Мёртвыя душы ў плацежных ведамасцях
Падрабязнасці
Судовы працэс па гэтай рэкорднай для Гродзеншчыны па колькасцi эпiзодаў (574) крымiнальнай справе завяршыўся ў судзе Кастрычнiцкага раёна абласнога цэнтра яшчэ ў маi сёлетняга года. Суд палiчыў цалкам даказанымi ўсе факты крадзяжоў грашовых сродкаў ААТ "Гродзенскi шклозавод" па артыкуле "аплата працы" на агульную суму 273 мiльёны 643 тысячы 900 рублёў. I вось некалькi дзён таму пастановай суда касацыйнай iнстанцыi ў гэтай справе пастаўлена кропка: прыгавор раённага суда пакiнуты ў сiле. А значыць, раскрадальнiкi, шасцёра работнiкаў гэтага прадпрыемства, правядуць за кратамi ў месцах пазбаўлення волi ад трох да шасцi гадоў, а iх маёмасць падлягае канфiскацыi.
З падрабязнасцямi гэтай гучнай справы карэспандэнта "Звязды" пазнаёмiў старшы памочнiк пракурора Гродзенскай вобласцi Вячаслаў Iгнацiк.
"Дзiрка" ў адным з найважнейшых для кожнага працоўнага калектыву расходных артыкулаў была зроблена ў студзенi 2004 года бухгалтарам першай катэгорыi Нiнай Баландзiнай (па этычных меркаваннях сапраўдныя прозвiшчы фiгурантаў гэтай крымiнальнай справы ў артыкуле не называюцца. — Б.П.), якая ажыццяўляла налiчэнне заработнай платы. I на працягу больш чым чатырох гадоў, да красавiка 2008 года праз гэту "дзiрку" спраўна капалi грошыкi ў кашалёк бухгалтара i яе блiжэйшага акружэння — старшага майстра газасантэхнiчнага цэха Аляксандра Ш., загадчыцы заводскага iнтэрната Iрыны С., начальнiка рамонтна-механiчнага цэха Уладзiслава М., вядучага iнжынера-электроншчыка Сяргея Ш. i газазваршчыка Iвана К.
Варта адзначыць, што ўсе вышэйзгаданыя спецыялiсты не былi п'янiцамi i прагульшчыкамi, хутчэй, наадварот. Як вынiкала з пададзеных у суд характарыстык, яны працавалi сумленна i зрабiлi шмат карыснага для завода. Бухгалтар выходзiла на iх па частых зваротах з заявамi аб выплаце авансаў (па прычыне матэрыяльных цяжкасцяў) i прапаноўвала свае паслугi. Цi толькi сама на гэтым хацела зарабiць? Напэўна, не. На думку Вячаслава Iгнацiка, Баландзiна дзейнiчала па бытуючым у народзе прынцыпе: жывi сам i давай жыць iншым. Яна быццам дапамагала сваiм саўдзельнiкам у вырашэннi iх матэрыяльных праблем, што ўзвышала яе ва ўласных вачах i служыла ў нейкай меры самаапраўданнем.
Сама Нiна Iванаўна да законнага заробку мела штомесячны "прыварак" у памеры ад 0,5 да 8 мiльёнаў рублёў. Астатнiя — ад 0,5 да 2 мiльёнаў. I як жа сталi магчымымi такiя буйнамаштабныя крадзяжы?
Доўгi час толькi бухгалтар па налiчэннi зарплаты i iнжынер-электроншчык маглi карыстацца адпаведнай камп'ютарнай праграмай. А галоўны бухгалтар i рэвiзоры з мiнiстэрства выявiць крадзяжы не маглi, бо камп'ютарам не валодалi. Гэтыя абставiны, верагодна, i падштурхнулi Баландзiну да думкi, што крадзяжы шляхам неабгрунтаваных налiчэнняў зарплаты i адпускных не будуць выяўлены. Тым больш што механiзм афёры дзейнiчаў па некалькiх варыянтах.
Першы. Грошы ў якасцi адпускных налiчваюцца на разлiковы рахунак работнiка, якi звольнiўся альбо не прыступiў да працы. Звесткi пра гэтага чалавека ёсць у камп'ютарнай базе, а ў плацежную ведамасць на выплату гэтай суммы ўносiцца прозвiшча iншай асобы — саўдзельнiка крадзяжу, якiмi з'яўлялiся iнжынер-электроншчык i iншыя вышэйзгаданыя спецыялiсты. Ведамасць без праверкi абгрунтаванасцi налiчаных сумаў падпiсваецца галоўным бухгалтарам i дырэктарам i перадаецца касiру. Затым саўдзельнiк крадзяжу атрымлiвае незаконна налiчаную суму i палову вяртае бухгалтару Баландзiнай.
Другi. Зрэдку Баландзiнай выкарыстоўваўся такi спосаб крадзяжу, як спiсанне запазычанасцi (атрыманага авансу) шляхам налiчэння гэтай сумы на так званыя "мёртвыя душы" з наступным пералiчэннем на рахунак прадпрыемства ўжо ад iмя таго, з каго доўг спiсваецца. Такiм чынам, у прыватнасцi, бухгалтар спiсала ўласную запазычанасць па зарплаце ў памеры 393 тысячы рублёў.
Трэцi. Налiчэнне заработнай платы ў большым памеры, чым трэба, згодна з дакументамi аддзела працы i зарплаты, зноў жа выкарыстоўваючы махiнацыi з адпускнымi на звольненых работнiкаў. Напрыклад, у лiстападзе 2004 года замест сумы ў 467 200 рублёў Баландзiна налiчвае аднаму з саўдзельнiкаў крадзяжу на 300 тысяч больш.
Чацвёрты. Калi шклозавод заключыў дадатковае пагадненне з банкам на пералiчэнне на разлiковыя рахункi i атрыманне па пластыкавых картках не толькi заработнай платы, але i iншых выплат — адпускных, авансаў i камандзiровачных, — то спосаб крадзяжу ў гэтым выпадку прымяняўся той жа, што i пры выплаце па ведамасцях. Налiчэнне рабiлася на прозвiшча звольненага работнiка, а ў спiсе — дадатку да плацежнага даручэння i ў яго электронным варыянце — на саўдзельнiка крадзяжу
Потым гэты варыянт быў некалькi зменены. Адпускныя налiчвалiся на звольненага работнiка, у спiс-дадатак уносiлася прозвiшча рэальна працуючага на прадпрыемстве чалавека, а ў электроннай копii плацежнага даручэння нумар асабовага рахунку гэтай асобы змяняўся на нумар аднаго з саўдзельнiкаў злачынства. Украдзеная сума пералiчвалася на патрэбны рахунак, абнаяўлiвалася i дзялiлася папалам памiж Баландзiнай i адным з яе калегаў па грэшнай справе.
У вынiку за перыяд са студзеня 2004-га па красавiк 2008 года iнжынер-электроншчык палепшыў сваё матэрыяльнае становiшча на 50 мiльёнаў 883 тысячы рублёў, старшы майстар — на 35 мiльёнаў 617 тысяч, загадчыца iнтэрната i яе муж — на 40 мiльёнаў 675 тысяч, начальнiк цэха — на 33 мiльёны 320 тысяч, газазваршчык — на 22 мiльёны 395 тысяч рублёў. Гэтымi грашыма, па сцвярджэннi большасцi з асуджаных, яны пароўну дзялiлiся з бухгалтарам. Акрамя таго, Баландзiна незаконна атрымала па ведамасцях i карт-рахунку 91 мiльён 572 тысячы рублёў.
А ў гэты час завод быў вымушаны, што пацвердзiлi ў судовым пасяджэннi дырэктар i галоўны бухгалтар, браць на зарплату грошы ў банку. Вядома, пад працэнты...
...Калi афёру выкрылi, большасць з яе ўдзельнiкаў пастаралiся кампенсаваць заводу прычыненыя страты. У прыватнасцi, Iрына С., разлiчваючы быць памiлаванай кiраўнiком дзяржавы, унесла на рахунак прадпрыемства на 4 мiльёны рублёў больш, чым незаконна атрымала. Аднак рашэнне па яе хадайнiцтву было прынята iншае. Хоць магло быць i горш, бо суд палiчыў магчымымi прызначыць мiнiмальныя тэрмiны пакарання, якiя прадугледжаны Крымiнальным кодэксам Беларусi.
I апошняе. Так жорстка склаўся лёс Баландзiнай, што праз некалькi месяцаў пасля вынясення прыгавору пайшлi з жыцця яе самыя блiзкiя людзi — мацi i муж. I якiмi ж дробязнымi ў параўнаннi з такiм горам здаюцца ўсе матэрыяльныя здабыткi...
— Па-чалавечы ёй трэба паспачуваць, але судовае пакаранне адмянiць нельга, — зазначае Вячаслаў Iгнацiк. — Як казалi рымляне, закон суровы, але ён закон.
Барыс ПРАКОПЧЫК.