У гаспадарках і арганізацыях раёна пачаўся тэхнічны агляд тэхнікі. Ці ўсе да яго падрыхтаваліся належным чынам?
Як паведамлялася ў нашай газеце, з 17 сакавіка у гаспадарках і арганізацыях раёна праходзіць тэхнічны агляд трактароў, меліярацыйных, дарожна-будаўнічых і сельскагаспадарчых машын з мэтай вызначэння стану машынна-трактарнага парку, наяўнасці ў механізатараў адпаведных пасведчанняў і забеспячэння бяспекі дарожнага руху.
Перад гэтым з 2 па 16 сакавіка ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна наведала група ў складзе супрацоўніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС, участковага міліцыянера і супрацоўніка аддзялення ДАІ РАУС з мэтай праверкі наяўнасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і гатоўнасці тэхнікі да вясенне-палявых работ.
У першы дзень правядзення тэхагляду мы разам з галоўным дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду Васіліем Севяр’янавічам Лутохіным і старшым дзяржаўтаінспектарам аддзялення ДАІ РАУС Яўгеніем Калінавічам Лутохіным пабывалі ў ААТ “Даватарскі”.
Трактарны парк гаспадаркі досыць вялікі і складаецца з 60 адзінак. На пляцоўцы механічных майстэрняў у Пяліках на лінейку гатоўнасці інжынерная служба сумесна з механізатарамі паставілі толькі 15 адзінак трактароў розных марак. Чаму так мала? У гаспадарцы гэта растлумачылі недахопам грашовых сродкаў на набыццё запасных частак да тэхнікі, якая знаходзіцца пакуль на рамонце. Тым не менш, час прыспешвае і сёлетняя вясна падганяе хлебаробаў: тэрміну для раскачкі няма.
Прадстаўнікі камісіі спачатку праверылі дакументы ў механізатараў тэхнікі, якую прадставілі на тэхагляд. Знешні выгляд машын — стандартны працэс, у адпаведнасці з усімі нормамі і правіламі. Тэхніка павінна адпавядаць мінімуму патрабаванняў: мець спраўныя гукавую і светлавую сігналізацыі, рулявое кіраванне, блакіровачнае прыстасаванне запуску рухавіка пры ўключанай перадачы, тармазную сістэму, павінна быць у наяўнасці медыцынская аптэчка і вогнетушыцель.
— Нам цалкам зразумела, што гаспадаркі маюць пэўныя цяжкасці, звязаныя з недахопам фінансавых сродкаў на набыццё запасных частак, таму да некаторых дробязей мы не чапляемся, — кажа Васілій Севяр’янавіч, — але, калі гаварыць пра бяспеку, эфектыўнасць працы і беражлівыя адносіны да тэхнікі, то тут усё павінна адпавядаць існуючым патрабаванням. Сёлетняя сітуацыя з несвоечасовай падрыхтоўкай тэхнікі да тэхагляду ў ААТ “Даватарскі” значна горшая, чым у мінулыя гады. Па стане на 17 сакавіка толькі чацвёртая частка трактароў атрымала дазвол на ўдзел у дарожным руху.
На наступны дзень мы накіраваліся ў ААТ “Княж”. На лінейцы гатоўнасці знаходзіліся 17 адзінак тэхнікі. Усяго ж у наяўнасці ў гаспадарцы маецца 26 адзінак трактароў розных марак. Галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Мацюш патлумачыў гэта тым, што механізатары фізічна не паспелі падрыхтаваць усю тэхніку ў тэрмін, бо былі занятыя іншымі першачарговымі справамі. І гэта, на яго думку, з’яўляецца галоўнай аб’ектыўнай прычынай.
Недахоп механізатарскіх кадраў адчуваецца ў ААТ “Ельня-Агра”. Тут за адным трактарыстам замацаваны па дзве-тры адзінкі тэхнікі. І гэта акалічнасць насцярожвае. Наперадзе адказная пара для аграрыяў — вясенняя пасяўная. Як вядома, каб быць восенню з хлебам, сяўбу трэба правесці ў самыя сціслыя тэрміны. Але ж як гэта зрабіць, калі не хапае рабочых рук? Пакуль дадзенае пытанне ў гэтай гаспадарцы па меры магчымасцей часткова вырашаюць дзякуючы механізатарам, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але заўсёды прыходзяць на дапамогу сельгаспрадпрыемству.
18 сакавіка 13 трактароў з 24, якія маюцца ў гаспадарцы, прайшлі тэхнічны агляд. Галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Буда запэўніў, што ў самыя сціслыя тэрміны астатняя тэхніка будзе даведзена да ладу. Васілій Севяр’янавіч Лутохін цалкам паверыў абяцанню спецыяліста.
У бліжэйшых нумарах раённай газеты мы паведамім чытачам пра ход тэхнічнага агляду ў іншых гаспадарках раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.