Спыненая малiтва

Источник материала:  

Усяго месяц не дажыла да 101 года адна з самых паважаных жанчын у невялiчкай вёсачцы Еўлахi, што ў Талачынскiм раёне, Кацярына Майсееўна Шведка. Як сцвярджае адзiн з яе сыноў, Пётр Ула-дзiмiравiч, хоць век у матулi доўгi i жыццё прыстойнае, але для родных i дзяцей у асаблiвасцi хацелася б, каб самы дарагi чалавек нiколi не памiраў.

Наўрад цi магчыма намаляваць лёс тыповай беларускай сям’i. Што нi кажыце, а ў кожнай ён адмысловы. Сям’я Шведкаў у такiм iнтэр’еры поўнасцю адпавядае хрысцiянскай мадэлi з яе класiчным «сем я».

Простыя сяляне, Кацярына Майсееўна i Уладзiмiр Барысавiч, вырасцiлi дзяцей, за якiх не сорамна нi самiм, нi грамадству, нi ўладзе. Шкада, што бацька (франтавiк, iнвалiд Вялiкай Айчыннай вайны) Уладзiмiр Барысавiч пражыў не надта багата i памёр яшчэ ў 1961 годзе. Калi ён пайшоў абараняць Айчыну, Кацярына Майсееўна засталася з двума малымi на руках. Пашчасцiла дачакацца любага, якi вярнуўся на радзiму з медалямi «За адвагу», «За ўзяцце Кёнiгсберга», «За ўзяцце Берлiна», «За перамогу над Германiяй». Хоць i цяжкi быў пасляваенны час, але працавалi ў калгасе, даваенных дзетак гадавалi i яшчэ траiх нажылi.

Усе хлопцы вывучылiся i вылецелi з бацькоўскага гнязда. Хаця ўсе на роднай зямлi беларускай уласныя гнёзды звiлi. Старэйшы сын Адам стаў афiцэрам-артылерыстам. Даўно ўжо маёр у адстаўцы, жыве ў Барысаве. Леанiд, якi нарадзiўся незадоўга да вайны, абраў мiлiцэйскую службу. Даслужыўся да падпалкоўнiка i старшага следчага па асобых даручэннях упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ў Вiцебску.

Мой суразмоўца Пётр вывучыўся на настаўнiка рускай i беларускай мовы i лiтаратуры. Потым быў iнспектарам абласнога ўпраўлення адукацыi, а цяпер з’яўляецца метадыстам аб’яднання пазакласнай i пазашкольнай работы гэтага ж упраўлення. Жыве ў Вiцебску, але найчасцей за ўсiх прыязджае на малую радзiму. Там, дарэчы, i сёстры – Раiса i Эма. Абедзве да пенсii пачэсна адпрацавалi на роднай зямлi ў жывёлагадоўлi i паляводстве.

Звычайная беларуская сям’я. Можна сказаць з адказнасцю, што на такiх не толькi зямля наша, а i ўся дзяржава трымаецца. I аповед пра яе атрымаўся б, напэўна, банальны, калi б не адна адметная рыса. Нельга сцвярджаць пра ўсiх Шведкаў, але мацi Кацярына Майсееўна ўвесь свой доўгi i шаноўны век змацоўвала агульны лёс простай i глыбокай па сэнсе малiтвай. З ёю яна прачыналася кожную ранiцу i клалася спаць. I, можа, не ўсе яе (цяпер ужо таксама сталыя) дзеткi жывуць па матчынай «мадэлi», аднак малiтва тая адклалася ў памяцi кожнага. Нiбы пячатка.

Напэўна, дзякуючы малiтве Усявышнi i мужа ёй з крывавай вайны вярнуў, i дзетак усiх дапамог на ногi паставiць.

Цяпер асiрацеў зусiм бацькоўскi дом у Еўлахах. Але ёсць надзея, што сядзiба не зарасце бур’яном ды крапiвою. Ва ўсякiм разе, Пётр Уладзiмiравiч замiлавана апавядае пра месца, дзе завязвалася пупавiна:

— Ведаеце, каля нашай хаты вельмi глыбокi калодзеж на 18 кругоў бетонных. Вада ў iм ужо шмат гадоў i дзесяцiгоддзяў такая чыстая ды гаючая, што толькi яе i хочацца пiць. Хоць у доме ёсць i водаправод, але каб напiцца, чэрпаем сцюдзёнку з калодзежа, бо сiл прыбывае...

Адчуваецца, што малодшы з сыноў сям’i Шведкаў дужа любiць сваю малую радзiму. I з тугой расказвае, што вёска пусцее. Калi раней тут было пад сотню «жывых» хат, то цяпер многiя стаяць з пустымi аканiцамi i зачыненымi веснiчкамi. Можа, дзесяткi тры карэнных жыхароў i засталося. Нядаўна вось i матулi не стала.

Але абнадзейвае, што калодзеж жыве i працягвае наталяць усiх жадаючых чароўнай вадзiцай. Не знiкае надзея i на тое, што будзе працягвацца спадчына. I што перарваную малiтву старой Кацярыны працягнуць нашчадкi.

←Міхайлаўскія адлігі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика