У разгары... грыбны сезон
Што за фантазii ў пачатку зiмы? Мусiм запэўнiць, што гэта не першакрасавiцкi жарт. Проста кааператары Браслаўскага раённага спажывецкага таварыства паставiлi на канвеер вытворчасць далiкатэснай прадукцыi. Канкрэтна – вырошчванне вельмi карысных грыбоў вёшанак. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльна абсталяваныя чатыры памяшканнi на прадпрыемстве “Браслаўскi каапнарыхтпрам”, калектыў якога ўзначальвае дырэктар Уладзiмiр Навумаў.
Даўно даказана эканамiчная эфектыўнасць вырошчвання “дамашнiх” грыбоў. Бясспрэчна i тое, што яны надзвычай каларыйныя, валодаюць шматлiкiмi лекавымi ўласцiвасцямi i наблiжаны да бялковай ежы. У адрозненне ад сумнiўных лясных “калег”, вёшанкай немагчыма атруцiцца. Нездарма ж на прамысловай аснове гэты каштоўны грыб актыўна культывуюць у ЗША, Японii, Бельгii, Германii, Iталii, шэрагу iншых высокаразвiтых краiн. Дарэчы, у мiнулым годзе браслаўскiя ўмельцы сабралi цэлую тону вёшанак. У гэтым сезоне ( а распачаўся ён у кастрычнiку—лiстападзе з пасадкi мiцэлiю) кааператары мяркуюць вырасцiць 1200 кiлаграмаў грыбоў.