РОЗГАЛАС
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камiтэта, па стане на 1 снежня насельнiцтва Беларусi складала 9 млн 660,8 тыс. чалавек. Гэта на 12,6 тыс. чалавек менш, чым у пачатку снежня мiнулага года.
Адной з асаблiвасцяў апошняга часу застаецца павелiчэнне ўзроўню нараджальнасцi. У цэлым за студзень—лiстапад сёлета ў краiне з'явiлася 100,7 тыс. дзяцей — на 1,9 тыс. больш, чым за такi ж час летась. Пры гэтым у параўнаннi з мiнулым годам адзначана павелiчэнне (на 1,9 працэнта) колькасцi зарэгiстраваных шлюбаў, а таксама змяншэнне (на 4,7 працэнта) колькасцi разводаў.
Разам з тым, краiна працягвае несцi натуральныя страты насельнiцтва з-за высокай смяротнасцi. Зноў-такi за студзень—лiстапад гэтага года ў Беларусi памерлi 123 тыс. чалавек — на 0,7 тысячы больш, чым летась. Такiм чынам, адзiнае, што па-ранейшаму стрымлiвае агульнае скарачэнне колькасцi насельнiцтва — станоўчае мiграцыйнае сальда. За студзень—лiстапад на сталае месца жыхарства ў нашу краiну прыбыў 18 231 чалавек, тады як выехала 7074.
Паводле iнфармацыi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта, буйнейшым па колькасцi жыхароў рэгiёнам Беларусi з'яўляецца сталiца — у пачатку снежня тут налiчваўся 1 млн 856,4 тыс. чалавек. Насельнiцтва Гомельскай вобласцi складала 1 млн 461,1 тыс., Мiнскай — 1 млн 443,7 тыс., Брэсцкай — 1 млн 428,4 тыс., Вiцебскай — 1 млн 258,1 тыс., Магiлёўскай — 1 млн 115 тыс., Гродзенскай — 1 млн 98,1 тыс. чалавек.
Сяргей ГРЫБ.
Новыя беларускiя вадзiцельскiя пасведчаннi будуць поўнасцю адпавядаць мiжнародным стандартамНовыя беларускiя вадзiцельскiя пасведчаннi будуць поўнасцю адпавядаць мiжнародным стандартам. Аб гэтым паведамiў на прэс-канферэнцыi начальнiк УДАІ УУС Мiнаблвыканкама Мiкалай Караткевiч.
Плануецца, што ДАI пачне выдаваць новыя нацыянальныя вадзiцельскiя пасведчаннi летам 2010 года. Узор дакумента пакуль не зацверджаны канчаткова. Плануецца, што гэта будзе пластыкавая картка стандартных памераў (такiх як у банкаўскай крэдыткi) з фатаграфiяй уладальнiка, а таксама штрыхкодам. На адваротным баку будзе пералiк вадзiцельскiх катэгорый, прычым да ўжо iснуючых дададзена катэгорыя для вадзiцеляў скутэраў. Новы ўзор будзе практычна такi ж, як вадзiцельскiя пасведчаннi, што выкарыстоўваюцца ў Еўрасаюзе. Як адзначыў Мiкалай Караткевiч, жыхары Беларусi выязджалi i прадаўжаюць выязджаць з краiны, маючы пры сабе пасведчаннi, якiя не цалкам адпавядаюць мiжнародным стандартам. Аднак гэта пакуль не стварала асаблiвых праблем для нашых суайчыннiкаў, калi яны размаўлялi з прадстаўнiкамi замежных палiцэйскiх ведамстваў або бралi машыну напракат у iншай краiне. Тым не менш з новым узорам аўтападарожжа па Еўропе стане яшчэ больш камфортным. Пасведчаннi новага тыпу будуць выдавацца пасля заканчэння тэрмiну дзеяння старога вадзiцельскага пасведчання, пры страце апошняга або проста па жаданнi аўтаўладальнiка.
БЕЛТА.
Новыя манеты з устаўкамi з брыльянту i крышталюНацыянальны банк Беларусi з сённяшняга дня выпускае ў абарачэнне ў рамках мiжнароднай манетнай праграмы памятныя манеты "Вавёрка" — залатую i срэбную, паведамiў карэспандэнту "Звязды" намеснiк начальнiка Упраўлення iнфармацыi галоўнага банка краiны Мiхаiл Журавовiч.
Залатая манета з устаўкай з брыльянта мае намiнал 50 рублёў, пробу сплаву 999, масу 7,78 г, сярэбраная з устаўкай з крышталю Свароўскi — намiнал 20 рублёў, пробу сплаву 999, масу 31,10 г. Гэтыя манеты адчаканеныя на манетным двары "Б.Х. Маерс Кунстпрэгенштальт" (Германiя) якасцю "пруф". Тыраж залатой манеты — 2000 штук, срэбнай — 5000 штук. Нацыянальны банк Беларусi 30 снежня таксама ўводзiць у абарачэнне памятныя манеты "Пакацiгарошак. Легенды i казкi народаў краiн ЕўрАзЭС": срэбную — намiналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,63 г, медна-нiкелевую — намiналам 1 рубель. Манеты адчаканеныя на РДП "Казахстанскi манетны двор Нацыянальнага банка Рэспублiкi Казахстан": срэбныя якасцю "пруф", тыражом 3000 штук, медна-нiкелевыя — "пруф-лайк", тыражом 3500 штук.
Iгар ГРЫШЫН.
Аршанец прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волi за двайное забойстваПра гэта паведамiла БЕЛТА следчы па найважнейшых справах пракуратуры Вiцебскай вобласцi Iнеса Рогулева.
Жорсткае злачынства нецвярозы малады чалавек учынiў у невялiкiм лясным масiве Оршы, якi з'яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку гараджан. Прагульваючыся з сабакам, аршанец, які меў судзімасці за крадзяжы, палiчыў, што мужчына, якi адпачываў тут, хоча нанесцi шкоду яго хатняму гадаванцу. У лютасцi хлопец збiў яго бервяном. Затым, каб скрыць злачынства, такiм жа чынам ён забiў спадарожнiцу мужчыны.