Цэны на цукар расці не будуць...

Источник материала:  

Пра гэта заявіў журналістам старшыня канцэрна Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка пасля заканчэння пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі, на якім сярод іншых пытанняў разглядалася і развіццё харчовай прамысловасці краіны.

Паводле слоў кіраўніка канцэрна, цэны на цукар ужо дасягнулі свайго піку на сусветным рынку, паколькі былі неўраджаі ў многіх краінах, асабліва ў Бразіліі, Індыі. Цяпер на сусветным рынку з'явіліся новыя рэсурсы. "Таму, мяркуем, прыросту цэн на цукар не павінна быць", — зазначыў ён.

Падводзячы вынікі работы харчовай прамысловасці за мінулую пяцігодку, Іван Данчанка падкрэсліў, што краіне ўдалося забяспечыць харчовую бяспеку па стратэгічных напрамках і стварыць шэраг канкурэнтных імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Сёння рэспубліка цалкам забяспечвае сябе цукрам, практычна адсутнічае імпарт тытунёвых вырабаў, на піўны рынак прыцягнутыя стратэгічныя інвестары, што дазволіла мінімізаваць імпарт гэтага напою і наладзіць вытворчасць ліцэнзійных гатункаў піва на тэрыторыі краіны.

Разам з тым, дасягнуты харчовай галіной узровень не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням сённяшняга часу, рэзервам, якія ёсць, і магчымасцям як па павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці з мэтай нарошчвання экспарту, так і замяшчэння імпарту ўнутры краіны. Іван Данчанка паведаміў, што на пасяджэнні ішла гаворка аб падваенні экспарту, больш поўнай загрузцы магутнасцяў і стварэнні новых. "Задачы напружаныя, але рэальныя, — кажа ён. — Я лічу, што мы зможам істотна дабавіць за кошт рэалізацыі прадукцыі харчовай прамысловасці на экспарт, а таксама прыцягнення прамых інвестараў".

Адным з прыярытэтаў развіцця галіны ў наступныя пяць гадоў стане стварэнне новых вытворчасцяў, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях. Шэраг з іх будуць уведзеныя за кошт унутраных рэзерваў, іншыя — з дапамогай прамых замежных інвестыцый. У прыватнасці, у мінулы аўторак быў падпісаны дагавор з нямецкай кампаніяй па будаўніцтве новага дражджавога камбіната да снежня будучага года ў Слуцку: аб'ём прамых інвестыцый складзе каля 25 мільёнаў еўра. Таксама актыўна вядуцца перагаворы па прыцягненні кітайскіх інвестыцый на будаўніцтва завода лімоннай кіслаты, разглядаецца пытанне будаўніцтва новага цукровага камбіната. Міншчына вядзе перагаворы з нямецкімі інвестарамі па развіцці Слуцкага плода-агародніннага камбіната. "Гэта значыць, патэнцыял ёсць, — падкрэсліў Іван Данчанка. — Тут патрэбныя і інвестары, і тавараправодная сетка, і новыя рынкі збыту. Урад такія задачы паставіў, будзем дзейнічаць".

Кіраўнік "Белдзяржхарчпрама" выказаў думку, што наша рэспубліка прывабная для інвестараў, якія гатовыя ўкладваць сродкі і ў кандытарскую галіну. Таму зараз актыўна абмяркоўваецца з украінскімі, фінскімі і нямецкімі кампаніямі будаўніцтва ў рэспубліцы новай кандытарскай фабрыкі. Паводле слоў Івана Данчанкі, Беларусь валодае высакаякаснай сыравінай для вырабу прысмакаў — шмат цукру, шмат малака, шмат пшаніцы. "Трэба толькі прывезці какаву, а астатняе мы маем", — канстатаваў ён. Між іншым, будуць нарошчвацца магутнасці і на іншых кандытарскіх фабрыках. Плануецца, што магутнасці ўжо дзейных прадпрыемстваў будуць павялічаныя ў паўтара раза. "Мы запрашаем сусветныя брэнды, каб можна было з беларускай сыравіны рабіць сапраўды якасныя брэндавыя вырабы", — дадаў Іван Данчанка.

Што ж датычыцца існуючай праблемы дэмпінгу ў кандытарскай галіне з боку ўкраінскіх вытворцаў, то з мэтай яе ўрэгулявання, паведаміў старшыня канцэрна, наша краіна разам з партнёрамі па Мытным саюзе вядзе перамовы з украінскімі калегамі. "Ва ўкраінскіх кандытараў ёсць элементы дэмпінгу, але ў рамках нормаў і правіл СГА гэтыя палажэнні будуць урэгуляваныя", — мяркуе ён.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←Отличный аргумент

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика