Наменклатурны «вiй»

Источник материала:  

На Вiцебшчыну ён пераехаў з сям’ёй з суседняй вобласцi. Наладзiў удалыя i выгадныя знаёмствы. Гэтаму спрыялi адмысловыя здольнасцi гатаваць на ўлоннi прыроды неверагодна смачныя шашлыкi i юшку. Можна сказаць, што роўных нашаму герою тут няма. Прафесар, дый годзе! Высокiя начальнiкi такi талент дужа цэняць. Асаблiва пад чарку i скварку, трапныя жарты i ўдалыя тосты каля кастра.

Цi варта здзiўляцца, што з дробных паслугачоў за кароткi час «прафесар гатавання шашлыкоў i юшкi» панёсся ўверх? З райцэнтра перабраўся ў вобласць на яшчэ больш высокую наменклатурную пасаду. Цiхiм сапам атрымаў адразу бясплатнае жыллё.

Па шчырасцi, дык тут не варта шукаць нешта заганнае. Кожны з нас можа прывесцi дзесяткi падобных прыкладаў. Але гэта не азначае, што ўсе начальнiкi — шэльмы i прайдзiсветы. У нашага героя галава на месцы, розумам таксама не абдзелены, адукацыя вышэйшая i запатрабаваная для рыначнага часу. А яшчэ i такi рэдкi дар, як дыпламатыя. Ведае, дзе трэба слова ўставiць, а дзе прамаўчаць, дзе самому пакараць правiнных, а дзе – чужымi рукамi. Такiя пры любой уладзе нюх не страчваюць.

Iншая справа, што ўлада iх i псуе. Пакуль не стаў абласным начальнiкам, быў чалавек як чалавек. Блiзкiя, праўда, пасмейвалiся з прыроднай сквапнасцi. Маўляў, i зiмою снегам не падзелiцца. У тым сэнсе, што са шматдзетнай сям’i, у галодным дзяцiнстве заўсёды быў недагледжаны, недакормлены, недапешчаны. I калi вырваўся ў белы свет, атрымаў адукацыю, прабiўся да першых прыступак кiраўнiцтва, то з нейкай сатанiнскай энергiяй пачаў кампенсаваць упушчанае ў маленстве.

Псiхолагi i вучоныя тлу-мачаць такi стан як пата-лагiчную сквапнасць. У форме схаванай i небяспечнай хваробы. Схiльнасць да яе маюць, як правiла, выхадцы з самых бедных i аддаленых вёсак. Калi iм удаецца «выбiцца ў людзi», асаблiва ў начальнiкi з персанальным вадзiцелем, то пра такiх землякi звычайна кажуць: «Цяпер у нашага Мiкiты i з колам шапку не дастанеш».

I працягваецца духоўная дэградацыя ў геаметрычнай прагрэсii. Да пасады i службовай аўтамашыны трэба абавязкова мець адпаведны «прыкiд». У выглядзе лепшай, чым у астатнiх, кватэры, лепшай лазнi, лепшага ўбранства ў доме, лепшых сувязей i знаёмстваў…

Зразумела, што i наш «прафесар» не заўважыў, як падхапiў такую небяспечную i амаль што невылечную хваробу. Адга-радзiўся ад старых i нязначных сяброў i сувязей. Вадзiцца стаў толькi з патрэбнымi людзьмi. З падначаленымi i партнёрамi кiруецца выразам, якi зрабiўся ў нейкай меры крылатым: «Я згодны дапамагчы табе, але што я буду ад гэтага мець?».

Прайшло некалькi гадоў. За гэты час падраслi дзецi. Пад адным дахам з дарослымi дочкамi, зразумела, цесна. Клапатлiвы бацька купляе для старэйшай новенькую кватэру. Толькi яму вядомымi спосабамi вырашае жыллёвую праблему i для малодшай дачкi.

Як прыемна быць дзецьмi ўладарных бацькоў! За iмi як за каменнай сцяною. I не балiць iм, што дзесяткi тысяч не толькi маладых сем’яў, а i больш сталага ўзросту стогнуць i чарнеюць у цеснаце, у безвыходнасцi. Некаторыя проста «сыходзяць з дыстанцыi», бо не ў сiлах нi атрымаць крэдыт, нi расплацiцца за яго. Такiх жыццёвых драм я асабiста выслухаў не адзiн дзесятак.

Аднак вернемся да нашага наменклатурнага «героя». Можна сцвярджаць, што ён дамогся кампенсацыi свайго схаванага комплексу дзяцiнства. Пры ўладзе i пасадзе, пры матэрыяльным дастатку. Глянулi б на яго сёння землякi з абдрыпанай вёскi, дзе Макар i цялят не пасвiў!

Вадзiцель, што возiць новаспечанага начальнiка, прагаварыўся: шэф тайком… будуе яшчэ адну кватэру палепшанай камфортнасцi. Каму яшчэ? Усе ж у сям’i забяспечаны жыллём. Магчыма, для ўнука цi ўнучкi? А калi блiзкi родзiч, якому ён абавязаны многiм у жыццi, папрасiў пазычыць грошай, на такую патрэбу, мякка кажучы, паказаў кукiш.

Хвароба прагрэсiруе. I яна не вылечваецца звычайнымi сродкамi. Калi ў сквапнага чалавека ўваходзiць нячысцiк накшталт гогалеўскай пачвары Вiя, то гэта пагражае пераўвасабленнем божай iстоты ў пярэваратня. Цi магчымы адваротны працэс?

Ёсць пытанне – няма адказу.

←Міхайлаўскія адлігі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика