Жыватворны струмень інтэграцыi

Источник материала:  

Беларускiя i расiйскiя лiтаратары ствараюць агульную суполку

Саюзнай дзяржаве хутка споўнiцца 10 гадоў, рэалiзуецца мноства праектаў, сама яна пакрысе абзаводзiцца многiмi важнымi атрыбутамi, напрыклад, саюзнай уласнасцю. А напярэдаднi круглай даты да iх далучыцца i агульная творчая структура. Сёння ў Мiнску праходзіць устаноўчы з'езд Саюза пiсьменнiкаў Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii.

— Мы паступова iшлi да гэтай падзеi, — кажа Генадзь ПАШКОЎ, першы сакратар Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. — Нам неставала тых цесных i трывалых сувязяў, якiя былi ў беларускiх i расiйскiх лiтаратараў у савецкiя часы. Хоць расiйскiя выданнi i прысутнiчалi на нашым рынку, аднак у моры лiтаратуры, так бы мовiць, бульварнай, расiйская класiка неяк гублялася. Для нас быў адчувальны недахоп iнфармацыi, мы не так i шмат ведалi пра тое, што выходзiць у Расii. Падчас лiтаратурных сустрэч гэта заўжды гучала як балючае шкадаванне, i з абодвух бакоў увесь час былi нейкiя памкненнi аднавiць страчаныя сувязi. Выпускалiся абменныя нумары часопiсаў "Наш современник" i "Нёман", нашы маладыя лiтаратары запрашалiся ў Расiю на сустрэчы маладых творцаў, праводзiлiся сумесныя "круглыя сталы" i шмат чаго iншага. Так натуральна i наспела iдэя стварыць у рамках Саюзнай дзяржавы агульны Саюз пiсьменнiкаў. У свой час iдэю стварэння такога саюза агучвалi многiя лiтаратурныя мэтры. Iнiцыятарамi стварэння новай лiтаратурнай суполкi выступiлi Валерый Ганiчаў i Валянцiн Распуцiн, Ягор Iсаеў i Уладзiмiр Карпаў, Уладзiмiр Гнiламёдаў, Алесь Савiцкi i iншыя знакамiтыя пiсьменнiкi.

— Сёння мы збяромся на свой форум, дзе будзем прымаць статут, ствараць кiраўнiчыя органы, вызначаць кiрункi нашай працы, — адзначае Г. Пашкоў. — Галоўнае ў ёй — прапаганда лiтаратараў, расiйскай лiтаратуры ў Беларусi i беларускай лiтаратуры на прасцягах Расiйскай Федэрацыi. Лiтаратура сама па сабе iснаваць не можа, тут патрэбны творчы ўзаемаабмен, узаемаўзбагачэнне. Варта ладзiць агульныя мерапрыемствы, мяркую, з цягам часу адновiцца традыцыя праводзiць Днi лiтаратуры (беларускай у Расii, i расiйскай — у нас).

З'яўленне новай лiтаратурнай суполкi зусiм не азначае, што спыняць сваё iснаванне Саюз пiсьменнiкаў Беларусi i Саюз пiсьменнiкаў Расii як асобныя адзiнкi, перасцерагае ад памылковых высноў Генадзь Пашкоў.

— Саюз пiсьменнiкаў Беларусi — гэта арганiзацыя не бюракратычная. Наша задача — рабiць усё, каб пiсьменнiку працавалася лепш. Мы назiраем вялiкую падтрымку з боку кiраўнiцтва, прыняты шэраг дакументаў у гэтай сферы, увага да праблем лiтаратуры адчувальная, — кажа першы сакратар Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

Мы не маглi не пацiкавiцца, як Генадзю Пятровiчу працуецца на новым месцы:

— Пасля нейкага перыяду творчай працы наступiў перыяд арганiзацыйнай, i адразу ж падрыхтоўка з'езда, таму нiбы ў кiпенi, аднак у душы энтузiязм, акрыленасць. Калi справа iдзе да яднання, згуртавання, гэта ўзвышае душу, дае крылы.

Iнтэграцыя Беларусi i Расii, на яго думку, гэта неабходны глыток паветра для абодвух народаў. Яднанне гэта павiнна быць ва ўсiх галiнах, i асаблiва ў духоўнай сферы.

— Лiтаратура заўжды выяўляе сваiх герояў — у гiстарычным разрэзе i ў сённяшнi час. Гiсторыя народаў Беларусi i Расii здаўна знiтаваная, i сумесныя намаганнi ў развiццi лiтаратуры будуць мацаваць наша сяброўства, духоўнае адзiнства. Упэўнены, што праца ў нас пойдзе ў добрым творчым, жыватворным кiрунку.

Зоя ВАРАНЦОВА.

←«Теоретики» на практике

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика