Добрай ранiцы, Беларусь! прымае заказы ад гледачоў
Хто-хто, а тэлевiзiйнiкi па традыцыi пачынаюць рыхтавацца да сустрэчы Новага года загадзя. Адны да апошняга трымаюць свае задумы ў сакрэце, другiя, наадварот, рэкламуюць свае праекты на кожным кроку. Адна з найбольш рэйтынгавых праграм Першага канала, "Добрай ранiцы, Беларусь!", вырашыла пайсцi iншым шляхам — запрасiць гледачоў актыўна паўдзельнiчаць у падрыхтоўцы.
У мiнулыя гады, напрыклад, творчая група праграмы шукала двайнiкоў знакамiтых асобаў i проста блiзнят. Цяпер жа прапанoўвае выбраць "усенародных" Дзеда Мароза i Снягурку — з лiку чатырох пар вядучых. Святлана Бароўская i Аляксандр Паўлаў, Вольга Водчыц i Дзмiтрый Карась, Алена Мiхалоўская i Аляксандр Аўчыннiкаў, Вольга Шлягер i Глеб Давыдаў атрымалi навагоднiя заданнi, справаздача пра выкананне якiх робiцца ў эфiры. Самае простае заданне — арыгiнальна ўпрыгожыць ёлку — вядучыя выканалi ўжо 1 снежня, але на чарзе больш складаныя iспыты. Напрыклад, пабыць чараўнiкамi — развесялiць цэлую групу малых у дзiцячым садку — або распiсаць вiтражы на навагоднюю тэматыку. А як вы думалi: сапраўдныя Дзед Мароз i Снягурка — чараўнiкi, якiя могуць усё!
Гледачы ж могуць прагаласаваць за лепшую, на iх погляд, пару, на сайце Белтэлерадыёкампанii — да 20 снежня. Абраныя такiм чынам навагоднiя персанажы (вiдаць, у якасцi пакарання?) стануць вядучымi святочнага выпуску "Добрай ранiцы, Беларусь!" 2 студзеня, калi ў самай вялiкай студыi Белтэлерадыёкампанii каля 4-метровай ёлкi будзе наладжаны ранiшнiк.
Таксама да 20 снежня прымаюцца заяўкi тэлегледачоў, якiя жадаюць павiншаваць сваiх родных i блiзкiх са святамi — першая ранiца 2010 года будзе складацца толькi з гэтых вiншаванняў i песень. Заяўкi прымаюцца на адрас 220807, Мiнск, вул. Макаёнка, 9, "Добрай ранiцы, Беларусь!" або па электроннай пошце — utro@tvr.by.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.