Чэмпiянат свету па хакеi-2014: распачаць адлiк i работу
Прэм'ер-мiнiстр краiны незадаволены тэмпамi падрыхтоўкi да планетарнага першынства
Учора прайшло чарговае пасяджэнне арганiзацыйнага камiтэта па падрыхтоўцы да чэмпiянату свету па хакеi 2014 года, якi пройдзе ў нашай сталiцы. Старшыня арганiзацыйнага камiтэта, прэм'ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi, раскрытыкаваў тэмпы, якiмi iдзе падрыхтоўка да сусветнага першынства. Ён нагадаў, што трэба пабудаваць як "Чыжоўка-Арэну", так i сацыяльную iнфраструктуру, вызначыцца, дзе будуць пражываць госцi чэмпiянату свету.
Сяргей Сiдорскi выказаў незадаволенасць iнфармацыйнай падтрымкай будучага планетарнага форуму. У прыватнасцi, ён заўважыў, што на сайце Мiнiстэрства спорту iдзе зваротны адлiк да Гульняў у Ванкуверы-2010, у Сочы-2014, у той жа час нiхто не ведае, колькi часу засталося да чэмпiянату свету па хакеi ў Беларусi. "Не праводзiцца нiякiх акцый па прыцягненнi iнвестараў. Паглядзiце, якая пiяр-кампанiя разгорнутая ў Расii па прасоўваннi Алiмпiяды ў Сочы".
Сяргей Сiдорскi падкрэслiў, праца-пошук i праца з iнвестарамi павiнны весцiся цяпер, бо пабудаваць усе аб'екты за адзiн год не атрымаецца. "Ёсць шэраг пытанняў па фiнансаваннi. Мiнгарвыканкам паведамляе, што iм неабходна 12 трыльёнаў на падрыхтоўку i правядзенне мерапрыемстваў. Калi гэта цалкам сродкi iнвестараў, то трэба памятаць, што стварэнне бiзнэс-плана i праца з замежным банкам займае ад 1,5 да 8 гадоў. Атрымлiваецца, што ўсе аб'екты трэба пабудаваць за адзiн год, што практычна немагчыма".
Мiнiстр спорту i турызму Алег Качан паведамiў, што зацверджаны лагатып чэмпiянату свету i з 1 сакавiка на тэлебачаннi з'явiцца вiдэаролiк, прысвечаны сiмволiцы чэмпiянату свету. Талiсман планетарнага форуму з'явiцца ў лiпенi — тэрмiн яго распрацоўкi быў падоўжаны з-за невысокай актыўнасцi насельнiцтва i прадпрыемстваў, для якiх нацыянальнай федэрацыяй хакея быў аб'яўлены конкурс. Сяргей Сiдорскi нагадаў, што сiмволiка чэмпiянату павiнна была з'явiцца больш аператыўна, каб iнвестары маглi выкупiць права выкарыстоўваць сiмволiку на сваёй прадукцыi. Прэм'ер-мiнiстр таксама выказаў незадаволенасць тым фактам, што дагэтуль не запушчаная латарэя, прысвечаная чэмпiянату свету, сродкi ад якой павiнны стаць дадатковай крынiцай фiнансавання будаўнiцтва iнфраструктуры.
Выконваючы абавязкi старшынi Мiнгарвыканкама Мiкалай Ладуцька расказаў, што сёння вядзецца будаўнiцтва гасцiнiчнага комплексу на праспекце Пераможцаў, па вулiцы Старавiленскай недалёка ад Камсамольскага возера, акрамя таго сфармiраваны пакет прапаноў ад аператараў з розных краiн на агульную колькасць каля 5 тысяч месцаў. "Зараз у Мiнску гасцiнiчная сетка мае 4,5 тысячы месцаў. Наша задача — каб намеры нашых iнвестараў сталi рэальнасцю i нам удалося падвоiць колькасць месцаў. Мы працуем з кожным заяўнiкам, дапамагаем праходзiць арганiзацыйныя працэдуры i выводзiм iх на практычную работу", — расказаў Мiкалай Ладуцька. Сёння ў сталiцы дастаткова месцаў грамадскага харчавання, каб абслужыць дадаткова 30, 40 i нават 50 тысяч чалавек, лiчыць кiраўнiк сталiчнай мэрыi. Дастаткова i грамадскага транспарту, неабходна толькi стварыць развязкi, каб паскорыць яго рух, лiчыць Мiкалай Ладуцька. Што датычыцца спартыўнай iнфраструктуры, то цяпер вядзецца праектаванне "Чыжоўка-Арэны" — другога пасля "Мiнск-Арэны" комплексу, на пляцоўцы якога пройдзе чэмпiянат свету-2014.
Алена АЎЧЫННІКАВА.