Факт адключэння быў. Зараз спрабуем знайсцi кансэнсус з пацярпелай
У даволi непрыемную сiтуацыю не па сваёй волi патрапiла жыхарка Мар'iнай Горкi Пухавiцкага раёна Галiна Бранiславаўна Грыгарэнка. Гiсторыя пачалася яшчэ 17 снежня мiнулага года, калi прыкладна а 17-й гадзiне ў доме прапала святло. Адпаведны сiгнал пра здарэнне практычна адразу быў пасланы рамонтнiкам. Аднак тыя прыехалi толькi блiжэй да абеду наступнага дня, сцвярджае заяўнiца. Усё б нiчога, але, нагадала Галiна Бранiславаўна, у тыя днi стаялi адчувальныя маразы. Газавы кацёл у заяўнiцы праз трансфарматар якраз быў падключаны да электрасеткi. І такiх працяглых экстрэмальных умоў ён папросту не вытрымаў: выйшаў са строю.
Прыехаўшыя ўжо газавiкi выдалi жанчыне адпаведны акт, дзе гаварылася, што кацёл сапраўды выйшаў са строю. I вось з таго часу пачалiся пакуты Галiны Бранiславаўны, бо з моманту здарэння яна не можа дабiцца кампенсацыi атрыманых матэрыяльных стратаў, якую, як яна лiчыць, павiнны сплацiць Мар'iнагорскiя электрычныя сеткi. А тыя быццам бы адмаўляюцца пайсцi насустрач. Дык што, падаваць у суд? Таму жанчына i патэлефанавала ў "Звязду" з просьбай аб дапамозе.
Гэта было меркаванне аднаго з бакоў канфлiкту, што ўзнiк. Цяпер паслухаем другi бок — прадстаўнiка названага прадпрыемства. Галоўны iнжынер Мар'iнагорскiх электрычных сетак Аляксандр БУРТЫЛЬ, калi мы да яго дазванiлiся, якраз толькi вярнуўся ад Галiны Бранiславаўны. Паводле яго слоў, размова з заяўнiцай была прысвечана пошуку кансэнсусу.
— Я б не спяшаўся пакуль з канчатковымi высновамi, паколькi лiтаральна днямi з Мiнска павiнна прыехаць камiсiя, якая расследуе гэта здарэнне больш дэталёва i зробiць свае высновы. Магу толькi пацвердзiць, што факт здарэння, пра якi вам паведамiла Галiна Бранiславаўна, сапраўды меў месца: у яе кватэры ў згаданы дзень адсутнiчала святло. Адбылося гэта па тэхнiчнай прычыне — з-за акiслення кантактаў. Што датычыцца слоў вашай заяўнiцы пра запознены прыезд рамонтнай брыгады, дык, згодна з адпаведнымi нарматывамi, выезд па аварыйным выклiку да спажыўца трэцяй катэгорыi — а жанчына адносiцца менавiта да гэтай катэгорыi па факце наяўнасцi ў яе канкрэтнага электраабсталявання — павiнен адбывацца на працягу не больш за суткi. Такiм чынам, у вызначаны тэрмiн мы ўклалiся, — сказаў Аляксандр Уладзiмiравiч. — З iншага боку, дазволю сабе таксама, як i ваша заяўнiца, нагадаць, што ў тыя днi былi даволi вялiкiя маразы...
Паводле яго далейшых слоў, нават калi б прадпрыемства i захацела пайсцi на ўсе ўмовы, якiя выстаўляе заяўнiца, гэтага нельга зрабiць проста так. Калi з матэрыяльнай кампенсацыяй увогуле (а не канкрэтна пакуль, бо трэба дачакацца высноў названай вышэй камiсii са сталiцы) больш-менш сiтуацыя зразумелая, дык тую ж маральную шкоду, калi Галiна Грыгарэнка будзе настойваць на яе выплаце, можна дабiцца толькi ў судовым парадку. Аднак суд, як можна меркаваць, не патрэбны нiводнаму з бакоў. Таму цяпер i вядзецца дыялог, падкрэслiў зноў галоўны iнжынер прадпрыемства.
Сяргей РАСОЛЬКА.