Сёння ў Мінску пройдуць перамовы па пытаннях электраэнергіі
Пытанні пастаўкі ў Беларусь расійскай электраэнергіі і яе транзіту ў Калінінградскую вобласць РФ і краіны Балтыі будуць абмяркоўвацца 22 студзеня на перамовах у Мінску.
Як паведаміў кіраўнік прэс‑службы расійскай кампаніі «Інтэр РАО ЕЭС» Цімур Бялоў, яе прадстаўнікі ўжо вылецелі ў Мінск.
Апошні раз тэма пастаўкі і транзіту электраэнергіі абмяркоўвалася ў Маскве 14 студзеня. Журналістам было заяўлена, што перамовы прайшлі ў »фармаце ўзважанага дыялогу».
Наступныя перамовы планаваліся ў Мінску 19 студзеня, аднак былі перанесены. Бакі растлумачылі гэта »выключна арганізацыйнымі момантамі».
20 студзеня Цімур Бялоў паведаміў, што ў перамоўным працэсе назіраецца »збліжэнне пазіцый». Ён выказаў надзею, што «ў найбліжэйшы час перамовы закончацца, і ўсе пагадненні будуць падпісаны». Раней «Інтэр РАО ЕЭС» заяўляла аб намеры паставіць у Беларусь у 2010 годзе 3 млрд. кВт•гадз электраэнергіі ў адпаведнасці з балансам Саюзнай дзяржавы, а таксама да 2,5 млрд. кВт/гадз — «на аснове прынцыпаў камерцыйнай мэтазгоднасці». Акрамя таго, кампанія плануе ажыццяўляць транзітныя пастаўкі ў Калінінградскую вобласць і краіны Балтыі. 4 студзеня канцэрн »Белэнерга» папярэдзіў аб магчымым спыненні паставак расійскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць з‑за няўзгодненасці ўмоў транзіту. У адказ «Інтэр РАО ЕЭС» заявіла, што накіроўвала ў Мінск свае прапановы, аднак рэакцыі на іх не было. Паводле інфармацыі кампаніі, перад новым годам беларускі бок запатрабаваў павялічыць кошт транзіту ў некалькі разоў, што »не адпавядае духу падпісаных раней доўгатэрміновых пагадненняў і схеме ўзаемадзеяння «Інтэр РАО ЕЭС» і «Белэнерга».
Многія аналітыкі звязваюць праблемы, узніклыя ў галіне транзіту электраэнергіі, з нафтавым канфліктам паміж Беларуссю і Расіяй, аднак афіцыйныя прадстаўнікі Масквы і Мінска гэта абвяргаюць.