Эталон задае тон

Источник материала:  
13.02.2013 —

Флагман айчыннай сельгасвытворчасці нацэлены на новыя дасягненні

Сёлета ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага раёна плануюць надаіць 9 тыс. літраў малака на фуражную карову і атрымаць ураджайнасць больш за 80 ц/га. Старшыня праўлення СВК, член Савета Рэспублікі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Мікалай Радаман (на здымку) не лічыць гэтыя планы амбіцыйнымі, а рэальнымі, заснаванымі на адпаведнай эканамічнай і тэхналагічнай базе.

Вынікамі работы агракамбіната ў мінулым годзе кіраўнік у цэлым задаволены і адзначае добры ўраджай збожжавых культур і станоўчую працу жывёлагадоўчай галіны. «Самае важнае, што мы атрымалі 130 мільярдаў рублёў чыстага прыбытку, а гэта каля 15 млн. долараў у эквіваленце. Для параўнання: у папярэднім годзе было атрымана прыбытку 10 млн. долараў. Фінансавы вынік — самы галоўны, які сведчыць пра эфектыўнасць гаспадарання», — падкрэслівае Мікалай Радаман.

Зразумела, эталонная гаспадарка ні на хвіліну не павінна спыняцца ў сваім развіцці — статус абавязвае. Таму планы вярстаюцца вельмі абгрунтавана, пралічваецца кожная пазіцыя. «Надой 9 тыс. літраў малака на карову, ураджайнасць больш за 80 ц/га, а самае галоўнае — рэнтабельнасць вытворчасці не менш за 22—25 %. Калі вынікі сёлетняга года пацвердзяць, што намечанае зроблена, тады можна будзе сказаць, што наш калектыў спрацаваў паспяхова», — адзначае старшыня праўлення СВК.

Агракамбінат «Сноў» вядомы ў краіне і за яе межамі як сучаснае высокаэфектыўнае шматгаліновае інтэграванае сельгаспрадпрыемства з развітой перапрацоўчай галіной і замкнутым цыклам вытворчасці. Гэта прыклад інавацыйнага развіцця АПК. Ён адным з першых у краіне пачаў працаваць па прынцыпе «поле—ферма—перапрацоўка—прылавак—спажывец».

У выніку — вялікая колькасць найменняў высакаякаснай натуральнай мясной і малочнай прадукцыі, якой ужо даўно не патрэбна рэклама.

Усё гэта працуе на магутнай матэрыяльна-тэхнічнай базе, на найноўшым абсталяванні і па самых апошніх тэхналогіях. Але, як лічыць Мікалай Радаман, хто хоць на хвіліну спыняецца, той робіць крок назад. Таму праграмы будаўніцтва, мадэрнізацыі і пераабсталявання там складаюць на некалькі гадоў наперад. І менавіта такое перспектыўнае планаванне дазваляе рацыянальна размяркоўваць рэсурсы, а яны ўкладваюцца вельмі вялікія. «Асноўныя аб’екты і ўкладанні на сёлета мы запланавалі яшчэ ў 2011 годзе. Частка дакументацыі падрыхтавана, частка — рыхтуецца. У апошнія гады праведзена глабальная рэканструкцыя многіх вытворчых магутнасцей. І зараз пачалі ўжо будаваць надзвычай важны аб’ект — гэта халадзільнік на мясакамбінаце, на што будзе затрачана 4,7 млн. еўра. У ліку найбольш буйных аб’ектаў — будаўніцтва яшчэ пяці птушнікаў, збожжасховішча на 15 тыс. тон з сушыльнай гаспадаркай. Плануем укладанні і ў перапрацоўку. Усяго мяркуем інвеставаць каля 80 млрд. рублёў. Задачы стаяць вялікія, думаю, што мы іх выканаем з гонарам», — упэўнены Мікалай Радаман.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

←…I фарэль залатая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика