Беларускiя ўрачы прааперыравалi цяжарную жанчыну з дзвюма злаякаснымi пухлiнамi
Рэдкi выпадак у медыцынскай практыцы адбыўся ў Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М.М. Аляксандрава. У гэтым цэнтры хiрургii прааперыравалi цяжарную жанчыну, у якой былi выяўлены адразу дзве самастойныя, не звязаныя памiж сабой злаякасныя пухлiны, якiя развiвалiся адначасова ў розных органах.
Пухлiны былi дыягнаставаныя пасля 30 тыдняў цяжарнасцi. Высветлiлася, што ў жанчыны саркома малочнай залозы (памер пухлiны складаў больш за 4 см), а таксама злаякасная пухлiна часткi кiшэчнiка памерам звыш 10 см. На тэрмiне ў 33 тыднi было вырашана зрабiць кесарава сячэнне. Аперацыя iшла ў некалькi этапаў i працягвалася больш за 6 гадзiн, у ёй былi задзейнiчаны некалькi брыгад хiрургаў, у тым лiку i з РНВЦ "Мацi i дзiця". У вынiку на свет з'явiлася дзяўчынка вагой больш за 1,5 кг, якая цяпер знаходзiцца ў цэнтры "Мацi i дзiця". Пасля пацыентцы была выдалена частка кiшэчнiка i адна малочная залоза.
БЕЛТА.