Упершыню незалежную Беларусь наведаў польскi мiнiстр культуры
У Мiнску Богдан Здраеўскi сустрэўся з Паўлам Латушкам
Вiзiт польскага мiнiстра культуры можна назваць не толькi культурнiцкiм. Калi мiнiстр суседняй дзяржавы ўпершыню за часы незалежнай Беларусi наведвае Мiнск — гэта i палiтычны вiзiт. Знак таго, што прыкрыя непаразуменнi мiж краiнамi знятыя, што супрацоўнiцтва наладжваецца.
Афiцыйная тэма вiзiту — абмеркаванне 2010 года як Года 200-годдзя Фрэдэрыка Шапэна.
Таксама — дэталёвае абмеркаванне супрацоўнiцтва мiж краiнамi ў сферы культуры.
— Хачу падзялiцца з вамi прыемнай навiной, — пачаў прэсавую канферэнцыю мiнiстр культуры Беларусi Павел Латушка. — Музычная школа № 3 Мiнска атрымала iмя Фрэдэрыка Шапэна.
— Мы ў сваю чаргу перадаём гэтай школе копiю бюста Шапэна ХІХ стагоддзя, — дадаў Богдан Здраеўскi.
Павел Латушка казаў пра тое, што Польшча i Беларусь маюць шмат вядомых асобаў — агульных для дзвюх краiн, якiх нельга падзялiць. Сярод iх — Напалеон Орда, Ежы Гедройц, Рышард Капусцiнскi, Чэслаў Неман...
Богдан Здраеўскi адзначыў, што актыўнае супрацоўнiцтва Польшчы i Беларусi мусiць быць у галiне рэстаўрацыi помнiкаў архiтэктуры.
— Гэта факт, што польская школа рэстаўратараў — адна з найлепшых у свеце, — зазначыў пан Здраеўскi. — I мы гатовыя падзялiцца гэтым досведам з вамi...
Падрабязны рэпартаж пра вiзiт мiнiстра культуры Польшчы чытайце ў заўтрашнiм нумары. Не прапусцiце эксклюзiў — цэлы дзень знаходжання пана Богдана Здраеўскага з журналiстаў яго суправаджаў толькi карэспандэнт "Звязды"...
Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара.