150 тысяч людзей на вуліцах — i нiводнай пабiтай вiтрыны

Источник материала:  

Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА даведаўся ў Ляйпцыгу, як пачыналася мiрная рэвалюцыя 1989 года ў ГДР i што там рабiў у той час Уладзiмiр Пуцiн

Нашы заходнiя суседзi, палякi, любяць паўтараць: "Пачыналася ўсё ў Гданьску". Маючы на ўвазе, што менавiта з гданьскiх верфяў i пратэстаў на чале з легендарным Лехам Валенсам пачыналася незалежнасць Польшчы ад камунiстаў у 1989 годзе.

У немцаў такую ролю выканаў Ляйп- цыг (якi расiйцы памылкова называюць Лейпцыгам). Горад, дзе амаль 30 гадоў працаваў Ёган Себасцьян Бах, дзе Вагнер вучыў Нiцшэ музыцы, а Нiцшэ Вагнера — фiласофii. Горад, дзе ў 1409 годзе быў заснаваны славуты ўнiверсiтэт, у якiм паспелi павучыцца Гётэ i Лейбнiц, Лесiнг i Лiбкнехт, Нiцшэ i Радзiшчаў, а таксама Ангела Меркель.

150 тысяч людзей на вуліцах — i нiводнай пабiтай вiтрыныІ менавiта Ляйпцыгу ў 1989 годзе было наканавана стаць ядром разбурэння камунiстычнага рэжыму ў ГДР. Стаць месцам, дзе воля гараджанаў у вынiку прывяла да ўз'яднання Германii.

Пра гэта я думаў, едучы з хуткасцю 160 км/г з Берлiна ў Ляйпцыг. Такая вандроўка стала магчымая ў межах журналiсцкага трэнiнгу "То4ка-Treff", зладжанага Iнстытутам Гётэ ў Мiнску i Маскве.

"Мы чакалi ўсяго, але толькi не людзей са свечкамi..."

Ляйпцыг па колькасцi насельнiцтва — як наш Гомель. Па плошчы — крыху большы за Мiнск.

Ад вакзала я крочу наўпрост да царквы Святога Мiкалая, заснаванай ажно ў 1165 годзе, шматразова перабудаванай з таго часу. Тут нашу групу сустракае спадарыня Iрмтраўт Холiтцэр, непасрэдная ўдзельнiца падзей 1989 года.

— Усё пачалося са штотыднёвых малiтваў аб мiры, якiя праходзiлi па панядзелках а 17-й гадзiне, — кажа фрау Холiтцэр. — Людзi, якiя разумелi бесперспектыўнасць шляху ГДР, мелi толькi адзiную магчымасць сустрэцца i паразмаўляць — у храме. Iншых памяшканняў улада iм не давала. Наш храм змяшчае 2000 чалавек, i паступова гэтых месцаў перастала хапаць...

Сходы працягвалiся на вольным паветры. Пра гэта нагадвае цiкавы помнiк — абсалютная копiя адной з калонаў храма на плошчы перад iм: як сведчанне таго, што прастора i атмасфера храма пашырылася на гарадскiя плошчы. Людзей болела: 2 тысячы, 5 тысяч, 10 тысяч... Адметна, што на малiтоўныя сустрэчы пачалi прыходзiць не толькi пратэстанты, але i людзi iншых канфесiй, прадстаўнiкi грамадскiх рухаў, моладзь. Сакрэтная палiцыя "Штазi" не спала ў шапку. На малiтвы сталi прыходзiць агенты ў цывiльным, часам iх колькасць складала палову прысутных. Святары вылiчвалi iх беспамылкова — па засяроджанай постацi, няветлым позiрку — аднак не ўсчынялi шуму. Гэта нядрэнна, казалi святары, што гэтыя людзi слухаюць разам з намi Нагорнае казанне. Дзе яны яшчэ яго пачуюць?..

— Увосень 1989-га напруга пачала нарастаць, — працягвае спадарыня Холiтцэр. — На панядзелкавыя сустрэчы сталi ехаць людзi з усяе ГДР, палiцыя перакрывала дарогi на Ляйпцыг, пiльнавала людзей на прылеглых вулiцах, у дварах стаялi аўтазакi. Пасля малiтваў пачалiся арышты, людзей пужалi звальненнямi, фiзiчнай расправай. Чорным днём стала 7 кастрычнiка, калi адзначалася 40-годдзе ГДР. Гэты дзень мы называем цяпер днём усенароднай жалобы. Дзесяць гадзiнаў запар людзi ў форме збiвалi мiрных грамадзянаў, адвозiлi iх на грузавiках за горад. Сотнi людзей замкнулi ў канюшнях Марклееберга. У праўладнай газеце з'явiўся артыкул, што "варта скончыць з "контррэвалюцыяй", калi неабходна, нават са зброяй у руках"...

