Аляксандр Лукашэнка: "Надышоў час вырашыць пытанне з членствам Узбекістана ў АДКБ"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што надышоў час разгледзець пазіцыю Узбекістана па асобных напрамках дзейнасці АДКБ і вырашыць пытанне з далейшым членствам гэтай краіны ў арганізацыі. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 8 снежня, сустракаючыся ў Мінску з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавору аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Мікалаем Бардзюжам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Засталося некалькі дзён да правядзення, я лічу, вельмі сур'ёзнага пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі, дзе мы павінны разабрацца з шэрагам унутраных праблем, найперш — звязаных з пазіцыяй Узбекістана па асобных пытаннях. Ад гэтага ўжо нікуды не дзенешся, аб гэтым усе ведаюць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь цяпер старшынствуе ў АДКБ. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што неабходна сфарміраваць асноўны парадак дня Савета калектыўнай бяспекі, запланаванага на 20 снежня.
Генеральны сакратар АДКБ у сваю чаргу падкрэсліў, што год пад старшынствам Беларусі "быў адным з самых выніковых". "Тыя прыярытэты, якія выпрацавала Беларусь і якія на працягу года рэалізоўвалі ў арганізацыі, далі вельмі значны імпульс развіццю АДКБ".
Мікалай Бардзюжа далажыў аб тым, як ідзе падрыхтоўка да пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі, а таксама па рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых прэзідэнтамі 12 жніўня ў Астане.