Затрыманы лідэр «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, паведамляе радыё "Свабода". Гэта адбылося, як толькі хлопец выйшаў з пад’езда дома. Відавочцы паведамілі, што да яго падбеглі людзі ў цывільным.
Зміцер спрабаваў патлумачыць, што ў іх няма падставаў яго затрымліваць. Але хлопца скруцілі і закінулі ў мікрааўтобус сіняга колеру.
Паплечнікі Дашкевіча мяркуюць, што, паколькі затрыманне адбылося на тэрыторыі Фрунзенскага раёна, лідэр «Маладога фронту» ўтрымліваецца ў пастарунку Фрунзенскага РУУС.
Таксама міліцыянты сёння спрабавалі трапіць у жытло моладзевых актывістаў Змітра Хведарука, Міколы Дземідзенкі і Кацярыны Людвіг.
"Міліцыянты прасілі мяне адчыніць дзверы, каб "пагаварыць". Праўда, пра што -- не казалі", -- распавядае З.Хведарук. Ён не ведаў, ці на момант размовы з карэспандэнтам "НН" праваахоўнікі сышлі з яго пад"езда. Хведарук ацэньвае сённяшнія візіты і затрыманне Дашкевіча як спробу націснуць на актывістаў напярэдадні Плошчы.
СМ