Кропля здрабняе камень. Не сiлай...

Источник материала:  

Падпiска-2010

Наша сям'я вось ужо 60 гадоў выпiсвае i чытае газету "Звязда". Гэта — як закон цяпер, як традыцыя.

А пачалося ўсё ў 1949 годзе, калi мой бацька, народны пiсьменнiк Беларусi Іван Шамякiн — былы франтавiк (усе пяць гадоў на фронце!), а пасля Перамогi — настаўнiк на Гомельшчыне, лiтаральна ўварваўшыся ў тагачаснае лiтаратурнае жыццё раманам "Глыбокая плынь", разам з сям'ёй пераехаў у Мiнск.

Натуральна, што з пераездам бацька стаў выпiсваць шмат газет, у тым лiку "Правду", "Известия" i, зразумела ж, "Звязду". Пазней ён шчыра пасябраваў з многiмi звяздоўцамi, у тым лiку з Аркадзем Апанасавiчам Тоўсцiкам (светлай памяцi!), з Таццянай Уладзiмiраўнай Падаляк i падтрымлiваў з iмi адносiны да самай смерцi — да 14 кастрычнiка 2004 года.

Бацька i сам быў актыўным аўтарам "Звязды". Адна з апошнiх яго публiкацый — апавяданне "Што сказаў Маўр?", якое ён даслаў на конкурс. I як жа радаваўся, калi атрымаў ганаровую прэмiю!

Зразумела ж, справа была не ў ёй, не ў грошах, а ў тым, што i ў свае 80 ён яшчэ можа пiсаць. I нават перамагаць у конкурсах. А для гэтага — ён ведаў — трэба шмат: трэба жыць у вiры жыцця, трэба трымаць руку на пульсе часу, трэба асэнсоўваць усе больш-менш значныя падзеi ў жыццi грамадства...

Пасля смерцi бацькi мы працягваем выпiсваць газету, заўсёды знаходзiм у ёй цiкавыя публiкацыi, радуемся, што ў рэдакцыю прыйшло маладое папаўненне — Алена Дзядзюля, Глеб Лабадзенка, Яўген Валошын...

Здаўна вядомы выраз: кропля здрабняе камень не сiлай, а частатой падзення. "Звязда" — не кропля, а чыстая, вiрлiвая рачная плынь, якая (веру ў гэта!) здолее знiшчыць у нашым грамадстве абыякавае стаўленне да роднай мовы. Таму ўсiм супрацоўнiкам газеты, яе адданым прыхiльнiкам, усiм чытачам шчыра зычу плёну ў працы, здароўя i сапраўднага чалавечага шчасця.

З павагай Алеся ШАМЯКIНА, г. Мiнск.

←Елка - суперстар

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика