…I фарэль залатая

Источник материала:  
12.02.2013 —

Атрымаць 2,5 млн. тон збожжа і 1 млн. 650 тысяч тон малака

Такія асноўныя задачы сёлета пастаўлены перад аграпрамысловым комплексам сталічнай вобласці. Вынікі работы галіны і перспектывы вызначыла калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама.

«Мінулы год для працаўнікоў сельскай гаспадаркі Міншчыны быў дастаткова ўдалым, хаця дасягнуць намечанага ўдалося не па ўсіх накірунках. Наш сёлетні асноўны арыенцір — гэта 2,5 млн. тон збожжа ў амбарнай вазе і 1 млн. 650 тысяч тон малака. Для таго каб гэтага дасягнуць, неабходна сур’ёзная мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, далейшая рэканструкцыя малочна-таварных ферм, свінагадоўчых комплексаў, удасканальванне тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў. Неабходна працягваць і работу з кадрамі, у тым ліку кіруючымі, каб забяспечыць тыя сучасныя тэхналогіі, якія ўкараняюцца ў галіне. Таксама трэба падтрымліваць і развіваць створаную інфраструктуру ў аграгарадках і іншых населеных пунктах», — акрэсліў стратэгічныя задачы старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура.

У мінулым годзе працаўнікі АПК забяспечылі выкананне асноўных параметраў развіцця галіны. Пра гэта паведаміў старшыня аблсельгасхарчу Віталь Грышанаў. Дасягнулі запланаванага па ўзроўні вытворчасці валавой прадукцыі, рэнтабельнасці продажаў, інвестыцыях і шэрагу іншых важных паказчыкаў. Лепшыя ў прафесійным рэйтынгу — Дзяржынскі, Нясвіжскі, Смалявіцкі, Уздзенскі і Бярэзінскі раёны.

У 2012 годзе была закладзена сур’ёзная аснова для далейшага развіцця АПК. А прыярытэты на сёлетні — пераход на буйнатаварную прамысловую інтэграваную вытворчасць і рэалізацыю сельскагаспадарчай прадукцыі, зніжэнне сабекошту, павышэнне долі рэалізаванай у агульным аб’ёме вырабленай прадукцыі, павелічэнне экспарту тавараў з высокай дададзенай вартасцю і гэтак далей. Найпершы сярод рэзерваў — безумоўнае захаванне тэхналогій і рэгламентаў у вытворчасці і перапрацоўцы. І гэты крытэрый зараз пастаўлены ў ранг асноўнага пры ацэнцы работы кадраў галіны. Вырашэнне намечаных задач дазволіць у бягучым годзе атрымаць выручку ад рэалізацыі прадукцыі 18 трлн. руб., прыбытак у складзе 1,9 трлн. руб., а ўзровень рэнтабельнасці продажаў — 9 %.

«Нам неабходна за два-тры гады дабіцца істотнага павелічэння эфектыўнасці сельскай гаспадаркі і дасягнуць да 2015 года ў сельгасарганізацыях выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго працуючага больш за 40 тыс. долараў. Сярэднямесячная зарплата да канца пяцігодкі павінна быць не ніжэй за 600 долараў у эквіваленце», — падкрэсліў Віталь Грышанаў.

Павышэнню ўзроўню дабрабыту насельніцтва ў многім паспрыяе мадэрнізацыя вытворчасці. Усе прадпрыемствы вобласці ўжо абаранілі планы па комплекснай мадэрнізацыі і пачалі іх рэалізаваць. Вярсталіся гэтыя праграмы з улікам правядзення эканамічнай мадэрнізацыі — скарачэння затрат, аптымізацыі колькасці працуючых, павелічэння зарплаты і тэхналагічнай — будаўніцтва, рэканструкцыі вытворчых аб’ектаў, набыцця абсталявання. Гэта дазволіць дакладна бачыць, дасць пэўны аб’ект прыбытак ці не.

Па даручэнні Барыса Батуры рэканструкцыя малочна-таварных ферм, распачатая ў мінулым годзе, павінна быць завершана да 1 красавіка. Старшыня Мінаблвыканкама запатрабаваў найвышэйшай дысцыпліны і адказнасці за тэрміны і якасць выканання работ на кожным аб’екце. Тым больш што гаспадаркі атрымліваюць адчувальную фінансавую дапамогу з боку аблвыканкама. «Кіраўнік дзяржавы своечасова даў даручэнне правесці рэканструкцыю МТФ, для сталічнай вобласці гэта важна, бо 2,5 млн. тон малака да 2015 года са старымі тэхналогіямі мы не атрымаем», — падкрэсліў Барыс Батура.

Ужо сёлета запланавана атрымаць 1 млн. 650 тыс. тон малака. Дасягнуць гэтага ўзроўню мяркуецца ростам прадукцыйнасці дойнага статка на 278 кг. У сярэднім на адну карову аграрыі збіраюцца надаіць 5 тыс. 325 кг малака, давесці ўдзельную вагу рэалізуемага малака да 92 %, сортам экстра — да 35 %.

Прымаюцца ўсе меры для таго, каб жывёлагадоўля была забяспечана пад поўную патрэбу якаснымі травянымі кармамі.

Аб’ём нарыхтоўкі — 3 млн. т кармавых адзінак. Для гэтага будзе мяняцца структура кармавога поля, аптымізавацца плошчы шматгадовых траў і кукурузы на сілас.

Сур’ёзная рэканструкцыя і будаўніцтва запланаваны і на іншых сельскагаспадарчых аб’ектах. Сёлета намечана ўвесці ў эксплуатацыю рыбакансервавы завод у Любані, тры фарэлевыя комплексы — у Чэрвені, Маладзечне і Стаўбцоўскім раёне, авечкагадоўчы комплекс у Лагойскім раёне. Разам з тым на базе філіяла Мінскага мясакамбіната ў Дзяржынскім раёне плануецца наладзіць вытворчасць кумысу.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика