Сезонныя абноўкi Першага i ЛАДа
Паводле слоў старшынi БТРК Аляксандра Зiмоўскага, на Першым канале ў гэтым сезоне з'явяцца новыя праекты, ужо iсныя праграмы абновяць дызайн студый i графiчнае афармленне, а "ЛАД" працягне забаўляльна-спартыўны кiрунак, якi ўдала зарэкамендаваў сябе летась.
Гiсторыя i сучаснасць
Праграма "Добрай ранiцы, Беларусь!" адкрыецца для iнтэрактыўнасцi — прамых стасункаў у рэальным часе, i ў гэтым будзе галоўная адметнасць i абнаўленне папулярнай ранiшняй праграмы.
Знiкне з эфiру iнфармацыйна-аналiтычная праграма "Панарама тыдня". Замест яе Першы канал прапануе гледачам "У цэнтры ўвагi" з вядучай Вольгай Долгай. А былая вядучая "Панарамы" Вiкторыя Сянкевiч прапануе свой новы аўтарскi праект — цыкл праграм, гераiнямi якiх стануць жонкi вядомых людзей: палiтыкаў, бiзнэсменаў i г.д. Жанчыны раскажуць, чаму ахвяравалi сваёй кар'ерай дзеля мужавай, а таксама падзеляцца сваiмi меркаваннямi на вострыя тэмы.
Надзённыя пытаннi будуць разглядацца ў праектах Агенцтва тэленавiнаў "Спецыяльны рэпартаж" i "Актуальнае iнтэрв'ю". На тэлеканале "ЛАД" працягне старт, удала ўзяты напрыканцы мiнулага сезона, праграма "Рэпарцёр беларускай часiнкi" з Алегам Цiтковым, якая распавядзе пра новых цiкавых герояў — нашых сучаснiкаў. Зрэшты, даведацца можна будзе пра навiны не толькi з жыцця суграмадзян — праект "Гараджане", рэалiзаваны сумесна з Еўрапейскiм вяшчальным саюзам, пакажа цыкл фiльмаў пра эмiгрантаў у розных краiнах, ад людзей з цяжкiм лёсам да тых, хто здолеў узняцца па прыступках поспеху.
Гiстарычную тэматыку, распачатую папулярным праектам "Жарсць i ўлада", працягне цыкл праграм "Альбарутэнiя" — у iм гiстарычныя падзеi разглядаюцца i ў агульнасусветным значэннi, i ў сэнсе ўплыву на лёс Беларусi.
Кiно ўсялякае i рознае
У новым сезоне Першы канал пакажа цэлую калекцыю беларускiх дакументальных серыялаў: "Зброя", "Фартыфiкацыя", "Гарачыя пункты" i г.д. А вось цыкл гiстарычных дакументальных фiльмаў на "ЛАДзе" прысвечаны замежжу — дакладней, вядомым асобам, якiя пакiнулi iстотны след у сусветнай гiсторыi — брытанскай каралеве Елiзавеце II i яе сям'i, "жалезнай лэдзi" Маргарэт Тэтчэр ды iншым.
Што да мастацкага кiно, то "ЛАД" прадэманструе лiнейкi любiмых савецкiх фiльмаў i гумарыстычных сiткомаў, а Першы рыхтуе гучныя кiнапрэм'еры i падарункi аматарам серыялаў: новыя сезоны "Доктара Хаўса", "Частак цела", "Герояў".
Льецца музыка
Атрымае працяг сумесная акцыя ЕВС i Першага канала, якая распачалася паказам найвялiкшага ў свеце фестывалю класiчнай музыкi "The Last Night of the Proms". Надалей у эфiры Першага меламаны ўбачаць канцэрты Венскага фiларманiчнага аркестра, а таксама прамую трансляцыю з Вiфлеема i Iерусалiма, дзе прагучыць Калядная араторыя Баха.
Прыхiльнiкам больш лёгкiх музычных жанраў адрасавана навiнка — штотыднёвая праграма "Жывы гук". Яе госцi — папулярныя артысты — будуць "жыўцом" выконваць па 5 песень i даваць шчырыя адказы на каверзныя пытаннi вядучага. Таксама ў абноўленым фармаце выйдзе музычна-забаўляльная праграма "Свая музыка", прысвечаная беларускаму шоу-бiзнэсу.
Безумоўна, з нецярпеннем чакаюць многiя гледачы i старту другога сезона "Зорных танцаў", дзе галоўныя героi сёлета — 10 жанчын (папулярныя спявачкi, спартсменкi i тэлевядучыя), якiя з дапамогай прафесiйных танцораў будуць асвойваць няпростыя па.
Без "Еўрабачання"?
У спрэчцы, якi ж тэлеканал будзе займацца падрыхтоўкай да наступнага мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне", дагэтуль кропка не пастаўлена — хутчэй, вялiкi пытальнiк. З аднаго боку, нацыянальны адбор i падрыхтоўку ўзяў у свае рукi канал АНТ; але з iншага — ён пакуль не член прафсаюза, у сэнсе, Еўрапейскага вяшчальнага саюза, i пытанне гэта вырашыцца толькi ў снежнi, а заяўку на арганiзацыю i паказ конкурсу трэба падаваць ужо ў лiстападзе... Пакуль што вырашана, што заяўку падасць Белтэлерадыёкампанiя, а далей, у залежнасцi ад прынятага рашэння, вызначыцца, якая "кнопка" ў Беларусi будзе паказваць i адказваць за конкурс.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.