Так i сталася 9 кастрычнiка, у гiстарычны панядзелак. Пасля малiтвы ў храме людзi выйшлi на плошчу, дзе iх чакалi яшчэ дзясяткi тысячаў аднадумцаў. Усе трымалi ў руках свечкi. А каб трымаць свечкi на дварэ, адной рукi мала — другой трэба затуляць, ахоўваць агонь. I пры гэтым ужо не возьмеш палку цi камень, каб змагацца з палiцыяй i войскамi. Палiцыя аслупянела, не ведала, што рабiць. Бо чакала супрацiву, бойкi. Людзi рушылi ад храма ў горад, на плошчу. На здымках таго дня добра вiдаць, як зверху выглядае 150 тысяч чалавек — гэта процьма народу, якi ўжо не спынiш палiцыяй i нават войскамi без вялiкай крывi. I ўлады ГДР, пэўна, не наважалiся пралiць вялiкую кроў. Мiрныя дэманстранты занялi будынак "Штазi". Супрацоўнiкi сакрэтнай палiцыi якраз у гэты момант лiхаманкава знiшчалi дакументы — паклёпы, рапарты, пастановы. Канец ГДР быў пакладзены.

— Мы заўжды падкрэслiваем, што гэта была мiрная рэвалюцыя, — кажа спадарыня Холiтцэр. — Да гэтага нас увесь час заклiкалi святары: не адказваць на агрэсiю, на правакацыi... Вынiк: 150 тысяч людзей на вулiцах — i нiводнай пабiтай вiтрыны!

Усяго некалькi тыдняў працягваўся гэты негвалтоўны рух, аднак ён прывёў да спынення дыктатуры партыi i ўз'яднання краiны.

...Чалец ЦК i ўрада ГДР гер Зiндэрман сказаў перад сваёй смерцю: "Мы ўсё спланавалi. Мы да ўсяго былi падрыхтаваныя, але толькi не да свечак i малiтваў"...

"Музыка Майкла Джэксана шкодна ўплывае..."

Музей "Штазi" — кантрасны душ пасля агледзiнаў сённяшняй цывiлiзаванай, еўрапейскай Германii. Цяжка ўявiць, што ўсё гэта адбывалася тут усяго 20 гадоў таму! Знаходзiцца музей у былым будынку "Штазi" — тым самым, якi занялi мiрныя рэвалюцыянеры ў 1989 годзе.

150 тысяч людзей на вуліцах — i нiводнай пабiтай вiтрыны— Задачай "Штазi" было ўсяляк кантраляваць людзей, — кажа спадарыня Холiтцэр. — Iм трэба было не дапусцiць вальнадумства, смелых настрояў у грамадстве, не дапусцiць пераменаў. Афiцыйная прапаганда працавала спраўна — нам распавядалi пра "жахi, якiя творацца ў Заходняй Германii", пра "пачварны капiталiзм", пра "новыя праявы фашызму", пра "загнiваючую краiну". А мы глядзелi сабе iхняе тэлебачанне — i бачылi зусiм iншае: людзей з усмешкамi на тварах, прыгожыя рэчы i адзенне, iншае жыццё, перспектыву...

У музеi структураваныя ўсе прыстасаваннi, якiя выкарыстоўвалi "Штазi". У адным з пакояў — прылады для чытання пошты. Некалькi спецыяльных машын з парай — ахайна расклейваць канверты. Фотамашына з лямпамi — фатаграфаваць узор почырку. I прэс — ахайна заклейваць назад. Вось яна, нямецкая педантычнасць! У iншых краiнах часам абыходзяцца простым штэмпелем "Атрымана ў пашкоджаным выглядзе"... Ёсць тут i набор фальшывых штэмпеляў розных поштаў свету. З iх дапамогай спецагенты iмiтавалi лiсты ў ГДР з розных краiнаў — дзе людзi "пiсалi", што "краiна на правiльным шляху". Таксама фальсiфiкавалiся лiсты з ФРГ — маўляў, жывем вельмi дрэнна i хочам да вас.

Iншы пакой музея — прылады для маскiравання: грым, штучныя вусы i бароды, парыкi, гiпсавыя насы... Суседняя экспазiцыя — фотаапараты шпiкаў, мiкрафоны, зашытыя ў курткi. Экспануюцца тут i сачыненнi гэдээраўскiх дзетак, дзе малыя (няўжо самi?!) пiшуць пра "загнiваючы капiталiзм ФРГ", "дрэнныя ўплывы Захаду" i "шкоду ад музыкi Майкла Джэксана"...

Асобная зала прысвечаная падабенству "Штазi" i савецкага КДБ. Падобныя эмблемы, падобная сiстэма ўзнагародаў.

— А цi ведаеце вы, хто быў шэфам КДБ у Саксонii ў той час? — пытаецца спадарыня Холiтцэр у прысутных. — Мiстар Пуцiн! Калi ён прыязджаў з вiзiтам да нас, то згадваў некаторыя дэталi тае працы...

У афiцыйнай бiяграфii Уладзiмiра Пуцiна, мiж iншым, значыцца, што ён "у 1985 годзе камандзiраваны ў ГДР, дзе працаваў дырэктарам Дома савецка-нямецкага сяброўства ў Дрэздэне. Курыраваў з боку КДБ паводзiны савецкiх студэнтаў у ГДР. Знаходзiўся там да канца 1989 — пачатку 1990". Якраз да часу, калi Савецкi Саюз i савецкi КДБ цалкам страцiў уплыў у ГДР. Дарэчы, у ГДР нарадзiлася малодшая дачка Пуцiна.

На сканчэнне экспазiцыi нам паказваюць вялiкую машыну для знiшчэння дакументаў. Сiмвалiчна, што сёння немцы стварылi, па сутнасцi, такую ж антымашыну — якая пры дапамозе камп'ютарнай праграмы склейвае разрэзаныя кавалкi ў цэлыя старонкi дакументаў. Дакументаў, з якiх немцы даведваюцца, што даносiлi на iх у "Штазi" iх сябры i калегi.

"Стаяць! Мы будзем страляць!"

За мiнулыя 20 гадоў немцы пастаралiся максiмальна сцерцi з вулiц былой ГДР напамiн пра гады камунiстычнай улады. Усё гэта яны звузiлi да межаў музеяў i адмысловых выставаў. Бо месца гераiчнай гiсторыi — у помнiках i назвах вулiц. Месца страшэннай гiсторыi — у музейных залах. Куды прыводзяць дзетак i паказваюць: так нiколi больш не мусiць паўтарыцца.

Тут, у Доме гiсторыi ГДР, музейшчыкi iмкнуцца максiмальна аб'ектыўна паказаць асаблiвасцi 40 гадоў жыцця iхнай зямлi. Толькi мала радаснага знойдзе тут наведнiк: у вочы кiдаецца ўбогасць гэтага жыцця, адсталасць ад цывiлiзаваных краiнаў таго часу. Тут я пабачыў жыццё, якiм жылi простыя савецкiя людзi ў той час — у тым лiку i беларусы. I сто разоў падзякаваў Богу, што на гэтае жыццё я гляджу ў музеi.

Асаблiва ўражвае вiдэаролiк — дакументальныя здымкi, як людзi цераз раку ўцякаюць з ГДР у ФРГ. Iх даганяе катэр памежнiкаў, чуваць крыкi: "Стаяць! Мы будзем страляць!" А з Заходняга берага ўцекачам цягнуць рукi простыя людзi. Такiя былi правiлы: дакрануўся да iншага берага — усё, не маюць права страляць. Свабода — ты на тэрыторыi ФРГ!

Iншае вiдэа паказвае, як уцекачы пералазяць у Празе агароджу амбасады ФРГ — i тым самым ратуюць сябе ад пераследу камунiстычных уладаў ГДР...

Немаўля i Бах

Завяршыўся дзень, аднак, на ўзнёслай ноце — пашчасцiла наведаць канцэрт арганнай музыкi ў Томаскiрхе. Тут з 1723 па 1750 год служыў кантарам Ёган Себасцьян Бах (i паралельна — у згаданым раней храме Святога Мiкалая). Тут знаходзiцца i ягоная магiла.

Я слухаў арган, заплюшчыўшы вочы, i думаў пра Баха. Усё-ткi свет справядлiвы — у iм на стагоддзi застаецца толькi сапраўднае. Сапраўдныя людзi i творы, сапраўдныя ўчынкi i героi, сапраўдныя пачуццi. Музыка Баха, як i ягоны прах тут, памятаюць за сценамi храма i баталii напалеонаўскiх войнаў, i жаўнераў Першай сусветнай, i фашыстаў, i камунiстаў. Усё прыкрае i часовае мiнула — хоць часам людзi ў адчаi не заўжды верылi ў гэта. А музыка Баха — вяршыня чалавечай творчасцi, чароўнае спалучэнне гукаў — працягвае гучаць у Томаскiрхе.

Я расплюшчыў вочы ад крыку немаўляцi. I ўсмiхнуўся. Гэтае дзiця не хутка даведаецца, што такое фашызм ды iншая трасца. Але ўжо зараз у ягонай падсвядомасцi гучыць сапраўднае — музыка Ёгана Себасцьяна Баха.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

Ляйпцыг.

(Працяг будзе.)

←«Теоретики» на практике

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика