Дзмітрый Ус пра «амерыканку» і правакацыю ля Дома ўрада

Источник материала:  
22.12.2010 18:34 — Новости Политики
Паводле словаў кандыдата ў прэзідэнты, умовы ў ізалятары КДБ невыносныя: у маленькай камеры яму даводзілася спаць на падлозе, а ў прыбіральню выводзяць толькі двойчы на дзень.

Еўрарадыё: Што адбылося ў ноч з 19 на 20 снежня?

Дмітры Ус: Уначы 19 снежня мяне забралі ў КДБ. Распачатая крымінальная справа, была складзеная пастанова аб затрыманні паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу. Мяне пасадзілі ў турму КДБ. Знялі шнуркі, распранулі, абшукалі, забралі ўсе рэчы. Сказалі, што затрыманы на трое сутак у сувязі з тым, што было здзейсненае крымінальнае злачынства па факце правядзення мітынга.

Да абеда 20 снежня я знаходзіўся ў турме КДБ… 22 снежня зранку выклікаюць ізноў. Сказаў, што ў адвакаце пакуль няма сэнсу. Я спытаў следчага: ехаць за рэчамі, будуць «зачыняць» мяне? Сказаў, што, быццам, пакуль на волю, а потым невядома, што будзе адбывацца.

Еўрарадыё: Вы бачылі ў КДБ іншых кандыдатаў? Якія ўмовы ў камерах?

Дмітры Ус: Іншых кандыдатаў я не бачыў. Умовы нялюдскія, невыносныя для людзей.

У камеры памерам 3 на 4, а можа і меней, знаходзяцца 4 шконкі, было 5 чалавек, я спаў на падлозе. Там праслушка камеры стаіць. Там няма элементарнага, напрыклад, прыбіральні. Як сказалі сукамернікі, па неабходнасці выводзяць двойчы ў дзень — зранку і ўвечары.

У камеры ўмовы вельмі сціснутыя, руху няма, там не павярнуцца. Некаторыя знаходзяцца месяцы, а то і гады там. Умовы вельмі складаныя, асабліва для людзей сталага веку. Баюся за здароўе Някляева, ён можа там доўга не вытрываць.

Еўрарадыё: Якія былі адчуванні, калі вас прывезлі?

Дмітры Ус: Загад зверху прыйшоў, яны яго выконваюць. На іх тварах няма вялікага задавальнення займацца такой бруднай справай… Я бы сказаў, паставіліся з разуменнем і спачуваннем, што ў нас такое адбываецца.

Еўрарадыё: Да вас прыходзіў следчы?

Дмітры Ус: Прыходзіў, узялі падпіску аб нявыездзе, загадалі, каб увесь час знаходзіўся на сувязі з імі. Забралі пашпарт, тэлефон.

Еўрарадыё: Вы не падпісвалі падпіску аб неразгалошванні?

Дмітры Ус: Нічога я не падпісваў.

Еўрарадыё: Што будзе адбывацца далей?..

Дмітры Ус: Будзе помста. Рымашэўскаму, Саннікаву, Статкевічу, Някляеву ад Лукашэнкі будзе найпоўная помста…

Еўрарадыё: Вы асабіста асцерагаецеся, што вас могуць арыштаваць на нявызначаны тэрмін?

Дмітры Ус: Усё залежыць ад Лукашэнкі, спытайцеся ў яго. Ён скажа: усё ў адпаведнасці з законам. А закон у нас — Аляксандр Рыгоравіч. Стане з правай ці левай нагі, штосьці не спадабаецца, штосьці скажа — і ніхто нічога не здолее зрабіць. Ён не хоча ўладу аддаваць. Ды і не можа. Калі ісці ў дэмакратычную Еўропу, то запатрабуюць свабодных выбараў, лібералізацыі, а гэта яму нявыгадна, гэта страта ўлады, а гэта пацягне судовыя разборы. Таму ён будзе вымушаны падтрымліваць Расію, а яна будзе падтрымліваць яго нейкімі прэферэнцыямі.

Еўрарадыё: На вас асабіста ціснулі, шантажавалі?

Дмітры Ус:

Мяне пыталіся наконт Дома ўраду, сказалі, што пабітае шкло, шыбы, спыталі маё стаўленне да гэтых дзеянняў. Сказаў, што адмоўнае, сэнсу хуліганіць няма такім чынам. Я падпісаў дакумент-заяву, якую прачыталі, з нагоды гэты дзеянняў. Але я ўпэўнены, што гэта было зроблена спецслужбамі, каб Статкевіча, Саннікава прыцягнуць да адказнасці за жорсткае хуліганства, каб абвінаваціць у захопе ўрадавага будынка, які нікому не патрэбны.

Ён жа самы незалежны, ад яго нічога не залежыць увогуле!

Еўрарадыё: То бок вы падпісвалі літаральна толькі гэты дакумент пра асуджэнне «штурма»?

Дмітры Ус: Так. Я не бачу ніякай мэты ў «штурме». Вось на гэтай глебе раскруцілі «хуліганаў», «вандалаў», якія нібыта лезлі ў Дом ураду. А Аляксандр Рыгоравіч не ўпусціць момант, каб расправіцца і з Саннікавым, і са Статкевічам, і з Рымашэўскім, і з Някляевым…

Еўрарадыё: Чым гэта ўсё скончыцца?

Дмітры Ус: Расія зацікаўленая падмяць Лукашэнку пад сябе. Еўропа выбары дэмакратычнымі не прызнае, і ў гэтым выпадку Расія возьме Лукашэнку на строгі ашыйнік, і ён будзе рабіць тое, што ім ахвота, не будзе супраціўляцца. А калі будзе, то праз пару гадоў пачнуцца вялікія сацыяльныя праблемы. Калі ён будзе супраць Расіі, то яна яго хутка змяце, а калі змяце, то ён апынецца ў турме. Таму адзін выхад яму — падпарадкоўвацца, выконваць іх задачы.

Еўрарадыё: Лазавік заявіў, што скаргі ад кандыдатаў не прадбачацца.

Дмітры Ус: А што ЦВК? Ад яго ж нічога не залежыць, залежыць ад першай асобы. Усё вырашалася на мясцовых камісіях, да падліку не дапускалі, бюлетэні не паказвалі. Трэба, каб кожны бюлетэнь паказвалі назіральнікам і клалі ў стос канкрэтнага кандыдата. Не кажучы ўжо пра датэрміновае галасаванне. Яны ж могуць і 100% «намаляваць». Вось Лукашэнка нібыта атрымаў 80%, такую лічбу, якую я агучваў у сваім другім выступе. Тая інфармацыя, якая была ў мяне, пацвердзілася, пацвердзілася цалкам.

Падзяліцца навіной: 
Еўрарадыё

←Вашингтон надеется, что реакция США на события в Беларуси не повлияет на договоренность по урану

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика