Адпусцілі Алеся Пушкіна
Алесь Пушкін. Фота svaboda.org. |
Да Алеся Пушкіна раніцай 8 снежня зайшоў аднавясковец Віктар Лазарэвіч, які папрасіў ў мастака падарыць яму адну з карцін. Гаспадар выставіў нецвярозага мужчыну за дзверы. У выніку Лазарэвіч, раней судзімы, заявіў у міліцыі, што мастак збіў яго. Сведкам выступіў Юрый Вінаградаў, які нядаўна выйшаў з турмы. Нібыта ён праходзіў каля дома Пушкіна ў той час, як той збіваў Лазарэвіча.
У той жа дзень мастака затрымалі і адвезлі ў пастарунак у Крупкі. Там мастак абвясціў галадоўку і маўчанку. На суд яго насілі з сашчэпленымі рукамі ў кайданках.
У судзе яго паклалі на падлогу.Па яго словах, гэта выклікала істэрыку ў суддзі Вольгі Хома. Жанчына была вымушана пакінуць памяшканне, але пасля вярнулася. А размаўляць давялося ёй з сабой, бо Пушкін так не прамовіў ні слова. Пасля абвяшчэння выраку яго занеслі назад у камеру.
Мастак адзначае, што канваіры былі розныя. Адрозніваліся дзённыя ад начных. Апошнія прывыклі здзекавацца з людзей, і вялі сябе адпаведна. На іх дзеянні ён напісаў скаргу.
Алесь Пушкін разам з сям’ёй жыве ў в. Бобр Крупскага раёна. Перад выбарамі 2006 года яго пасадзілі на суткі, абвінаваціўшы ў хуліганстве. Такім чынам мясцовыя вертыкальшчыкі спрабуюць нейтралізаваць мастака перад масавымі палітычнымі акцыямі.
Сяргей Макарэвіч