Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла: "Беларусь пабудуе ў Венесуэле касмадром і 20 тыс. кватэр..."

Источник материала:  

Розніца ў адзін дзень у календары і больш за стагоддзе ў гісторыі — паміж падзеямі, якія сталі святкавацца ў якасці Дня Незалежнасці ў Беларусі і Венесуэле. Але цяпер многія схільны бачыць не проста супадзенне, а сімвал у тым, што два народы на супрацьлеглых баках зямнога шара адзначаюць ідэнтычнае па сэнсе свята амаль адначасова.

Венесуэла сёння згадвае падзеі 5 ліпеня 1811 года, калі на абраным Устаноўчым Кангрэсе ў Каракасе было ўрачыста абвешчана пра незалежнасць дзяржавы ад каланіяльнай Іспаніі. З таго часу і да сённяшняга дня барацьба народа Венесуэлы і іншых краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна за поўную незалежнасць працягваецца — на іншых франтах і з новымі саюзнікамі.

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню Незалежнасці Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол гэтай краіны ў Беларусі Амерыка Дыяс НУНЬЕС, мы разлічваем на падтрымку народа і кіраўніцтва Беларусі ў імкненні ўрада Уга Чавеса задаволіць асноўныя запатрабаванні нашых людзей у жыллі, працы, харчаванні, здароўі і адукацыі шляхам сумеснай работы, якая праводзіцца ў рамках шматлікіх пагадненняў і дамоў, заключаных паміж двума ўрадамі, і якая сёння ўжо прыносіць адчувальны і канкрэтны плён. — Сяброўства і сацыяльны прагрэс у мэтах дасягнення поўнай незалежнасці абедзвюх краін — вось наш дэвіз у адносінах з Рэспублікай Беларусь, якія развіваюцца ў нармальным рэжыме з відавочным паскарэннем,  — сказаў ён.

Яшчэ 6 гадоў таму паміж Беларуссю і Венесуэлай не было амаль ніякіх адносін, нагадаў пасол. Існавала толькі адно пагадненне на пастаўку калійных угнаенняў коштам $6 млн. Сёння тавараабарот паміж нашымі краінамі складае $1,5 млрд — лічбы, якія кажуць самі за сябе.

Вельмі значным для развіцця не толькі двухбаковых адносін быў нядаўні візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Венесуэлу. Сярод новых кірункаў у супрацоўніцтве стала дамова пра рэканструкцыю вайскова-паветранай базы, у выніку якой у краіне павінен з'явіцца другі па значнасці аэрапорт. Акрамя таго, Беларусь разам з КНР будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве касмадрома для запуску спадарожнікаў у навуковых і даследчых мэтах. Дасягнута дамова пра будаўніцтва 20 тысяч кватэр у двух раёнах сталіцы Венесуэлы і газіфікацыю гэтых раёнаў, будаўніцтва 4 новых аграгарадкоў. Сярод новых кірункаў таксама — наладжванне зборкі аўтобусаў, вытворчасць будаўнічых панэляў.

У сваю чаргу, Венесуэла пастаўляе ў Беларусь неабходную нафту, калі гэта патрабуецца, без выстаўлення папярэдніх умоў і якога-небудзь ціску, падкрэсліў спадар Нуньес.

— Першапачаткова адносіны паміж Беларуссю і Венесуэлай будаваліся, зыходзячы з прынцыпу ўзаемадапаўняльнасці, — адказаў пасол на пытанне журналіста "Звязды" пра перспектыву турыстычных сувязяў паміж краінамі. — Гэта адбываецца ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў турызме. У нас ёсць мора, горы, экзатычная прырода, лета круглы год і ўнікальная рыбалка! Не хапае толькі больш зручных транспартных зносін, для якіх неабходна дамова паміж нацыянальнымі авіякампаніямі.

На працягу бліжэйшых 3 гадоў многіх здзівіць удзел Беларусі ў самых розных праектах у Венесуэле, заўважыў пасол. "Шэсць гадоў таму я казаў, што Венесуэла стане для Беларусі акном у Лацінскую Амерыку. Сёння гэта адбылося. Цяпер Беларусь абмяркоўвае праекты з іншымі краінамі. Будучае — за поўднем".

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Р.S.6 ліпеня ў Малой зале імя Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі (Мінск, пр. Незалежнасці, 50) у гонар Дня Незалежнасці Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла выступіць ансамбль лацінаамерыканскай фальклорнай музыкі з Венесуэлы "Тэраканта". Пачатак а 18 гадзіне, уваход свабодны.

←Еще раз об идеологии евразийства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика