Статкевіч: Сёння канчаткова стала зразумела, што выбараў у Беларусі няма
заявіў 14 снежня ў Гомелі кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
У
На сустрэчу з кандыдатамі прыйшлі прадстаўнікі мясцовай «вертыкалі» і БРСМ, якія спрабавалі адцягнуць увагу на сябе, патрабавалі выкласці праграму, шумелі, грукалі нагамі.
«Хамства — яно таксама капіруецца, як і нізкая культура, якая ідзе зверху»,— пракаментаваў Статкевіч выхадкі эксцэнтрычных дам, якія крычалі і забягалі на сцэну.
Ён паведаміў прысутным, што ўжо сёння назіральнікі фіксуюць масавыя фальсіфікацыі, і зазначыў, што гэта чакалася, бо 99% членаў выбаркамаў — ад дзейнай улады. Паводле слоў Статкевіча, датэрміновае галасаванне — канал для фальсіфікацый. Ён заклікаў гамяльчан галасаваць у дзень выбараў, а таксама ўключыцца ў выбарчы працэс і зарэгістравацца незалежнымі назіральнікамі.
Статкевіч паабяцаў, што 19 снежня ён будзе на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску і не падвядзе тых, хто на яго спадзяецца.Гамяльчане пыталіся ў Статкевіча аб яго магчымых кантактах з дзяржаўнымі чыноўнікамі, лёсе беларускай мовы, успаміналі зніклых палітыкаў.
Дзмітрый Ус паведаміў аб тым, чаму і як трэба змяніць выбарчае заканадаўства, аб прынцыпах фарміравання ўчастковых камісій.
«Выдатныя ўражанні, цудоўныя людзі, якія прыйшлі самі, а не па разнарадцы, цудоўная сустрэча,нават страшна за той давер і тыя спадзяванні, якія людзі ўскладаюць на мяне і іншых кандыдатаў, на перамены. У людзей з’яўляецца надзея, пакуль асцярожная. Вельмі важна рэалізаваць гэтую надзею, каб людзі потым не адчувалі, што ім здрадзілі», — заявіў Статкевіч.
Асаблівасцю сустрэчы ён назваў «колькасць прысланых сюды органамі ўлады выбаршчыкаў». «Але гэта не перашкаджае мне. Яны, гэтыя дамы ад адукацыі, якія павінны быць інтэлігентнымі, сваімі крыкамі прыніжаюць сябе», — заявіў палітык.
Кажучы аб мерапрыемстве 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы, кандыдат выказаў меркаванне, што трэба «прымусіць уладу пасля гэтага дня лічыцца з беларускім народам — як мінімум, як максімум — у Беларусі з’явіцца больш прыстойная ўлада».
Алена Германовіч, БелаПАН