Працягваецца прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод»
Працягам акцыі “Наш жывёлавод”, ініцыятарам правядзення якой з’яўляецца рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, стала наведванне малочнатаварнай фермы “Цэнтр” КУВСП “Гарадзец”.
Як паведаміла нам загадчыца МТФ Нона Багамолава, тут утрымліваецца 540 галоў дойнага статку. Дарэчы, гэта адзіная малочнатаварная ферма на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства. Кароў абслугоўваюць 11 аператараў машыннага даення. Усяго ж на ферме працуюць 25 чалавек. Сярэдні надой на адну карову складае крыху больш шасці кілаграмаў. Гэты паказчык ніжэйшы, чым сярэдні па раёне, тым не менш людзі працуюць тут сумленна і адказна. У памяшканнях чысціня і парадак, кармоў для жывёлы хапае.
Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Мікалаеўна Альшэўская ў межах рэспубліканскай акцыі ўручыла грашовыя ўзнагароды аператарам машыннага даення Надзеі Палідовец і Вользе Шчарбіцкай, а таксама заатэхніку-селекцыянеру Галіне Ермаловіч. Таццяна Мікалаеўна пажадала жанчынам, у першую чаргу, здароўя, а таксама высокіх вытворчых паказчыкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.