Пацалунак Цярэшкі
Адразу пра пацалунак. У "Жанiцьбе Цярэшкi" ёсць некалькi гульняў, калi выбраныя i "перакручаныя" пары павiнны цмокнуцца. Але зрабiць гэта не так проста, як здаецца. Напрыклад, у гульнi "Вiшанька" хлопец мусiць даскокнуць да вуснаў сваёй "бабулькi", якая стаiць на высокiм зэдлiку. Без разгону гэта не атрымаецца.
"Жанiцьба Цярэшкi" — сапраўдная традыцыя ў Велеўшчыне. А сёлета яшчэ i ў найблiжэйшых да яе вёсках Аношкi i Поўсвiж. Якi ж Новы год i Каляды тут без Цярэшкi!? Калi распытаць старэйшых людзей на Вiцебшчыне, цi не кожны з iх прыгадае, як дружна i весела некалi ладзiла моладзь Цярэшку i абавязкова пашкадуе, што цяпер такога няма. І сапраўды Цярэшка ў жывым выглядзе ўжо нiдзе не iснуе, акрамя гэтага куточка Лепельшчыны.
У дзевяноста шостым годзе Валерый Тухта пераехаў сюды на сталае жыхарства, а годам пазней правёў першыя "Цярэшкi". Памочнiкамi ў гэтым яму былi старэйшыя аднавяскоўцы. Па iхнiх аповедах i з iхнiм непасрэдным удзелам пачыналася вяртанне абрадавага iгрышча з забыцця.Не першы год настаўнiк гiсторыi сам выконвае ролю бацькi. Як правiла на гэтую ганаровую пасаду выбiралi добрых сем'янiнаў i паважаных асобаў. "Мне стала вядома, што мой прадзед у Цярэшках заўсёды быў бацькам, — кажа Валерый i заключае: гэта для мяне вельмi iстотная акалiчнасць".
Па даўняй традыцыi Цярэшку "жанiлi" не толькi ў вялiкiх хатах, найчасцей у карчмах, а пазней — у клубах. У Велеўшчынскiм клубе хапiла месца на гульню "ручаёк", на "падыспань" i вальсы. Ролю мацi даручылi Валянцiне Iванаўне Крыцкай — пенсiянерцы з Аношак, якая лiтаральна сыпле досцiпамi i парыруе любы жарт. Прыпеўкамi весялiла мясцовая паэтка i песеннiца Соф'я Пятроўна Кузьмiч. Гарманiста свайго ў вёсцы ўжо няма, i моладзь танчыла пад баян Юрыя Шынкарэнкi з Лепеля. Кожнага, хто прымаў удзел у гульнi, можа без перабольшвання лiчыць пацалаваным самiм Цярэшкам. Нездарма яго лiчаць апекуном i стваральнiкам сапраўднай сям'i.
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
На фотаздымку момант Цярэшкi ў Велеўшчыне.