Міхайлаўскія адлігі
21.11.2009
—
Новости Общества
21.11.2009
Сёння праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Сабор Архістраціга Міхаіла і іншых Нябесных Сіл бесцялесных. Архангелу Міхаілу моляцца аб пазбаўленні ад хвароб, а таксама аб выратаванні ад розных бед і смутку, на пачатку будаўніцтва новай хаты і пры ўваходзе ў яе.
У народных уяўленнях святы Міхаіл быў пераможцам нячыстай сілы, дракона і ўсяго д’ябальскага, збавіцелем ад розных бед і нашэсцяў. Таму ў дзень яго ўшанавання наладжвалі вялікае і вясёлае святкаванне: “І па вёсках піры, і па хатах госці”.
На Беларусі святы Міхаіл вядомы таксама як ахоўнік ад навальніцы. У гэты дзень імкнуліся не працаваць: “Міхайла святкуем, каб гром не біў нас. Не рубаем сякерай, ні нажом, ні красён не тком, штоб не абудзіўся Міхал”. Набліжаўся Піліпаўскі пост (з 28 лістапада), таму святочны дзень на Міхайла называлі апошнім святам года: “Міхайла — усім святкам запіхайла, пасля Міхайла ўжо няма святкаў да Раства”. У гэты дзень асабліва ўшаноўваліся людзі сталага веку: унукі павінны былі абавязкова наведаць сваіх бабуль і дзядуляў. Каб на працягу года спрыяў поспех у ткацтве, ведалі, што да Міхайла трэба было саткаць “першыя” кросны, “другія” — на святога Філіпа, “трэція” — да Мясаеда, “чацвёртыя” — на Вялікі пост. У гэты дзень жывёлу ўрэшце заганялі ў стойла — на зімовы корм. Таксама лічылася, што з Міхайлава дня мядзведзь — гаспадар лесу — кіруецца ў бярлог на зімовы адпачынак. Шматлікія назіранні за надвор’ем у гэты дзень насілі самы супярэчлівы характар. Гэтаму дню прыпісвалі і міхайлаўскія гразі, і міхайлаўскія адлігі, і міхайлаўскія прымаразкі — кожны год па-рознаму. Паўсюдна Міхайлаў дзень лічыцца пэўнай рубежнай датай — паміж восенню і зімой. Кузьма (14 лістапада) закуе, а Міхайла раскуе (будзе адліга).Які Міхаіл, такі і Мікола зімовы (19 снежня).Калі Міхайла шлях парушыць — не чакай добрага надвор’я да Міколы зімовага.Міхайла масты мосціць.Калі на Міхайлаў дзень раніца з шэранню — чакай вялікага снегу; з туманамі — будзе адліга.Калі Міхайла ў снягу, то і Пасха ў снягу, а як не, дык і не. У пчаляроў былі свае назіранні за надвор’ем: “Калі на Міхайла на сцёках лёд, то будзе ў пчалавода мёд”.