Пацярпелыя ў аварыi — пад наглядам магiлёўскiх медыкаў
У Магiлёўскай гарадской бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi знаходзяцца 13 пацыентаў, якiя пацярпелi ў аварыi аўтобуса ў Жытомiрскай вобласцi.
Усе яны прыбылi 26 кастрычнiка ў арганiзаваным парадку. Медыкi аказваюць людзям неабходную дапамогу. Чацвёра пацыентаў змешчаны ў хiрургiчнае аддзяленне (у аднаго з iх — пералом рукi), двое знаходзяцца ў нейрахiрургii, астатнiя лечацца ў стаматалагiчным аддзяленнi. Стан усiх не пагражае жыццю.
27 кастрычнiка ў горад Наваград-Валынскi з Магiлёва адправiўся санiтарны транспарт, якi перавязе пацярпелых, якiя атрымалi цяжкiя траўмы, у Магiлёў.
У магiлёўскай фiрме "Слав-тур", якая арганiзавала аўтобусны тур у Хмяльнiцкi, менеджар па турызме паведамiла, што ўсе яго ўдзельнiкi былi належным чынам застрахаваныя.
Алена Казлова.