гонках аднойчы такое здаралася. У 1983 годзе на чэмпiянаце свету па лыжных гонках у Нарвегii на дыстанцыi 30 км савецкi лыжнiк Аляксандр Заўялаў падзялiў першае месца з нарвежцам Эдвардам Бро — кожны са спартсменаў атрымаў па залатым медалi. Цяпер кожнаму бiятланiсту было ўручана па сярэбраным. А вось бронзавы прызёр у такiх выпадках не вызначаецца.
На прэс-канферэнцыi, якая прайшла пасля завяршэння гонкi, Сяргей Новiкаў зiхацеў ад шчасця. Побач з 5-разовым алiмпiйскiм чэмпiёнам Оле-Эйнарам Б'ёрндаленам яму яшчэ быць не даводзiлася. А ў кампанii двух знакамiтых нарвежцаў — тым больш.
У гэты вечар гучалi фанфары i ў адрас беларускiх атлетаў, якiя, можна не сумнявацца, паклалi пачатак новай эры айчыннага бiятлона i сталi эталонам ў дасягненнi высокiх спартыўных вынiкаў на топ-турнiрах, узорам праяўлення лепшых чалавечых якасцяў дзеля дасягнення пастаўленай мэты.
Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. Ванкувер, Канада.
Ванкувер, Канада.