Змена пораў года

Источник материала:  

Акрамя чатырох найважнейшых святаў, якiя адпавядалi дакладна фiксiраваным становiшчам сонца ў яго задыякальным руху, ва ўсходнiх славян iснавалi яшчэ чатыры рытуальна-абрадавыя комплексы, якiя суадносiлiся з прамежкавымi сiтуацыямi. Яны адзначалiся ў роўных прамежках памiж фазамi сонца, а гэты час адпавядаў у прыродзе змене пораў года. А таму такiя святы мелi ў сабе адначасова два пачаткi, скiраваныя да розных полюсаў. З аднаго боку, яны падводзiлi вынiкi той пары года, якая завяршалася, а з iншага — утрымлiвалi тайну зараджэння i распачынання наступнай пары года.

  На пераходзе зiмы ў вясну святкавалася вясёлая, шчодрая на ласункi, багатая на гасцяваннi Масленiца.

  На мяжы памiж вясной i летам адзначалi Зялёныя святы — вельмi складаны рытуальна-абрадавы комплекс, якi доўжыўся два тыднi i ахоплiваў Тройцу — Сямiк — Сёмуху — Русальны (Граны) тыдзень.

  Летнi цыкл абрадаў завяршаўся святкаваннем дажынак, якiя вянчалi сабой шматлiкiя рытуальныя дзеяннi, звязаныя з галоўным момантам ва ўсёй гадавой дзейнасцi чалавека-земляроба — зборам узгадаванага ўраджаю. Жнiво i бязмежна вялiкi цыкл песеннага фальклору, якi яго суправаджаў, — гонар за працоўныя дасягненнi чалавека, радасць за багаты ўраджай, сабраны i своечасова ўпарадкаваны.

  Заключным рытуальна-абрадавам комплексам былi Восеньскiя дзяды — свята ўшанавання памяцi памерлых продкаў. Славяне верылi, што памерлыя i пахаваныя ў зямлi продкi маглi рабiць iстотны ўплыў на ўраджай наступнага года. Таму своеасаблiвым вынiкам дыялогу чалавека з прыродай на працягу каляндарнага года было абавязковае памiнанне продкаў, а праз iх — шчырая падзяка зямлi за здзейсненыя мары i адначасова выказванне спадзяванняў на прыхiльнасць у будучынi. Пакровы i Восеньскiя дзяды "замыкалi" зямлю, былi той сiмвалiчнай мяжой, пасля якой забаранялiся ўсялякiя работы на ёй, каб не парушыць яе восеньскай самоты.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Калядныя анёлы прыляцелi

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика